У нафтагазавым Азербайджане стартаваў глабальны саміт у пытанні змянення клімату. Галоўная яго тэма – хто мае фінансаваць і ў якім аб’ёме змаганне з наступствамі гэтага. Сваё слова там сказаў і Аляксандр Лукашэнка. Але ў цэлым падзея можа стаць самай праблемнай у сваім шэрагу.
29-я канферэнцыя ААН у пытаннях змены клімату (COP29), што стартавала 11 лістапада ў Баку, называюць «фінансавым самітам» праз фокус на пашырэнне фінансавай дапамогі краінам з нізкім узроўнем даходу ў пераходзе да эканомікі з нулявым выкідам вугляроду і для дапамогі найбольш пацярпелым супольнасцям у адаптацыі да наступстваў змены клімату. У 2009 годзе заходнія краіны ўзялі на сябе абавязак вылучаць на гэтыя мэты $ 100 млрд штогод. Тэрмін выканання гэтага канчаецца сёлета, і краіны, якія развіваюцца, патрабуюць ад іх ужо да $ 1 трлн штогод. Прычым грошы павінны надавацца ў форме грантаў, а не пазык.
На адкрыцці саміту Сайман Стыл, Выканаўчы сакратар Рамачнай канвенцыі ААН у пытаннях змянення клімату, заявіў, што кліматычнае фінансаванне – гэта не дабрачыннасць, бо «паскоранае змяненне клімату так ці інакш закранае кожнага чалавека ў свеце».
У дзень адкрыцця канферэнцыі Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) абнавіла звесткі пра стан клімату ў 2024 годзе. Паводле іх, 2015–2024 гады стануць самым гарачым дзесяцігоддзем за ўсю гісторыю назіранняў, а ў бліжэйшыя гады паскорыцца таянне ледавікоў, падвысіцца ўзровень мора і нагрэюцца акіяны.

Паводле яго, кожная краіна «заплаціць страшную цану», калі дзве траціны дзяржаў не змогуць дазволіць сабе хутка скараціць выкіды. А калі краіны не здолеюць умацаваць ланцужкі паставак, на якія ўплываюць кліматычныя змены, уся сусветная эканоміка можа абрынуцца. На думку Стыла, толькі «заключэнне новага пагаднення аб фінансаванні клімату» здолее стрымаць рост цэнаў на прадукты і электраэнергію, утрымае эканомікі ад неканкурэнтаздольнасці і яшчэ большай глабальнай нестабільнасці.
Краіна, што лабіюе нафту і рэпрэсуе эколагаў
Кіраўнік «Альянсу Еўраатлантычнага супрацоўніцтва» Валер Кавалеўскі ў каментары «Белсату» назваў саміт надзвычай важным, бо спрабуе развязаць «адну з самых глабальных праблемаў, якая стаіць зараз перад чалавецтвам».
,,«Іншая справа, што шмат каго здзівіла непрыемна тое, што менавіта Азербайджан прымае гэта кліматычны саміт», – сказаў ён.
Саміт мусіў праходзіць у адной з краінаў усходнееўрапейскай групы, але, як адзначае The New York Times, Расея заблакавала выбар тых краінаў, якія асудзілі ейнае ўварванне ва Украіну. У выніку Крэмль паспрыяў правядзенню канферэнцыі ў Азербайджане – краіне, дзе нафтагазавая галіна дае больш як 90 % экспарту. Дый сам старшыня COP29 Мухтар Бабаеў раней быў віцэ-прэзідэнтам нафтагазавай кампаніі SOCAR.
Transparency International назвала правядзенне кліматычнай канферэнцыі ў Баку «трывожным канфліктам інтарэсаў». Гэта пацвердзіў скандал з удзелам выканаўчага дырэктара COP29 Эльнура Султанава, які за $ 600 тыс. «спонсарскай» дапамогі дазволіў SOCAR удзельнічаць у мерапрыемстве пра «ўстойлівае інвеставанне ў нафту і газ».
Умовы правядзення саміту ў Азербайджане крытыкуе і Amnesty International, нагадваючы, што ў краіне «трывожная сітуацыя з правамі чалавека, абумоўленая даўнімі абмежаваннямі правоў на свабоду слова, аб’яднанняў і сходаў». У тым ліку, адзначаюць у арганізацыі, пераследам падвяргаюцца і эколагі. І з таго часу, як у снежні 2023 года краіна была абвешчаная месцам правядзення COP29, «цяжкая сітуацыя з правамі чалавека ў Азербайджане нават пагоршылася».
Без сусветных лідараў, але з Талібанам
У канферэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі каля 200 краінаў. Раней штогод колькасць удзельнікаў COP расла. І ў 2023 годзе дасягнула больш як 83 тыс. асобаў, за што арганізатараў абвінавацілі ў крывадушнасці, бо ўсе яны прыляталі на самалётах, што негатыўна ўплываюць на клімат. Сёлета чакаецца ад 40 да 51 тыс. удзельнікаў.
Ірына Панядзельнік, прадстаўніца беларускай «Зялёнай Сеткі», у каментары «Белсату» прызнала, што такія масавыя пералёты шкодзяць клімату, пакідаючы вугляродны след. Аднак, дадала яна, калі б у такіх канферэнцыях не ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, то там бы засталіся толькі прадстаўнікі дзяржаваў і буйнога бізнесу.

«Таму мы ўсе едзем, таму мы выкарыстоўваем вось такую адзіную пляцоўку ў сваім родзе, як Канферэнцыя ў пытаннях змянення клімату, каб праводзіць свае адвакацыйныя падзеі, нават у тых рэжымах, дзе гэта немагчыма рабіць на вуліцы, дзе парушаецца свабода слова», – сказала экспертка.
Пры гэтым саміт у Баку з самых розных прычынаў прапусцілі шмат сусветных лідараў. Сярод тых, хто не прыехаў – старшыня Еўракамісіі, прэзідэнты ЗША, Расеі, Францыі і Бразіліі, кароль Вялікай Брытаніі, старшыня КНР, кіраўнікі ўрадаў Нямеччыны, Канады, Індыі, Паўднёвай Афрыкі і Аўстраліі. Але на COP29 упершыню з захопу ўлады ў 2021 годзе запрошаныя прадстаўнікі афганскіх талібаў, якія афіцыйна не прызнаныя дзяржавамі-чальцамі ААН.
Панядзельнік мяркуе, што адсутнасць шэрагу міжнародных лідараў звязаная з тым, што яны могуць не хацець сябе асацыяваць з уладамі Азербайджану. Аднак, падкрэсліла, яна прадстаўнікі гэтых краінаў усё адно ўдзельнічаюць у COP29, як і ў фармаванні парадку дня наступнага саміту, які пройдзе ў 2025 годзе ў Бразіліі. Проста сёлета «так склаліся абставіны», што «ніхто не ведаў, што рабіць з нашым рэгіёнам».
Лукашэнка шукае сяброў і хоча «жыць не адзін год»
Сярод актыўных удзельнікаў саміту быў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён правёў перамовы з прэзідэнтам Азербайджану Ільхамам Аліевым «з акцэнтам на гандлёва-эканамічную супрацу», павячэраў з прэзідэнтам ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заід аль-Нахаянам ды на сустрэчы з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам заявіў аб неабходнасці інтэнсіфікаваць стасункі «пры ўсіх нашых складанасцях». Сустракаючыся ж з 82-гадовым прэзідэнтам Зімбабвэ Эмэрсанам Мнангагўай, пасля кароткага какецтва і абмеркавання супрацы ў Афрыцы, Лукашэнка падзяліўся жаданнем «яшчэ жыць, і не адзін год».

Праўда, іншыя сусветныя лідары не пераставалі нагадваць яму пра ізаляцыю. Гэтак, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся ад супольнага фота ўдзельнікаў саміту, каб не мець «сямейнае фота з Аляксандрам Лукашэнкам». Не даваўся яму ў абдымкі і генеральны сакратар ААН Антоніў Гутэрэш, як гэта паказаў «Пул Первого».
Кавалеўскі адзначыў, што для Лукашэнкі кліматычныя змены другасныя, а сам саміт для яго важны перадусім у якасці двухбаковых сустрэчаў:
,,«Ніколі не было бачна, каб для яго гэта была сапраўдная, сур’ёзная праблема, над якой ён думае, пра якую выказваецца. Хутчэй для яго гэта нагода пабыць сярод розных сусветных лідараў, умацаваць сваю міжнародную прысутнасць».
На думку Кавалеўскага, Лукашэнка будзе і надалей «настойліва прасоўваць сябе як дзейнага і дзейснага кіраўніка Беларусі», які захоўвае кантроль і варашае пытанні, каб праз гэта ўплываць на ўспрыняцце яго і ягонай улады міжнароднай супольнасцю.
А таксама хоча грошай і спрабуе дзяліцца досведам
Зорнай гадзінай для Лукашэнкі стаўся выступ, у якім ён заявіў аб нізкай эфектыўнасці сусветнай супольнасці ў змаганні са змяненнем клімату. Ён адзначыў, што «ўсяго больш за 50 канфліктаў у свеце, якія жорстка ўплываюць на клімат на нашай планеце». Заявіў, што заходнія краіны «сабатуюць» саміт у Баку, тады як у Беларусі «мы жорстка выконваем усе абавязкі, якія ўзялі на сябе».
Асабліва востра Лукашэнка патрабаваў грошай:
,,«Час ад словаў перайсці да справы. І той, хто павінен плаціць, павінен плаціць, а не адседжвацца ў сябе ў кабінетах».
Ён прапанаваў падзяліцца беларускім досведам таго, як «пераналадзіць нацыянальныя эканомікі, перш за ўсё сельскую гаспадарку». Заклікаў даць краінам, якія развіваюцца, роўны доступ да зялёных тэхналогіяў, «каб яны ў выніку гэтай дапамогі не патрапілі ў кабалу» і «скасаваць усё, што перашкаджае міжнароднаму гандлю тэхналогіямі, абмену інавацыямі і найлепшымі практыкамі». Таксама, заявіў Лукашэнка, «патрэбныя новыя падыходы да комплекснай ацэнкі патэнцыйнага ўздзеяння інавацыяў на наваколле».
Панядзельнік з «Зялёнай сеткі» прызнала правату Лукашэнкі ў тым, што змяненнямі клімату трэба займацца ўжо цяпер, а не ў будучыні. Таксама, дадала яна, Беларусь сапраўды распрацавала план адаптацыі сельскай і лясной гаспадаркі.
«Але праблема ў тым, што далей гэтага нікуды не пойдзе, бо няма ў краіны рэсурсаў для стварэння нацыянальнага адаптацыйнага плану. І налета трэба будзе прадстаўляць дакумент, у якім павінны быць закладзеныя каэфіцыенты таго, наколькі будзе краіна амбіцыйна скарачаць выкіды СО2, адаптаваць эканомікі розныя, уключаць інклюзіўныя групы жанчын, моладзь, моманты прыняцця рашэнняў і гэтак далей. Але гэтага ў нас не адбываецца, і досведам падзяліцца, на жаль, ён не можа», – сказала экспертка.
Яна адзначыла, што на практыцы ў Беларусі не адаптаваныя тэхналогіі да змяненняў клімату, не вядзецца праца з фермерамі і прыватнымі гаспадаркамі, а месцамі яшчэ дзейнічаюць нарматывы часоў СССР. Тым не менш, сказала Панядзельнік, тое, што Лукашэнка ўзняў гэтую тэму, стварае магчымасць для некамерцыйных арганізацыяў займацца ёю.
Што датычыць абмежаванняў на новыя тэхналогіі, то гэта звязана перадусім з рэпрэсіямі ў Беларусі, у тым ліку ў дачыненні экалагічных ініцыятываў. Не будзе гэтага – не будзе і санкцыяў, «і будуць у нас новыя інавацыі, і людзі вернуцца, і экспертыза вернецца», заключыла Панядзельнік.

Навіслая цень Трампа
Канферэнцыя не толькі праходзіць без удзелу шэрагу важных сусветных лідараў і ў краіне-вытворцы нафты, але і ва ўмовах магчымага выхаду з Парыжскага пагаднення 2015 года ЗША на чале з Доналдам Трампам. Паводле The New York Times, ягоная каманда ўжо падрыхтавала распараджэнне аб выхадзе з Парыжскага пагаднення. Таксама магчымае скарачэнне памераў некаторых ахоўных тэрыторыяў для здабычы рэсурсаў, адмена абмежаванняў на экспарт нафты і газу ды ўсталяванне больш высокіх мытаў на электратранспарт і сонечныя панэлі з Кітая.
Кавалеўскі адзначыў, што для Трампа вартае ўвагі толькі тое, што прыносіць выгаду. Аднак ён спадзяецца, што палітычны істэблішмент ЗША не дадзволіць выйсці з Парыжскіх пагадненняў.
,,«Няўдзел такіх важных гульцоў, як Злучаныя Штаты, можа адмоўна адбіваецца на ўзгодненасці дзеянняў міжнароднай супольнасці ў вырашэнні кліматычных праблемаў», – сказаў ён.
Уладзімір Слівяк, сустаршыня расейскай экалагічнай групы «Экозащита!», адзначыў, што экаактывісты і раней «вельмі часта казалі, што Амерыка можа больш», але цяпер пытанне, «ці дасць Амерыка хоць нешта».
Чаго ў выніку чакаць?
BBC адзначае, што летась на аналагічным саміце ў Дубаі краіны дамовіліся аб паступовай адмове ад выкапнёвага паліва, але яго выкарыстанне і продажы працягваюць расці, у тым ліку ў Азербайджане распрацоўваюцца новыя радовішчы. Выданне мяркуе, што на COP29 наўрад ці ўдасца ўсталяваць тэрміны або зрабіць больш жорсткімі патрабаванні адносна выкапнёвага паліва.
Цяпер жа RFI піша, што актыўныя забруджвальнікі, як то Кітай і краіны Персідскага затокі, мяркуюць, што асноўнае фінансавы высілак павінен зыходзіць ад развітых краін, ад якіх патрабуюць «справядлівага» размеркавання фінансавай нагрузкі. Але сумы, што патрабуюць краіны, якія развіваюцца, на барацьбу са зменамі клімату ад развітых краін, для апошніх уяўляюцца нерэалістычнымі. Таму, заключае выданне, COP29 рызыкуе стаць адным з самых праблемных самітаў за апошнія гады. І як вынік – проста тэхнічным этапам перад COP30 у Бразіліі, калі будзе адзначацца дзесяць гадоў Парыжскага пагаднення.
Панядзельнік з «Зялёнай Сеткі» адзначыла, што сам саміт не вырашыць усе праблемы, але падкрэсліла: на падобных канферэнцыях вырашаюцца важныя моманты ажыццяўлення Парыжскага пагаднення. Паводле яе, ёсць надзея, што краіны ў выніку здолеюць прыйсці да прыняцця новай фінансавай мэты. Для гэтага, паводле яе, ва ўдзельнікаў ёсць яшчэ 11 дзён.
У сваю чаргу Кавалеўскі адзначыў, што нягледзячы на падзелы і канфлікты ў міжнароднай палітыцы, краіны разумеюць, «што толькі супольнымі намаганнямі можна развязаць гэтую праблему». Паводле яго, яны вымушаныя дамаўляцца, «хаця гэта рабіць вельмі складана», каб «не знішчыць планету да канца і не пажынаць наступствы». Эксперт нагадаў, што тыя ж ЗША таксама церпяць ад зменаў клімату – ад тарнадаў і цыклонаў. А таму, на ягоную думку, яны зацікаўленыя таксама ў тым, каб не да канца палітызаваць гэтае пытанне.
Слівяк з «Экозащиты!» мяркуе, што дамовіцца аб штогадовым выдзяленні да $ 1 трлн будзе не так і проста, хоць «нейкія новыя грошы абавязкова з’явяцца», нават з улікам пазіцыі Трампа.
,,«Значэнне гэтых перамоваў ААН па клімаце вельмі вялікае, таму што менавіта ад іх залежыць, колькі грошай атрымаюць краіны, якія развіваюцца, якія больш за ўсё пакутуюць ад змянення клімату, дзе гінуць людзі, дзе няма рэсурсаў для таго, каб спраўляцца, напрыклад, як у Злучаных Штатах Амерыкі», – сказаў Слівяк.
Паводле яго, менавіта такім чынам адбываецца «выбудоўванне будучай не толькі экалагічнай, але і палітычнай архітэктуры XXI стагоддзя», бо змены клімату ўсё больш ўплываюць на ўсе краіны. І ў выніку гэтыя перамовы – «гэта галоўнае месца прыняцця міжнародных рашэнняў» аб тым, як свет будзе жыць у наступныя дзесяцігоддзі.
Макар Мыш, Антон Бяздольны belsat.eu