навіны

Кіраўнік СБУ павёў, як рыхтавалі і праводзілі аперацыю «Павуціна»

Васіль Малюк са схемай аперацыі «Павуціна»
Васіль Малюк са схемай аперацыі «Павуціна». Фота: Telegram / Бабель
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік Службы бяспекі Украіны генерал-лейтэнант Васіль Малюк апавёў пра некаторыя дэталі аперацыі «Павуціна», праведзенай 1 чэрвеня, падчас якой былі пашкоджаныя і знішчаныя дзясяткі самалётаў расейскай стратэгічнай авіяцыі на аэрадромах Расеі далёка ў тыле.

Малюк называе аперацыю беспрэцэдэнтнай ды ўнікальнай і пацвярджае, што яе правяла Служба бяспекі Украіны. Вынікам «Павуціны» сталася знішчэнне дронамі 41 самалёта, сярод якіх – А-50, Ту-95, Ту-22 М3 і Ту-160.

,,

«Знішчэнне варожых бамбавікоў – гэта заданне, якое перад намі паставіў прэзідэнт Украіны, вярхоўны галоўнакамандуючы Уладзімір Зяленскі. Ён асабіста кантраляваў хаду спецаперацыі, якую рыхтавалі супрацоўнікі Службы бяспекі. Вораг амаль штоноч бомбіць нашую дзяржаву з тых самалётаў, і сёння на справе адчуў, што «адплата непазбежная». СБУ робяць і будуць рабіць усё магчымае, каб абараніць Украіну і спыніць расейскія абстрэлы», – зазначыў кіраўнік СБУ.


Васіль Малюк узначальваў працоўную каманду, якая рыхтавала спецаперацыю «Павуціна» больш за паўтара года.


Дроны СБУ паразілі мішэні адразу на чатырох вайсковых аэрадромах РФ – «Белая», «Дягилево», «Оленья», «Иваново» ў Мурманскай, Іванаўскай, Разанскай і Іркуцкай вобласцях. Сібірскі рэгіён зазнаў абстрэл упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.


«Агулам гаворка пра пашкоджанне 34 % стратэгічных носьбітаў крылатых ракетаў на асноўных аэрадромах базавання РФ. Гэта быў не проста знішчальны ўдар па варожай авіяцыі, а сур’ёзная аплявуха па магутнасці і тэрарыстычнай сутнасці РФ», – кажа Малюк.


OSINT-аналітык Крыс Бігерз раніцаю 2 чэрвеня апублікаваў спадарожнікавыя здымкі аэрадрому «Белая» ў Іркуцкай вобласці пасля ўдару ўкраінскіх дронаў. Яны зробленыя з дапамогаю радару з сінтэзаванай апрэтурай (SAR), які дазваляе «бачыць» аб’екты на Зямлі скрозь аблокі. З фотаздымкаў вынікае, што на авіябазе былі знішчаныя 4 стратэгічныя бамбавікі Ту-95 і столькі ж Ту-22.


Прыблізны кошт пашкоджанай стратэгічнай авіяцыі Расеі перавышае 7 мільярдаў долараў ЗША.


Паводле Васіля Малюка, спецаперацыя «Павуціна» адбывалася адначасова ў трох часавых паясах і была надзвычай складаная з пункту гледжання лагістыкі. Спачатку СБУ скіравалі ў Расею fpv-дроны, а пазней – мабільныя драўляныя збудаванні. Ужо на тэрыторыі РФ дроны былі схаваныя пад дахі гэтых збудаванняў і размешчаныя ў грузавых аўтамабілях. У патрэбны момант дахі гэтых будынкаў дыстанцыйна адчынілі, а дроны паляцелі збіваць вызначаныя цэлі – расейскія бамбавікі.

,,

«Згодна з законамі і звычаямі вайны, мы адпрацавалі абсалютна законныя цэлі – вайсковыя аэрадромы і авіяцыю, якая бомбіць нашыя мірныя гарады. Таксама з нашага боку адбываецца рэальная дэмілітарызацыя РФ, бо мы знішчаем толькі вайсковыя мішэні. І нашыя ўдары будуць працягвацца роўна столькі, колькі РФ будзе тэрарызаваць украінцаў ракетам і «шагэдамі», – кажа кіраўнік СБУ. – <…>. Вораг думаў, што можа беспакарана і бясконца бамбіць Украіну і забіваць украінцаў. Але гэта не так. Мы будзем адказваць на расейскі тэрор і знішчаць ворага паўсюль – на моры, у паветры і на зямлі. А калі трэба – дастанем з-пад зямлі».


Чытайце таксама:
Аперацыя СБУ: момант атакі на расейскую авіябазу. 1 чэрвеня 2025 года. Скрыншот: generalstaff_ua / Telegram

«Масква ў пэўным шоку». СБУ атакавала ў Расеі 40 вайсковых самалётаў

СБУ таксама сцвярджае, што асобы, датычныя да аперацыі, ужо ва Украіне.


Уладзімір Зяленскі назваў аперацыю «абсалютна ўнікальнай» і раскрыў, што «офіс» арганізатараў на тэрыторыі Расеі быў «беспасярэдне побач з упраўленнем ФСБ у адной з вобласцяў».


Расейскае Міністэрства абароны назвала здарэнне тэрактам. Афіцыйнай рэакцыі расейскага кіраўніцтва на напады пакуль не было.


Перад атакаю на авіябазы ў Расеі адбылося некалькі здарэнняў на цывільнай інфраструктуры. У Выганіцкім раёне Бранскай вобласці аўтамабільны мост абрынуўся на чыгунку ў момант, калі ехаў пасажырскі цягнік. У выніку загінулі 7 чалавек, пацярпелі 66, з іх шпіталізаваныя 47.


Інцыдэнт адбыўся на ўчастку чыгункі, праз які ходзіць цягнік Менск – Анапа. З увагі на здарэнне маршрут гэтага цягніка часова змянілі.


Іншы мост, чыгуначны, абрынуўся ў Жалезнагорскім раёне Курскай вобласці ў момант праезду лакаматыва грузавога цягніка. Пацярпела лакаматыўная брыгада: машыніст і два ягоныя памочнікі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10