навіны

«Экстрэмісцкі Нобэль»: як эканамісты паказалі, чаму Беларусь бедная, а іншыя краіны багатыя

Нобелеўскі камітэт аб'яўляе лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па эканоміцы за 2024 год падчас прэс-канферэнцыі ў Каралінскім інстытуце ў Стакгольме, Швецыя. 14 кастрычніка 2024 года. Фота: Atila Altuntas / Anadolu Agency / Getty Images
Нобелеўскі камітэт аб'яўляе лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па эканоміцы за 2024 год падчас прэс-канферэнцыі ў Каралінскім інстытуце ў Стакгольме, Швецыя. 14 кастрычніка 2024 года. Фота: Atila Altuntas / Anadolu Agency / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Сёлета Нобэлеўскую прэмію ў галіне эканомікі атрымалі тры даследчыкі, якія паказалі прычыны розніцы ў развіцці паміж краінамі. Як заявіў у каментары «Белсату» старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук, іх высновы тлумачаць у тым ліку і тое, што адбываецца з беларускай эканомікай.

Эканамічнага «нобэля» атрымалі даследчыкі з ЗША - нарадзінец Стамбулу армянскага паходжання Дарон Аджэмоглу і брытанцы Сайман Джонсан ды Джэймз Робінсан. Першыя двое з іх цяпер працуюць у Масачусэцкім тэхналагічным універсітэце, апошні - ва ўніверсітэце Чыкага.

«Скарачэнне вялізных адрозненняў у даходах паміж краінамі з’яўляецца адной з найвялікшых праблемаў нашага часу. Лаўрэаты прадэманстравалі важнасць грамадскіх інстытутаў для дасягнення гэтай мэты», - заявіў Якаб Свэнсан, старшыня Нобэлеўскага камітэту ў пытаннях эканамічных навук.

Хоць часта прычыны розніцы развіцця паміж краінамі тлумачацца прыродай, кліматам, рэлігіяй ці культурай, эканамісты заявілі пра іншыя чыннікі гэтага. Паводле Шведскай акадэміі навук, яны паказалі, што «грамадствы са слабым вяршэнствам права і інстытутамі, што эксплуатуюць насельніцтва, не генеруюць рост ці змены да лепшага».

Інстытуты перадусім

Нобэлеўскія лаўрэаты з’яўляюцца суаўтарамі некалькіх супольных кніг. У 2012 годзе ў Аджэмоглу і Робінсана выйшла кніга «Чаму краіны церпяць крах: паходжанне ўлады, росквіту і галечы», дзе аўтары называлі галоўнай прычынай розніцы інстытуты, якія існуюць у краінах. У 2019 годзе яны ж выдалі кнігу «Вузкі калідор: дзяржавы, грамадства і лёс свабоды», дзе разглядалі тое, як адны краіны развіваюцца і забяспечваюць свабоду грамадзянам, а іншыя ўпадаюць у дэспатызм ці беззаконне. Летась у Аджэмоглу і Джонсана выйшла «Улада і прагрэс: наша тысячагадовая барацьба за тэхналогіі і росквіт» пра гістарычнае развіццё тэхналогіяў і сацыяльныя і палітычныя наступствы гэтага.

Кніга «Чаму краіны церпяць крах: паходжанне ўлады, росквіту і галечы». Фота: Ainojie ‘Alex’ Irune / X
Кніга «Чаму краіны церпяць крах: паходжанне ўлады, росквіту і галечы». Фота: Ainojie ‘Alex’ Irune / X

У каментары «Белсату» Зміцер Крук, старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC, назваў Аджэмоглу - эканамістам № 1 у свеце, які для рэшты эканамістаў «калі не бог, то вельмі блізкі да яго». І ягоныя даследаванні значна шырэйшыя за тое, за што яму ўручылі Нобэлеўскую прэмію, падкрэсліў суразмоўца.

Крук адзначыў, што імя Аджэмоглу таксама вядомае шырокай грамадскасці, бо ён стаў даносіць свае думкі не толькі ў навуковай форме (а «за кожнай яго думкай стаіць шмат навуковых прац, вельмі глыбокіх, якія хаця б з прычыны матэматычнага апарату шмат для каго зразумелымі не будуць»), але і ў больш навукова-папулярнай. У выніку ўсе тры згаданыя ягоныя кнігі сталіся бестсэлерамі. 

Адной з галоўных высноваў з працаў Аджэмоглу Крук назваў тое, што інстытуцыйны падмурак крытычна важны і шмат у чым абумоўлівае траекторыю развіцця эканомікі. У прыватнасці даследчык падзяліў інстытуты на экстрактыўныя і інклюзіўныя. Экстрактыўныя інстытуты - гэта тыя, пры якіх выйграе вузкае кола эстэблішменту і пры якіх шырокія групы насельніцтва не маюць доступу да ўгодаў, што генеруе эканоміка. Інклюзіўныя ж наадварот скіраваныя на ўключэнне максімальна шырокіх пластоў грамадства ў эканамічнае і палітычнае жыццё.

,,

«Аджэмоглу паказвае, што структура інстытутаў, якія дамінуюць у грамадстве, у значнай ступені перадумоўліваюць тое, як будуць развівацца тэхналогіі і як будзе функцыянаваць эканоміка», - адзначыў суразмоўца.


У краінаў з экстрактыўнымі інстытутамі, паводле нобэлеўскіх лаўрэатаў, шанцы на доўгатэрміновае развіццё «амаль нулявыя», заявіў Крук, калі яны толькі не памяняюць сваю інстытуцыйную структуру.

Лаўрэаты прызнаюць, што часта інстытуцыйная структура грамадства ўтвараецца ў той ці іншай краіне выпадкова, бо «ў гісторыі так склалася». Але пры гэтым адзначаюць, што сацыяльныя інавацыі папярэднічаюць інавацыям тэхналагічным і адбываюцца ў грамадствах, у якіх выступаюць свядомыя запыты менавіта на інклюзіўныя інстытуты - на дэмакратыю.

«Гэта робіцца маштабным падмуркам для змянення інстытуцыйнай сістэмы, і ў сваю чаргу ўжо падштурхоўвае развіццё тэхналогіяў і эканомікі», - падкрэсліў Крук.

Як адзначылі ў Нобэлеўскім камітэце, экстрактыўныя інстытуты забяспечваюць кароткатэрміновыя выгады для людзей ва ўладзе, але не гарантуюць ніякіх паляпшэнняў для насельніцтва, што ў выніку і прыводзіць да рэвалюцыяў.

Тэхнічным прагрэсам можна кіраваць

Старэйшы навуковы супрацоўнік BEROC падкрэсліў, што даследаванне інстытуцыйнага падмурку з’яўляецца не адзіным і не галоўным дасягненнем аўтараў. Ён адзначыў, што сам Аджэмоглу ў якасці свайго галоўнага дасягнення называе кіраваны тэхнічны прагрэс. 

Эканаміст Дарон Аджэмоглу, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы 2024 года, выступае перад СМІ падчас канферэнцыі ў Афінах, Грэцыя. 14 кастрычніка 2024 года. Фота: Petros Giannakouris / AP Photo / East News
Эканаміст Дарон Аджэмоглу, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы 2024 года, выступае перад СМІ падчас канферэнцыі ў Афінах, Грэцыя. 14 кастрычніка 2024 года. Фота: Petros Giannakouris / AP Photo / East News

«Развіццё тэхналогіяў - гэта не стыхійны працэс, а тое, чым можна кіраваць, каб найбольш выгодаў ад гэтага атрымлівалі значна шырэйшыя групы насельніцтва. І каб не было адмоўнага ўплыву на рынак працы, што назіраецца ў апошнія прынамсі гадоў 20 у развітых краінах», - сказаў эканаміст.

Менавіта гэтаму прысвечаная кніга Аджэмоглу ў суаўтарстве з Джонсанам, у якой шмат закранаюцца эфекты ад штучнага інтэлекту, як яны могуць уплываць на эканамічнае развіццё, на самаадчуванне працаўнікоў і якую будучыню і для эканомікі, і для людзей гэта нясе, адзначыў Крук.

«Яшчэ адна з галоўных ідэяў заключаецца ў тым, што можна накіроўваць тэхнічны прагрэс такім чынам, каб ствараліся эфектыўныя працоўныя месцы і каб развіццё тэхналогіяў не ўваходзіла ў супярэчнасць з дэмакратыяй, не паслабляла правы і магчымасці людзей знайсці добрую працу», - заявіў эканаміст.

У якасці апошняга важнага кірунку даследаванняў нобэлеўскіх лаўрэатаў ён назваў тое, што развіццё штучнага інтэлекту нясе шмат выклікаў, і каб не дапусціць іх рэалізацыі трэба ў значнай ступені выкарыстоўваць інструменты кіраванага тэхнічнага прагрэсу.

Як гэта датычыць Беларусі

Ідэі сёлетніх нобэлеўскіх лаўрэатаў супярэчыць марксісцкай эканамічнай тэорыі, якая доўгі час была пануючай у Беларусі і паводле якой менавіта тэхналогіі вызначаюць развіццё грамадства і палітычны лад, які ў ім пануе. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by

Тым не менш, Крук адзначыў, што працы сёлетніх нобэлеўскіх лаўрэатаў можна выкарыстоўваць і для разумення беларускай эканомікі. У прыватнасці, на яго думку, экстрактыўныя інстытуты - «гэта па вялікім рахунку тое, што ёсць у сучаснай беларускай эканоміцы». Паводле навуковага супрацоўніка BEROC, працы нобэлеўскіх лаўрэатаў дазваляюць зразумець, што да ўлады ў Беларусі «прыйшла невялікая група, якая інстытуцыйную канструкцыю Беларусі выбудоўвае для сваёй карысці, а не карысці краіны». 

,,

«Тым самым яны шмат у чым робяць наканаваным шлях развіцця Беларусі паводле заганнай траекторыі, дзе мы не можам разлічваць на сучасныя тэхналогіі, на тое, што эканоміка створыць стымулы для развіцця. Гэта ў лепшым выпадку вырак на стагнацыю», - заявіў ён. 


Выпрабаванні ядравай бомбы ў межах аперацыі «Teapot». Штат Нэвада, ЗША. 5 траўня 1955 года. Фота: Corbis / Getty Images

«Дзякуй, што не ядравы армагедон» ці «лепшых не было»? Што значыць сёлетняя Нобэлеўская прэмія міру

навіны

Паводле яго, хоць у Аджэмоглу і іншых лаўрэатаў ёсць і больш шырокія думкі, «але для Беларусі гэта адзін з урокаў». А вось да ўзроўню кіраванага тэхнічнага прагрэсу і ўплыву тэхналогіяў, у тым ліку штучнага інтэлекту, на рынак працы, Беларусь пакуль не дарасла, адзначыў Крук. 

«Сярод тых пытанняў, якія яны [нобэлеўскія лаўрэаты. - рэд. belsat.eu] абмяркоўваюць, мы захраслі яшчэ на самым-самым пачатковым узроўні. Нам трэба яшчэ з гэтым разбірацца», - сказаў ён. 

Астатнія ідэі даследчыкаў з ЗША стануць актуальнымі для Беларусі толькі на наступных этапах ейнага развіцця, заключыў эканаміст.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10