Украінская атака 1 чэрвеня на расейскія аэрадромы стратэгічнай авіяцыі не толькі вывела вайну на новы ўзровень, але і паставіла пытанне і для заходніх краінаў адносна бяспекі ўжо іхных базаў. Пра гэта піша «The New York Times».
Украіна «цяпер вывела вайну на новы ўзровень», сказала Эвэлін Фаркас, экс-намесніца памочніка міністра абароны ЗША ў пытаннях Расеі, Украіны і Еўразіі. Паводле яе, украінская аперацыя паказала, што «цяпер можна каардынаваць беспілотнікі для дасягнення стратэгічнага эфекту».
Кацярына Сцепаненка, аналітык у пытаннях Расеі ў Інстытуце вывучэння вайны, сказала, што ўдары паказваюць, што «ў Расеі няма бяспечнага месца», і што Украіна «фармуе новы тып вайны».
Высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік заявіў, што яшчэ занадта рана ацэньваць поўны эфект украінскай аперацыі, бо расейцы могуць адрамантаваць некаторыя з пашкоджаных самалётаў. Дый у цэлым, хоць беспілотнікі нанеслі «значную» шкоду, сама атака не прымусіць Расею скараціць свае наступальныя аперацыі ва Украіне.
Чыноўнік у пытаннях абароны адной з краінаў NATO ў Еўропе сказаў, што ўдары Украіны ўжо прывялі да абмеркаванняў таго, ці трэба хаўруснікам пераацэньваць свае ўразлівасці. А Сэм’юэл Бэндэт, эксперт у расейскіх беспілотніках ды іншай зброі ў Цэнтры вайскова-марскога аналізу, сказаў, што «мы паступова прыходзім у сябе» ў дачыненні пагрозаў, што нясуць для амерыканскіх вайсковых базаў беспілотнікі.
,,«Калі гаворка ідзе пра буйныя вайсковыя базы, на ўзлётна-пасадачнай паласе якіх ёсць шмат самалётаў, урок украінскай атакі палягае на тым, што такі ўдар можа адбыцца ў любы момант», – сказаў Бэндэт, назваўшы малаімавернаю комплексную абарону амерыканскіх базаў ад такіх атак.
Джэймз Пэтан Роджэрз, эксперт у беспілотных войнах у Карнэльскім універсітэце, сказаў, што заходнія дзяржавы асабліва ўразлівыя на шматлікіх вайсковых базах, асабліва на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, дзе шэраг экстрэмісцкіх груповак і іншыя ўмовы мясцовасці робяць практычна немагчымаю стандартную абарону.
Што да адказу Расеі, амерыканскія афіцыйныя асобы чакаюць, што Масква можа аднавіць удары беспілотнікаў па цывільных аб'ектах, уразіць энергасістэму або запусціць новыя хвалі балістычных ракетаў сярэдняй далёкасці.
1 чэрвеня СБУ завяршыла аперацыю «Павуціна», якую рыхтавала паўтара года: дроны, прывезеныя фурамі да аэрадромаў у чатырох расейскіх рэгіёнах, атакавалі самалёты стратэгічнай авіяцыі. Вайсковы аналітык Ян Мацвееў у эфіры «Вот Так» назваў акцыю «гістарычнаю з гледзішча спецслужбаў» і паразважаў, якім можа быць адказ Расеі.
Якуб Хруст belsat.eu