+15 – занадта цёпла для пачатку вясны. І хоць цеплыня – гэта прыемна, яна нясе і праблемы: у Беларусі стала больш лясных пажараў. У Берасцейскай вобласці абмежавалі наведванне лясоў, гарыць заказнік «Званец».
Студзень 2025 года ў Беларусі стаў самым цёплым за гісторыю назіранняў. Люты ў Беларусі быў на 1 градус халаднейшы за кліматычную норму. У сакавіку прыйшла раптоўная цеплыня. 6 сакавіка на ўсіх метэастанцыях зафіксавалі новыя дзённыя максімумы тэмпературы: на метэастанцыі ў Самахвалавічах, што пад Менскам, было аж +19,7 °С. Папярэдні рэкорд гэтага дня складаў +17. Яшчэ адзін рэкорд быў пабіты 7 сакавіка: хоць у Менску было толькі +15, гэта рэкорд за 30-гадовую гісторыю назіранняў.
Цёплае надвор’е захаваецца і на выходных: 8 і 9 сакавіка прагназуюць на дзень ад +13 у Віцебску да +19 у Берасці. У панядзелак і аўторак будзе хіба крыху прахалодней, а сапраўды халадней мае стаць да серады: у аўторак да Беларусі дойдзе халодны фронт, які можа выклікаць навальніцы і залевы «як у пачатку траўня».
Міністэрства надзвычайных сітуацыяў адзначае значны рост колькасці і плошчы пажараў у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года. З пачатку года зафіксавалі ўжо 53 лясныя пажары, 36 з якіх ліквідавалі 6 сакавіка. 7 сакавіка гарэла тэрыторыя заказніка «Званец» у Берасцейскай вобласці, да якой цяжка дабрацца пажарнікам. Па ўсёй Берасцейскай вобласці 6–7 сакавіка забаранілі наведванне лясоў.
Разам з рызыкай згарэць у пажары захоўваецца рызыка патануць, праваліўшыся праз тонкі лёд: МНС адзначае, што з пацяпленнем фіксуецца рэзкае зніжэнне таўшчыні лёду на вадаёмах.
Міністэрства лясной гаспадаркі кажа, што будзе ўдзячнае за спрыянне ў барацьбе з ляснымі пажарамі. А ратаўнікі папярэджваюць, што часта прычынай пажару становіцца спальванне сухой травы (якое забаронена законам і пагражае штрафам да 1260 рублёў).
Прычына ж анамальнай цеплыні – глабальная змена клімату. 2024 год стаў самым цёплым у гісторыі назіранняў і ў Беларусі, і ў свеце. Змена клімату нясе не толькі пацяпленне, але і часцейшыя экстрэмальныя праявы надвор’я, як то залевы і ўраганы.
Алесь Наваборскі belsat.eu