навіны

У гульнях з’явіцца агрэсіўная прапаганда Крамля. Эксперт пра «жабагадзюкінг» з «Миром танков»

Ваява з танкам на Краснай плошчы ў Маскве. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: lesta.ru
Ваява з танкам на Краснай плошчы ў Маскве. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: lesta.ru
podpis źródła zdjęcia

Улады Расеі нацыяналізавалі кампанію «Леста игры», якая пасля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны аддзялілася ад беларускай кампаніі «Wargaming». Кіраўніцтва цяпер дзвюх асобных фірмаў прызнанае ў РФ экстрэмістамі. Аналітык Яраслаў Кот называе гэта сігналам для іншых кампаніяў, каб яны найхутчэй выводзілі свае інвестыцыі, а таксама знакам таго, што нацыяналізаваную кампанію будуць актыўна выкарыстоўваць у прапагандзе.

Таганскі суд Масквы забараніў паводле пазову Генпракуратуры Расеі дзейнасць распрацоўнікаў папулярнай гульні «World Of Tanks» у сувязі з нібы ажыццяўленнем экстрэмісцкай дзейнасці. Суд прызнаў уладальніка «Wargaming» Віктара Кіслага і ўласніка студыі «Леста игры» Маліка Хатажаева ўдзельнікамі «экстрэмісцкага аб'яднання».

Таксама суд перадаў у даход дзяржавы 100 % доляў у статутным капітале ТАА «Леста», ТАА «Леста Геймс Эдженси» і ТАА «Леста Геймс Москва». Першы намеснік старшыні IT-камітэту Дзярждумы РФ Антон Гарэлкін заявіў, што «ў хуткім часе актывы "Леста игры" пяройдуць пад кантроль дзяржавы, а затым, хутчэй за ўсё, будуць перададзеныя профільнай расейскай кампаніі».

Распрацоўнікаў гульні «World Of Tanks» абвінавацілі ў падтрыманні ЗСУ. У якасці доказаў «экстрэмісцкай дзейнасці» Генпракуратура РФ прыводзіла публікацыі пра тое, што «самая ваенная гульня "World Of Tanks" супраць спецаперацыі Расеі» і што кампанія «Wargaming» запусціла дабрачынны праект з украінскім кантэнтам у гульнях для збору на рэанімабілі.

«Леста игры» ўсе абвінавачванні адпрэчыла, заявіўшы, што актыўна падтрымлівае расейскую агрэсію. Кампанія апублікавала граматы і падзякі ад розных праваенных арганізацыяў і расейскіх вайскоўцаў за дапамогу ім. Як заяўляецца, кампанія раней не казала пра сваю прарасейскую пазіцыю выключна з увагі на ліцэнзійныя рызыкі і пагрозу санкцыяў.

Што за «Леста игры»?

«Леста игры» – пецярбургская студыя, што кіруе ў Расеі праектамі «Мир танков», «Мир кораблей» і «Tanks Blitz». Раней студыя ўваходзіла ў склад «Wargaming» – кампаніі беларускага бізнесоўца Віктара Кіслага, распрацоўніка «World Of Tanks», «World of Warships» і іншых гульняў.

Гульні кампаніі «Леста игры». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Lesta Games / VK
Гульні кампаніі «Леста игры». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Lesta Games / VK
Чытайце таксама:
Кубак Першага канала ў Расеі ад «Леста Игры». Крыніца: t.me/official_mirtankovru

У Менску адмянілі фестываль танкаў ад «Lesta» да Дня Перамогі?

Пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе кампанія «Wargaming» сышла з Беларусі і Расеі, перадаўшы лакальны бізнес пад кіраванне «Леста игры». Тады ж адбыўся рэбрэндынг «World Of Tanks» і іншых гульняў пад «Мир танков», «Мир кораблей» і «Tanks Blitz».

Калі ў кастрычніку 2023 года «Wargaming» запусціў дабрачынную ініцыятыву для гуманітарнай дапамогі Украіне, «Леста игры» ад гэтага дыстанцавалася, падкрэсліўшы, што праекты студыі «па-за палітыкай» і не звязаныя з іншымі гульнямі падобнай тэматыкі. Але, як прызналася цяпер сама кампанія, яна падтрымлівала расейскія войскі.

У «Wargaming» з’явіцца канкурэнт-копія

Прадстаўнік даследчага цэнтру «MD Academicum» Яраслаў Кот у каментары «Белсату» адзначыў, што з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну вялікая частка топ-менеджараў «Wargaming» сапраўды падтрымала вайну. Сярод іх – і генеральны прадзюсар Сяргей Буркатоўскі, і SEO кампаніі ў Беларусі Аляксандр Зязюлін, і іншыя. Нават Малік Хатажаеў, які пазней узначаліў «Леста игры» і цяпер прызнаны «экстрэмістам», у першыя месяцы пасля пачатку вайны дамовіўся пра супрацу з «ВКонтакте», у тым ліку пра прасоўванне прарасейскіх наратываў на гульнявы рынак.

Калі ж кампаніі падзяліліся і «Wargaming» сышоў з Беларусі і Расеі на Захад, то пастараўся як мага больш «адсекчы ўсё, што датычыць Расеі», і стала прасоўваць праўкраінскія наратывы. Але Хатажаеў у РФ працягваў актыўна супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі і прасоўваць прарасейскія наратывы, сказаў Кот. Пры гэтым, дадаў ён, паміж кампаніямі захоўваліся сувязі праз фірмы-пракладкі, «як быццам яны не звязаныя», але людзі ў Беларусі і Расеі працавалі над гульнямі для «Wargaming». Тое самае датычыць і шэрагу іншых кампаніяў у Беларусі і Расеі, падкрэсліў эксперт.

,,

«Для вялікай колькасці бізнесоўцаў гэта як гульня. Мы паводле правілаў гулялі. Але калі ідзе вайна, правілаў няма, і калі краінай кіруе дыктатура, там нават яшчэ менш бяспечна. І гэтая гульня ў сядзенні на двух крэслах не праходзіць», – сказаў Кот, маючы на ўвазе рэпрэсіі, якія закранулі расейскую кампанію.


Паводле яго, змаганне з такім падваеннем было толькі пытаннем часу. Яраслаў Кот мяркуе, што зараз Расея з дапамогаю нацыяналізацыі кампаніі будзе яшчэ мацней прасоўваць свае наратывы праз гульні – «з больш агрэсіўным парадкам дня, з больш агрэсіўным прасоўваннем».

«Там будуць і парады, і "на Кіеў". Так што зараз "Wargaming" у цяжкай сітуацыі, бо ў іх зараз атрымліваецца канкурэнт, які копія іх саміх», – сказаў Кот.

Хлопчык гуляе ў «World of Tanks». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Міхал Варгін / East News
Хлопчык гуляе ў «World of Tanks». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Міхал Варгін / East News

У цэлым рэпрэсіі супраць Хатажаева Кот назваў «жабагадзюкінгам», бо ўласнік «Лесты» выявіўся не настолькі лаяльным Крамлю, як тыя, хто з ім змагаецца. На думку эксперта, гэтая нацыяналізацыя таксама будзе сігналам «Wargaming» больш рашуча абраць бок у гэтым супрацьстаянні. У тым ліку і таму, што праз супрацу з кампаніямі ў Расеі і Беларусі можна ў выніку сутыкнуцца з ціскам і ў еўрапейскіх краінах – зрабіцца «ворагам для абодвух бакоў».

Суразмоўца не выключае, што неўзабаве ўлады Расеі могуць дайсці і да іншых бізнесаў. А таму, паводле яго, гэтая пастанова ў дачыненні «Леста игры» мусіць быць сігналам іншым кампаніям выводзіць свае інвестыцыі з Беларусі і Расеі.

belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10