Мінулы год пабіў усе рэкорды і стаўся самым цёплым у Беларусі за ўвесь перыяд назіранняў. Пра гэта 9 студзеня паведаміла на прэс-канферэнцыі начальніца аддзелу вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду звестак Белгідрамету Вольга Бакланава.
Паводле яе, пры гадавой норме 7,2 градуса ў апошняе дзесяцігоддзе сярэдняя гадавая тэмпература паветра ўсё часцей перавышае адзнаку 8,5 градуса. Да нядаўняга часу самым цёплым лічыўся 2020 год з тэмператураю 9,1 градуса, але 2024 год пабіў і гэты рэкорд: сярэдняя тэмпература паветра летась склала 9,5 градуса.
Тэмпература перавышала норму 11 месяцаў, але ў студзені была ніжэйшай за яе на адзін градус. Мінімум склаў мінус 28,7 градуса. Гэта адбылося 8 студзеня на станцыі Езярышча.
Верасень жа зрабіўся самым цёплым вераснем за ўвесь перыяд назіранняў. Сярэдняя тэмпература ў ім была блізкая да летніх – 17,5 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 4,8 градуса. Максімальныя тэмпературы паветра перавышалі 30 градусаў. Агулам восень была цяплейшай за норму на 2,5 градуса.
Таксама ў сакавіку былі абноўленыя значэнні абсалютнага максімуму тэмпературы паветра, перавысіўшы папярэдні на 20 градусаў.
Найбольш вільготнымі месяцамі летась былі люты і красавік, калі ападкаў выпала адпаведна на 71 % і ў 2,2 раза больш за кліматычную норму. Самым сухім быў травень: выпала толькі 40 % ад месячнай нормы.
Лета сталася другім самым цёплым за гісторыю назіранняў. Сярэдняя тэмпература паветра склала 19,9 градуса, што на 1,9 градуса вышэй за норму. А 13 ліпеня ў Жыткавічах была зафіксаваная максімальная тэмпература за год – 37,9 градуса.
Летась таксама назіраўся ўвесь спектр небяспечных з’яваў. У траўні замаразкі нанеслі шкоду сельскагаспадарчым пасевам і пладовым садам, а ў ліпені адзначаліся моцныя дажджы і вецер.
Што чакае ў 2025 годзе
Вольга Бакланава таксама заявіла, што зіма 2024/25 гадоў у Беларусі можа зрабіцца адною з самых цёплых. Таксама існуе імавернасць перавышэння нормы ападкаў. Паводле яе, цяпер яшчэ на большай частцы тэрыторыі не надышла кліматычная зіма.
Якуб Хруст belsat.eu