навіны

На Магілёўшчыне перахапілі грузавік з кантрабанднаю бульбаю, якую везлі ў Расею

Бульба
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Індывідуальны прадпрымальнік з РФ хацеў вывезці з Беларусі бульбу, але мытнікі грузавік з бульбаю затрымалі, бо дазволу на яе вываз з Беларусі не было.

Як паведамляюць мытнікі, у грузавіку было 35 тонаў бульбы. Яе кошт ацанілі на суму, большую за 47 тысяч рублёў (больш за 14 тысяч долараў). Магілёўская мытня распачала ў дачыненні расейца адміністратыўны працэс «за парушэнне парадку транспартавання прадукцыі».


Камітэт дзяржкантролю разгледзіць пытанне наконт прыцягнення прадпрымальніка да адказнасці паводле адміністратыўнага артыкулу «Ажыццяўленне замежнагандлёвай дзейнасці без аформленых у вызначаным парадку дазвольных дакументаў».


Нагадаем, у снежні мінулага года ўрад Беларусі на тры месяцы ўвёў ліцэнзаванне вывазу бульбы за мяжу. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.


Мэта – забяспечыць у поўным аб'ёме ў міжсезонны перыяд унутраны рынак сельскагаспадарчай прадукцыяй. Ліцэнзіі на вываз выдае МАРГ на падставе ўзгаднення з Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам.


Пры гэтым пастанова аб магчымасці выдаць такую ліцэнзію прымаецца, зыходзячы з ацэнкі суадносінаў свабодных рэсурсаў бульбы ў Беларусі і патрэбы краіны ў ёй на момант узгаднення ліцэнзіі.


Нагадаем таксама, што ў лютым 2022 года ў Беларусі ўводзіліся ліцэнзіі на вываз цыбулі, капусты і яблыкаў, у снежні 2023-га – толькі на цыбулю і яблыкі. У жніўні 2024 года пад ліцэнзаванне трапілі таматы на перыяд з 1 лістапада 2024 года да 2 сакавіка 2025-га.


Вядома, што ў мінулым годзе ўраджай бульбы ў Беларусі склаў каля 900 тысяч тонаў. Гэта менш, чым у 2023 годзе, калі было сабрана больш за 1 мільён тонаў. Ураджайнасць склала 306 цэнтнераў з гектара (у 2023 годзе – 359 цэнтнераў).


У лістападзе намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка казаў, што на экспарт плануецца адправіць каля 300 тысяч тонаў бульбы.


«BELPOL» паведамляў, што арганізацыя атрымала доступ да дакументаў, якія сведчаць, што ў беларускіх крамах не стае гародніны.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10