Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца 1197 дзён. На ўкраінскай зямлі сітуацыя застаецца ранейшай, у перамовах няма прагрэсу, але на тэрыторыі Расеі адбылася істотная эскалацыя. «Белсат» пераказвае, што кажуць пра вайну 4 чэрвеня.
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны налічыў за мінулы дзень, 3 ліпеня, 178 баявых сутыкненняў. Гэта не рэкордная, але высокая інтэнсіўнасць баёў, яна паступова падвышаецца з канца лютага.
Найбольш сутыкненняў па-ранейшаму на пакроўскім напрамку, шмат на курскім, ліманскім, навапаўлаўскім і тарэцкім. На курскім напрамку расейскім войскам, як сцвярджае маніторынгавы праект «Deep State», удалося захапіць чарговыя два паселішчы ў Сумскай вобласці Украіны, а Украіна кантралюе хіба зусім малыя часткі тэрыторыі Расеі, каля 5,5 км². Сітуацыю на Сумшчыне ва Украіне называюць кантраляванай.
,,Страты Расеі наблізіліся, паводле падлікаў Генштабу ЗСУ, да 992 тыс. чалавек забітымі і цяжка параненымі. За мінулы дзень Расея страціла яшчэ 1020 чалавек, тры танкі, сем бронемашынаў, 88 артылерыйскіх сістэмаў, 123 адзінкі аўтамабільнай і дзве адзінкі спецыяльнай тэхнікі. Пры росце інтэнсіўнасці баёў штодзённыя страты Расеі ў жывой сіле і танках паступова запавольваюцца.
Расея працягвае біць па Украіне ракетамі і беспілотнікамі. За мінулую ноч Паветраныя сілы Украіны зафіксавалі запуск 95 расейскіх дронаў тыпу іранскіх «Shahed». Збіць удалося 36, яшчэ 25 БПЛА былі «лакацыйна страчаныя» без наступстваў. Гэта значыць, 34 беспілотнікі збіць не ўдалося. У сямі мясцінах былі траплянні «шагэдаў». Днём раней Расея запусціла 112 «шагэдаў», збіць удалося 60, 15 былі страчаныя, траплянні былі ў 11 мясцінах.
Паралельна з «шагэдамі» Расея б’е па Украіне іншымі сродкамі. За мінулы дзень Генштаб ЗСУ налічыў тры ракетныя ўдары Расеі з ужываннем чатырох ракетаў, 77 авіяцыйных удараў з ужываннем 101 кіраванай авіябомбы, 6111 абстрэлаў, з якіх 90 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, 3669 запускаў дронаў-камікадзэ рознага тыпу.
4 чэрвеня Расея нанесла ракетны ўдар па тэрыторыі навучальнага падраздзялення на Палтаўшчыне, дзе ў гэты час трэнаваліся вайскоўцы. Ёсць параненыя, але абышлося без забітых. Ад расейскіх атак былі пацярпелыя таксама ў Адэсе, Сумах, Харкаве і Херсоне; у Херсоне загінуў 49-гадовы мужчына. Б’юць не толькі ў людзей і не толькі ў вайсковыя прадпрыемствы: гэтак, вечарам 1 чэрвеня кіраваная авіябомба знішчыла элеватар буйнога аграхолдынгу.
Ва Украіне 4 чэрвеня адзначаюць Дзень памяці дзяцей, забітых праз расейскую агрэсію. Офіс Генеральнага пракурора Украіны налічыў 631 дзіця, забітае ў выніку поўнамаштабнага ўварвання Расеі, а таксама 1975 параненых дзяцей. Пасля ўчорашняга ўдару па Сумах з рэактыўных сістэмаў залпавага агню трое дзяцей застаюцца ў цяжкім стане.

На тэрыторыі Расеі вайна мяняецца. Адных гэта цешыць, другіх непакоіць
У апошнія тыдні Украіна адчувальна павялічыла колькасць атак беспілотнікамі на вайсковыя і вайскова-прамысловыя аб’екты ў Расеі, у тым ліку ў Падмаскоўі, а 1 чэрвеня правяла маштабную аперацыю «Павуціна» ў глыбокім тыле Расеі: дроны, якія выляталі з непрыкметных фураў, знішчылі або пашкодзілі больш як 40 расейскіх вайсковых самалётаў, у тым ліку стратэгічныя бамбавікі. Да таго ж, Служба бяспекі Украіны заявіла пра падрыў апоры Крымскага мосту, які злучае Расею з акупаваным украінскім Крымам; масты таксама абрыналіся ў Бранскай і Курскай вобласцях. На дадатак спецслужбы Украіны распавядаюць, што ўзламалі рэсурсы расейскага канструктарскага бюро «Туполев» і атрымалі самыя розныя дакументы: ад службовай перапіскі і пратаколаў закрытых нарадаў да дакументаў пра закупкі і адрасоў інжынераў.
Аперацыя «Павуціна» асабліва ўразіла многіх за межамі Украіны. Былы амбасадар Злучаных Штатаў ва Украіне Джон Гэрбст параўнаў аперацыю «Павуціна» з падрывам пэйджараў «Хізбулы», амерыканскі сенатар Рычард Блумэнтал – з ліквідацыяй лідара тэрарыстаў «Аль-Каіды» Усамы бін Ладэна, а CNN паставіў яе ў адзін шэраг з патапленнем крэйсера «Масква».

Як піша «Bloomberg», атака раззлавала і ўстрывожыла Крэмль. Прапаганда рэагавала па-рознаму: пакуль у навінах на тэлеканале «Россия 1» пра атаку амаль не расказвалі, прапагандыст Уладзімір Салаўёў дайшоў да закліку расстраляць салдата, які апублікаваў відэа з самалётамі ў агні.
У NATO лічаць гэтую аперацыю СБУ вельмі паспяховай, перадае «Європейська правда» словы прадстаўніка кіраўніцтва Альянсу, які размаўляў на ўмовах ананімнасці. На афіцыйным узроўні такіх заяваў не рабілі, але генеральны сакратар NATO Марк Рутэ адзначыў, што самалёты, якія атакавала Украіна, выкарыстоўваліся для атак на нявінных людзей ва ўкраінскіх гарадах і сёлах.
Тым часам спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША ў справе Украіны Кіт Келаг выказаў у інтэрв’ю «Fox News» занепакоенасць: маўляў, калі атакаваць стратэгічныя бамбавікі, то бок частку «ядравай трыяды», гэта падвышае ўзровень рызыкі да непрымальнага, бо можа выклікаць непрадказальны адказ другога боку.
Перамовы не прыводзяць да спынення агню, Зяленскага чакаюць на саміце NATO
Сам прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не каментаваў аперацыі. Калі ягоную прэс-сакратарку спыталі, што Трамп думае пра «Павуціну», яна адказала:
,,«Рэакцыя такая, што гэтая вайна павінна скончыцца. Гэтая вайна была брутальнай з абодвух бакоў, і зашмат людзей загінула. Прэзідэнт хоча, каб гэтая вайна спынілася за сталом перамоваў, і ён выразна давёў гэта да абодвух бакоў публічна і прыватна». У вайне ён, паводле прэс-сакратаркі, вінаваціць свайго папярэдніка Джо Байдэна.
Перамовы Расеі і Украіны ў Стамбуле не прывялі да згоды. Адказу на ўкраінскія прапановы Расея не давала. Украіне Расея перадала свае патрабаванні, каб спыніць агонь: аддаць тэрыторыі, якіх Расея не можа захапіць; зняць санкцыі з Расеі; абмежаваць абараназдольнасць Украіны… З добрых навінаў – Расея пагадзілася на наступны абмен палоннымі «500 на 500», ён можа адбыцца ўжо на найбліжэйшых выходных.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць патрабаванні Расеі ўльтыматумам і заяўляе, што Уладзімір Пуцін спрабуе давесці Трампу, што гэтыя патрабаванні выканальныя, хоць ведае, што яны напраўду невыканальныя. Зяленскі прапаноўвае Пуціну прыпыніць агонь да асабістай сустрэчы і кажа пра гатовасць да такой сустрэчы ў любы дзень.

NATO тым часам запрасіла Украіну і Зяленскага на свой саміт 24–25 чэрвеня ў Гаазе. У якім фармаце будзе ўдзельнічаць Зяленскі, невядома: паводле «Agence France-Presse», там думаюць, як запрасіць асабіста Зяленскага, каб гэта не выклікала раздражнення Трампа. Адзін з варыянтаў, які назвалі ананімныя дыпламаты, гэта запрашэнне Зяленскага на вячэру, якую кароль Нідэрландаў ладзіць для лідараў дзяржаваў NATO, бо поўная адсутнасць Зяленскага на саміце будзе «піяр-катастрофай».
Зяленскі тым часам абмеркаваў з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам вынікі свайго візіту ў Нямеччыну і рэалізацыю дамоўленасцяў, расказаў яму пра вынікі расейска-ўкраінскіх перамоваў. Таксама Зяленскі звярнуўся да ўдзельнікаў паседжання партнёраў у фармаце «Рамштайн».
Гэтае паседжанне, а таксама будучае паседжанне Рады Украіна – NATO, прапускае кіраўнік Пэнтагону. Пра новыя пакеты дапамогі Украіне з боку ЗША гаворкі не вядзецца – у медыях выказваюць надзею хаця б на новыя амерыканскія санкцыі супраць Расеі. Новую вайсковую дапамогу Украіне пакуль даюць іншыя партнёры.
«Czechoslovak Group» амаль завяршыла будаўніцтва лініі вытворчасці снарадаў калібру 155 мм ва Украіне. Украінскія прадпрыемствы абаронна-прамысловага комплексу валодаюць значным вытворчым патэнцыялам, але маюць патрэбу ў стабільным фінансавым падтрыманні, даводзіць Украіна еўрапейскім партнёрам.
Удома Зяленскі працягвае вайсковыя кадравыя перастаноўкі: прызначыў Міхайлу Драпатага новым кіраўніком Аб'яднаных сілаў, змяніў кіраўнікоў Дэсантна-штурмавых войскаў і Сілаў беспілотных сістэмаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu