Шуфлядка

Нас заменіць штучны інтэлект? Не: нас заменяць тыя, хто ўмее карыстацца штучным інтэлектам

Робаты збіраюць трактары на заводзе
Малюнак згенераваны нейрасеткаю: робаты збіраюць трактары на заводзе. Выява: ChatGPT
podpis źródła zdjęcia

Траціна беларусаў, якія цікавяцца новымі тэхналогіямі, мяркуе, што за бліжэйшыя 10 гадоў штучны інтэлект зможа замяніць людзей у бальшыні прафесіяў. Нейрасеткі сапраўды робяць такое, што яшчэ некалькі гадоў таму магло здацца навуковаю фантастыкай, але пагроза рынку працы не такая, як шмат хто думае, кажа «Белсату» эксперт у штучным інтэлекце.

Мабільны аператар «МТС» апытаў 2000 беларусаў пра будучыню штучнага інтэлекту. Паводле кампаніі, 34 % апытаных мяркуюць, што тэхналогіі на штучным інтэлекце ў бліжэйшыя 10 гадоў заменяць бальшыню прафесіяў. 20 % апытаных непакояцца наконт патэнцыйнага ўплыву штучнага інтэлекту на рынак працы. Наколькі рэпрэзентатыўная выбарка ў апытанні, невядома, але падобна, што пыталі пераважна тых, хто цікавіцца новымі тэхналогіямі: больш за 80 % рэгулярна або перыядычна ўзаемадзеюць з нейрасеткамі. 


Чаго чакаць ад штучнага інтэлекту


У згаданым апытанні 54 % чакалі ўзмацнення аналітычных здольнасцяў нейрасетак. А нейрасеткі ўжо робяць неймавернае: напрыклад, леташнюю Нобэлеўскую прэмію ў галіне хіміі ўручылі за распрацаванне мадэлі штучнага інтэлекту для прадказання складанай структуры бялкоў. З яе дапамогаю можна больш дэталёва зразумець, напрыклад, устойлівасць да антыбіётыкаў і канструяваць ферменты, здольныя раскладаць нават пластык. Штучны інтэлект ужо ўмее размаўляць, амаль як чалавек, маляваць, спяваць, праграмаваць… 


Што далей? Журналіст і аўтар блогу «Easy AI» Дзмітрый Смірноў кажа «Белсату», што бачыць некалькі трэндаў.


  1. Пераход ад шырокага да вузкага. Напрыклад, «OpenAI» ужо робіць больш спецыялізаваныя мадэлі штучнага інтэлекту для праграмістаў: 16 траўня ў платнай версіі «ChatGPT» з’явіўся асобны інструмент для праграмавання, «Codex». А беларускі стартап робіць на базе «OpenAI» платформу «Doctorina AI» – чат-бот, які спецыяльна трэнуюць на медычныя кансультацыі і адсутнасць памылак-«галюцынацыяў».
  2. Пошук праз штучны інтэлект. Ужо цяпер можна папрасіць нейрасеткі пашукаць штосьці ў інтэрнэце і атрымаць адказ са спасылкамі на крыніцы. І ўжо замест «пагуглі» пачынаюць казаць «спытай ChatGPT». Можа, пачнуць нават называць усе чат-боты «чат-джы-пі-ці», як падгузнікі называюць памперсамі ці капіявальныя апараты ксераксамі. 
  3. Нейрасеткі будуць успрымацца як дадзенасць – так, як ужо ўспрымаецца інтэрнэт, электрычнасць ці вада ў доме. І калі цяпер з’яўленне штучнага інтэлекту ў нейкім апараце ці сэрвісе яшчэ навіна, то хутка будзе, хутчэй, выклікаць пытанне «А што, у вас раней яго не было?».


Дзе штучны інтэлект заменіць людзей?


На Сусветным эканамічным форуме казалі, што 41 % працадаўцаў ужо мае намер зменшыць колькасць працаўнікоў, бо штучны інтэлект дазваляе аўтаматызаваць пэўныя заданні. Каму пагражае страта прафесіі?


Перад тым, як адказаць, Смірноў робіць агаворку: гэта нармальна, калі новыя тэхналогіі мяняюць рынак працы. Сёння прафесія камінар значна менш папулярная, як 100 гадоў таму, і бадай толькі ў Берасці патрэбны чалавек, які запальвае вулічныя ліхтары. 

Малюнак згенераваны нейрасеткаю: робат запальвае ліхтар у Берасці. Выява: ChatGPT
Малюнак згенераваны нейрасеткаю: робат запальвае ліхтар у Берасці. Выява: ChatGPT

Пакуль што штучны інтэлект не можа замяніць чалавека праз «галюцынацыі», перакананы Смірноў. Гэтым словам называюць памылковыя адказы і высновы, якія нейрасеткі робяць і пра якія паведамляюць упэўненым тонам. Напрыклад, можна папрасіць нейрасетку патлумачыць прыдуманую карыстальнікам бессэнсоўную прымаўку «два аўтобусы, якія едуць у няправільным кірунку, лепш за адзін, які едзе ў правільным». Нейрасетка ўпэўнена растлумачыць значэнне метафары, а не задумаецца, ці існуе такая прымаўка і ці мае яна сэнс. Праблема пагаршаецца: нейрасеткі вучацца лепш развязваць матэматычныя задачы, але развучваюцца даваць праўдзівыя адказы, а распрацоўнікі не ўпэўненыя, чаму так адбываецца.


І калі нічога страшнага не адбудзецца праз няправільнае тлумачэнне метафары, то ў шмат якіх жыццёвых сітуацыях памылка можа каштаваць задорага.

,,

«Вы ж не сядзеце ў самалёт, які даляціць з імавернасцю 95 %, бо менавіта такі ўзровень беспамылковасці ў ягонага ШІ-пілота?» – пытае Смірноў.


Іншая рэч, калі штучны інтэлект дапамагае чалавеку развязваць пэўныя заданні, а чалавек кантралюе вынікі. Напрыклад, археолагі могуць папрасіць штучны інтэлект паглядзець здымкі з самалёта ці спадарожніка і пашукаць страчаныя гарады Месапатаміі. Дакладнасць – 80 %, але штучны інтэлект можа заўважыць тое, што людзі праглядзелі. А дактары могуць папрасіць нейрасетку дапамагчы дыягнаставаць рак. Даследнікі сцвярджаюць, што ў новай мадэлі «ECgMPL» дакладнасць дыягнаставання раку цела маткі дасягае 99,26 %.


Смірноў згадвае, як у 2000-х у абвестках пра вакансіі пісалі, што патрэбныя «дасведчаныя карыстальнікі персанальнага камп’ютара». Мінула пара дзясяткаў гадоў – і ўжо трэба пашукаць «недасведчаных». На думку Смірнова, зараз так жа будзе са штучным інтэлектам:

,,

«Людзі, якія ўмеюць карыстацца ШІ, заменяць людзей, якія ім не карыстаюцца».


«Праграміст з веданнем ШІ хутчэй кадуе, рэдактар выдання прыдумляе лепшыя тэмы і загалоўкі – і такія асобы робяцца больш канкурэнтаздольнымі за тых, хто гэтым не карыстаецца», – канстатуе Смірноў.


Наколькі добрыя праграмісты і журналісты выходзяць з нейрасетак?


Трэба разумець, дзе можна, а дзе нельга выкарыстоўваць штучны інтэлект, даводзіць Смірноў. Маўляў, каб забіць цвік, трэба біць правільным бокам малатка – галоўкаю, бо іначай можна і ручку малатка зламаць, і цвіка не забіць.

,,

«Будзеце бяздумна карыстацца «ChatGPT», змарнуеце больш часу на пошук памылак у кодзе ці рэдактуру і фактчэкінг у тэксце», – засцерагае адмысловец.


Для праграмавання з выкарыстаннем штучнага інтэлекту ўжо прыдумалі азначэнне «vibe coding»: апісваеш чат-боту, якую праграму хочаш, і атрымліваеш гатовы код. Гэты код можа быць неідэальны – жывы спецыяліст напіша лепш. Але «vibe coding» можа быць карысным для тых, хто ведае, як выпраўляць памылкі, або для тых, хто зусім не ўмее праграмаваць.


Для журналістыкі штучны інтэлект можа быць як карысным інструментам у тым жа «гугленні», гэтак і праклёнам. Напрыклад, чаму ў Кітаі і Паўднёва-Усходняй Азіі ў 2020-х раптам стаў папулярны плюшавы мядзведзік Лотса – злодзей з мультфільму «Гісторыя цацак 3», які выйшаў у 2010-м? 

Мядзведзік Лотса ў «Дыснэйлэндзе». Анагайм, ЗША. 19 ліпеня 2010 года. Здымак мае ілюстрацыйны храктар. Фота: Derek K. Miller / Flickr, CC BY-NC 2.0
Мядзведзік Лотса ў «Дыснэйлэндзе». Анагайм, ЗША. 19 ліпеня 2010 года. Здымак мае ілюстрацыйны храктар. Фота: Derek K. Miller / Flickr, CC BY-NC 2.0

Амерыканскі журналіст Крыстаф Обурсін шукаў адказ і натрапіў на згенераваныя штучным інтэлектам артыкулы з зусім няправільнымі і нават абсурднымі адказамі пра паралелі сюжэту мультфільму з гістарычнымі і палітычнымі тэмамі з кітайскай культуры. Магчыма, «фермы кантэнту» адсачылі рост пошукавых запытаў пра Лотса і згенеравалі абы-што, каб карыстальнікі заходзілі на сайт, а сайт зарабляў на рэкламе. 


Журналіст звязаўся з сінгапурскімі блогерамі, якія цікавяцца персанажамі студыі «Disney», і атрымаў адказ. У папулярнай сетцы крамаў былі «сляпыя» калекцыйныя наборы з дыснэеўскімі цацкамі (пакупнік не бачыць, якую цацку атрымае), і Лотса ў гэтых наборах быў самай мілай і жаданай цацкай. Пошукі Лотса ў «сляпых» наборах сталі «вірусныя» – маркетолагі гэтым скарысталіся і «раскруцілі» персанажа. 


«Белсат» праверыў: калі цяпер спытаць «ChatGPT» пра Лотса, то штучны інтэлект працытуе напісаныя тым жа штучным інтэлектам няправільныя адказы, хоць правільны ёсць у інтэрнэце.

,,

«Чалавека пакуль яшчэ ніхто не замяняе, – паўтарае Смірноў. – І чалавек патрэбен не толькі для кантролю, а ў цэлым для разумення, у якім месцы можна, а ў якім нельга выкарыстоўваць ШІ».


«ШІ – гэта абсалютна цудоўны інструмент, які пашырае магчымасці чалавека, але не больш за тое. Як у свой час калькулятар, а затым «Excel» перавярнулі свет разлікаў, а «Google» – працу ў інтэрнэце, гэтак і ШІ мяняе розныя бакі нашага жыцця. Але і для вылічэнняў у «Excel», і для гуглення, і для ШІ патрэбныя чалавечыя мазгі».


Ці заменіць штучны інтэлект мастакоў і музыкаў?


Калі вы заходзілі ў сацсеткі ў 2025 годзе, то наўрад ці не пабачылі хоць аднаго чалавека, які не перарабіў праз «ChatGPT» сваё фота ў карцінку ў стылі анімацыі японскай студыі «Ghibli». Тое, што мастак маляваў бы гадзінамі, нейрасетка малюе за паўхвіліны. Нейрасеткі таксама ўмеюць пісаць музыку. Яшчэ год таму мы правяралі, ці змогуць нейрасеткі напісаць «Тры чарапахі». Выйшла, ясна, не так добра, як арыгінал. Але гэта гучала як музыка, хай сабе і кепская.

Нямала мастакоў і музыкаў непакояцца тым, што робіць штучны інтэлект. Смірноў падкрэслівае: пытанне не ў тым, ці заменіць іх штучны інтэлект, а ў аўтарскіх правах.

,,

«Чаму генератыўны ШІ добра малюе і піша музыку? Бо яго навучылі на ўсім, што ёсць у інтэрнэце, у пераважнай большасці выпадкаў забіўшы на аўтарскія правы», – тлумачыць ён.


Калі адзін музыка скарыстае ўрывак (сэмпл) з твору іншага музыкі, то мусіць плаціць ганарар (роялці) аўтару. Нейрасеткі ж не плацяць аўтарам, на творах якіх навучаюцца. Пісьменнікі, як Джордж Марцін, судзяцца з «OpenAI», бо любы ахвочы можа закінуць ягоныя кнігі ў нейрасетку і атрымаць працяг ягонай «Песні лёду і полымя», а то і прадаць гэткую кнігу.


З другога боку Смірноў разважае: у век фатаграфіі людзі ўсё роўна цэняць карціны, а ў час, калі не праблема купіць штучныя кветкі, людзі дараць жывыя. Ужо з’яўляецца трэнд хваліцца тым, што нешта стварыў не штучны інтэлект: гэтак, «Apple» нядаўна запусціла новыя радыёстанцыі ў «Apple Music» і падкрэсліла, што там жывыя вядоўцы, а не робаты. Робат не заменіць творчага чалавека, перакананы Смірноў:

,,

«Калі ШІ навучылі на квадраце і крузе, ён не прыдумае трапецыі або трыкутніка. Для гэтага патрэбен чалавек. Але пры гэтым ён можа дапамагчы крэатыўнаму чалавеку – напрыклад, з ідэяй, з іншым падыходам, гучаннем і гэтак далей. Ізноў жа, як вельмі карысная новая прылада».


Ці хвалявацца рабочым заводаў?


Можна ўявіць недалёкую будучыню, у якой рабочых звальняюць з трактарнага заводу ці «Беларуськалію», бо штучны інтэлект пралічыў, як больш эфектыўна збіраць трактары ці здабываць калій. Няўжо няма такой пагрозы? 


Таксоўцам дзясятак гадоў таму прарочылі выміранне праз рабатызаваныя машыны, згадвае суразмоўца. Але пакуль гэтага не адбылося. Больш за тое, у «Tesla», якія славяцца ўжываннем новых тэхналогіяў у машынах, паказнікі смяротнасці аказаліся ўдвая вышэйшыя за сярэдні паказнік. Магчыма, праблема не ў машынах, а ў тым, што людзі занадта давяраюць аўтапілотам, якія пакуль далёкія ад ідэалу. 

Малюнак згенераваны нейрасеткаю: робат-кур’ер перад пад’ездам. Выява: ChatGPT
Малюнак згенераваны нейрасеткаю: робат-кур’ер перад пад’ездам. Выява: ChatGPT

Выміранне прадказвалі і прафесіі кур’ера: як кажа Смірноў, здавалася б, гэта простая праца, якую можна аддаць робатам. Але аказалася, робат не стане шукаць уваходу ў патрэбны пад’езд, на якім няма шыльдачкі, або не стане набіраць на дамафоне суседняй кватэры, калі ў патрэбнай дамафон не працуе.


Што да заводаў, Смірноў прапануе паставіць іншае пытанне: дзе ўзяць грошы на рабатызацыю старых заводаў і куды пасля гэтага падзець звольненых работнікаў?


А што скажа штучны інтэлект? 


Далі слова другому боку: спыталі «ChatGPT», якія прафесіі знікнуць праз штучны інтэлект. Ягоны топ-10 такі:


  1. аператары кол-цэнтраў;
  2. офісныя сакратары і дакументацыйныя асістэнты;
  3. бухгалтары пачатковага ўзроўню;
  4. юрыдычныя асістэнты, якія шукаюць дакументы ці правяраюць кантракты,
  5. дызайнеры-шаблоншчыкі;
  6. перакладнікі, асабліва тэхнічных і шаблонных тэкстаў; 
  7. журналісты, якія пішуць навіны «паводле шаблону»;
  8. фатографы на дакументы або школьныя фотасесіі;
  9. прыбіральнікі ў камерцыйных будынках;
  10. кіроўцы, асабліва далёкіх рэйсаў або на стандартных маршрутах.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10