СМІ падазраюць дыверсію ў абодвух выпадках.
Першы выпадак адбыўся ўначы на 1 чэрвеня ў Жалезнагорскім раёне Курскай вобласці, дзе абрынуўся чыгуначны мост з грузавым лакаматывам.
Кіраўнік Курскай вобласці Аляксандр Хінштэйн паведаміў, што частка таварнага цягніка ўпала на дарогу пад мостам. У выніку здарэння пацярпелі не менш як трое асобаў, брыгаду машыністаў даставілі ў лякарню. Вядома, што ў аднаго з іх пашкоджаныя ногі.
Аўтамабільная дарога пад мостам перакрытая. З папярэдняй інфармацыі, прычынаю здарэння магла стаць дыверсія.
Тым часам таксама ўначы на 1 чэрвеня ў Бранскай вобласці абрынуўся аўтамабільны мост, у выніку ўніз зляцела фура, што праязджала па мосце. Гэта прывяло да таго, што з рэек сышлі 4 вагоны з лакаматывам пасажырскага цягніка «Клімава – Масква».
Аварыя адбылася а 22:44 на перагоне Пільшына – Выганічы. У выніку катастрофы загінулі 7 асобаў, 69 атрымалі раненні, 44 шпіталізаваныя, трое з іх маюць цяжкі стан. Сярод загінулых нібыта ёсць машыніст і памочнік машыніста, а сярод пацярпелых – трое дзяцей.
Маскоўская чыгунка абвінаваціла ў здарэнні «незаконнае ўмяшанне ў дзейнасць транспарту», якое прывяло да абвальвання пралётнай будовы аўтамабільнага мосту.
Раніцай 1 чэрвеня гэтую інфармацыю пацвердзіў губернатар Бранскай вобласці.
«Адбыўся падрыў мосту падчас руху цягніка «Клімаў – Масква», дзе было 388 пасажыраў. На гэты час сем асобаў загінулі, трое дзяцей атрымалі раненне», – заявіў Аляксандр Багамаз у эфіры «Россия 24».
Для пасажыраў цягніка арганізавалі пункт часовага размяшчэння на станцыі «Выганічы» і раніцай 1 чэрвеня іх адправілі ў Маскву рэзервовым цягніком. У сувязі з ДТЗ пасажырам паабяцалі кампенсаваць кошт праезду.
Са звестак тэлеграм-каналу «Shot», абодва масты маглі быць падарваныя праз самаробную выбухоўку, закладзеную ў канструкцыю мосту.
UPD. Следчы камітэт Расеі пасля выдаліў пост, у якім назваў ЧП на чыгуначнай дарозе ў Курскай і Брянскай чыгунцы падрывамі, звярнуў увагу «Вот так». Каментар афіцыйнага прадстаўніка СК Святланы Пятрэнка быў зменены: у новай публікацыі ў тэлеграм-канале ведамства інцыдэнт ужо не называецца падрывам.
Тэса Анэйда belsat.eu