У выніку моцнага снегападу на тэрыторыі Магілёўскай вобласці назіраліся перабоі ў электразабеспячэнні, а таксама блакаванне дарог праз паваленыя дрэвы і снежныя заносы.
Кажучы пра змаганне з наступствамі снегападу, Міністэрства надзвычайных сітуацыяў адзначае, што станам на 06:00 8 красавіка ўсе трансфарматарныя падстанцыі на Магілёўшчыне былі падлучаныя да электрычных сетак.Таксама заяўляецца, што з раніцы 7 красавіка падраздзяленні МНС восем разоў выязджалі для прыбірання паваленых дрэваў, у выніку было прыбрана 39 дрэваў у Дрыбінскім, Магілёўскім, Асіповіцкім і Быхаўскім раёнах. Пацярпелых ад інцыдэнтаў няма.
Дзевяць аўтамабіляў былі вызваленыя са снегу. Сярод іх – школьны аўтобус у Быхаўскім раёне, аўтамабіль хуткай дапамогі ў Магілёве, аўтавышка ў Клічаўскім раёне і аўтамабіль, што перавозіць харчы для школьнікаў, у Магілёве.
Электрычнасць яшчэ не адноўленая
Інфармацыйны партал памежнага з Меншчынаю Асіповіцкага раёну адзначае, што для змагання з наступствам снегападу тэхніку гналі з усёй Магілёўскай вобласці, што заняло каля дзесяці гадзінаў. Чаму нельга было скарыстаць тэхніку з суседняй Менскай вобласці, не паведамляецца.
«Для дарожнікаў і камунальнікаў красавіцкая непагадзь таксама сталася сур'ёзным выпрабаваннем. Вялікая колькасць снегу, паваленых дрэваў, абламаных галінаў на ходніках і праезнай частцы... Давялося працаваць з поўнай напругаю сілаў і ў кругладзённым рэжыме. Змагацца з стыхіяй ім дапамагалі калектывы прадпрыемстваў, вайскоўцы, валанцёры БРСМ», – адзначае партал.

Аб 11:00 8 красавіка выданне адзначае, што ўсе лініі з напругаю 10 кілавольт будуць падлучаныя ў найбліжэйшыя содні, а колькасць парываў на лініях 0,4 кілавольта будзе зведзеная да мінімуму. Аднак застаецца невядомым, колькі часу спатрэбіцца, каб расчысціць дарогі.
«У раёне застаецца цяжкое становішча з электразабеспячэннем у шэрагу паселішчаў. Праз моцны снегапад і моцны вецер зрабіліся часцейшымі выпадкі аварыйных адлучэнняў падачы электраэнергіі ў некаторых вёсках», – расказаў мясцоваму парталу начальнік Клічаўскага РЭС Сяргей Бяляк.
Паводле яго, да цяперашняга часу некаторыя населеныя пункты застаюцца без электрычнасці.
Якуб Хруст belsat.eu