У літоўскім Сейме адбылася сустрэча Офісу Святланы Ціханоўскай і міжфракцыйнай дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Гаворка ішла пра беларускіх добраахвотнікаў у Літве, інтэграцыю беларусаў у мясцовае грамадства і так званы ліцвінізм.
У паседжанні ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці, дэпутаты літоўскага Сейму і прадстаўнікі камітэту міжнародных справаў. Абмяркоўваліся некалькі актуальных для беларусаў пытанняў:
• статус беларускіх добраахвотнікаў у Літве;
• праблемы ў галіне адукацыі;
• як лепш інтэграваць беларусаў у літоўскае грамадства;
• узгадненне і падпісанне мемарандуму аб супрацы паміж Сеймам Літвы і дэмакратычнымі сіламі Беларусі як важнага прававога пагаднення;
• супольная заява пра так званы ліцвінізм.
,,«Мы гаворым пра дэдлайны, што да пяцігоддзя беларускай рэвалюцыі было б пажадана ўзгадніць і падпісаць мемарандум аб супрацы паміж Сеймам Літвы і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта важнае прававое пагадненне. Па-другое, застаецца ў парадку дня рэфлексія, супольная заява аб так званым ліцвінізме. Праекты гэтых дакументаў сёння разглядаліся. Наступны крок – іх будуць разглядаць на палітычных фракцыях і на камітэце ў міжнародных пытаннях. Ішла дыскусія пра статус добраахвотнікаў у Літве, гаварылі пра адукацыйныя праблемы, як лепш інтэграваць беларусаў у Літоўскай Рэспубліцы і што трэба рабіць, каб трымаць у парадку дня тых беларусаў, якія застаюцца на сённяшні дзень у Беларусі», – распавёў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справе канстытуцыйнай рэформы і супрацы з парламенцкай супольнасцю Анатоль Лябедзька.
Апошнім часам беларускія дэмакратычныя сілы рэгулярна закранаюць на сустрэчах у літоўскім Сейме тэму «ліцвінізму», якая з 2023 года пашыраецца ў літоўскіх медыях. У гэты панятак укладаецца нібыта прысвойванне беларусамі сабе літоўскай спадчыны ды сцвярджэнне, што сапраўдныя ліцвіны – гэта беларусы. У той жа час дакладнага вызначэння «ліцвінізму» ніхто даць не можа. Ёсць думка, што інфармацыйныя атакі на тэму «ліцвінізму» праводзяць спецслужбы Аляксандра Лукашэнкі, «каб распаліць канфрантацыю паміж беларусамі, якія жывуць у Літве, і літоўскім грамадствам».
Марыя Міхалевіч belsat.eu