навіны

Чаму ў Беларусі надзвычайная непагадзь? Змена клімату – гэта не проста плюс паўтара градуса

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрэва, якое паваліла ўраганам. Гомельская вобласць, Беларусь. 14 ліпеня 2024 года. (Фота: Mchs.gov.by)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрэва, якое паваліла ўраганам. Гомельская вобласць, Беларусь. 14 ліпеня 2024 года. (Фота: Mchs.gov.by)
podpis źródła zdjęcia

Ключавая мэта Парыжскіх пагадненняў, магчыма, ужо праваленая. На ўраганы бракуе катэгорыяў.

То спёка ў +37°С, то ўраганы… Беларусы ўжо не здзіўляюцца смерчам ці граду з курынае яйка, але ўсё яшчэ задаюцца пытаннем: што стала з надвор’ем? Эколагі маюць адказ, і ён горшы, чым можа здавацца бальшыні.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрэва, якое паваліла ўраганам. Гомельская вобласць, Беларусь. 14 ліпеня 2024 года. (Фота: Mchs.gov.by)
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрэва, якое паваліла ўраганам. Гомельская вобласць, Беларусь. 14 ліпеня 2024 года. (Фота: Mchs.gov.by)
Эколагі даўно кажуць не проста пра глабальнае пацяпленне, а пра змену клімату, выкліканую дзейнасцю чалавека. Можна адмаўляць змену клімату, але клімат дазваляе сабе адмаўляць людзям у пражыванні на звыклых тэрыторыях. На слыху чаканні падвышэння глабальнай тэмпературы на 1,5 °C з Парыжскага пагаднення. Але гэта не азначае толькі «была ў ліпені сярэдняя тэмпература +18 °С, стане + 19,5».
Экалагічны актывіст Аляксей Аўчыннікаў тлумачыць «Белсату»: змена клімату – прычына часцейшых экстрэмальных праяваў надвор’я.


,,

«Беларусь і ўвесь свет знаходзяцца ў стадыі змены клімату, гэта ўплывае на надвор’е, мы бачым больш анамальных з’яваў у надвор’і», – кажа Аўчыннікаў.


Адаптацыя да такіх зменаў клімату і змяншэнне наступстваў дзейнасці чалавека – самы вялікі выклік, які цяпер стаіць перад чалавечым грамадствам, перакананы эка-актывіст.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчынка каля вентылятара. (Фота: 46173 / Pixabay.com)

Ці можна захварэць ад кандыцыянера і ці дапамагае вентылятар? Важныя пытанні ў спякоту

навіны
Падрыхтавацца да анамальных з’яваў, як то нетыповай гарачыні ці раптоўных ураганаў, цяжка. Можна іх маніторыць, але яны могуць з’явіцца хутка і непрадказальна – як непрадказальна прыйшлі дажджы пасля спёкі. І хоць раптоўная спёка здаралася і 50, і 100 гадоў таму, цяпер экстрэмальныя падзеі куды часцейшыя – і куды экстрэмальнейшыя. Як напісаў «Scientific American»: «Гэта ўжо не летняя спёка тваіх дзядоў». Застаецца чытаць парады аб тым, як тую спёку перажыць.
Аўчыннікаў заклікае людзей удзельнічаць у экалагічных рухах і змяняць звычкі спажывання. І канстатуе: людзі ўсё яшчэ няшмат робяць, вунь у мінулым годзе былі пабітыя рэкорды выкарыстання выкапнёвага паліва, што ўплывае на выкіды парніковых газаў, а тыя выкіды ў сваю чаргу падвышаюць тэмпературы.
Праблема не толькі ў падвышэнні тэмператураў. Цяплее акіян – ад гэтага таяць ледавікі. Праз тое расце ўзровень мора. Ад таго могуць выміраць цэлыя віды раслінаў, як цяпер адбываецца ў Флорыдзе. Гэты ланцужок можа працягвацца амаль бясконца: не стане нейкай адной расліны, дык не стане казурак, якіх яна карміла, і тады не стане птушкі, якая харчавалася тымі казуркамі, а праз гэта з’явяцца іншыя жукі, якія шкодзяць іншым раслінам, а не стане тых раслінаў, пачнуцца пяшчаныя буры…
Могуць нават мяняцца цэлыя кліматычныя зоны. Гэта ўжо адбываецца ў тым ліку ў Беларусі, Польшчы, Украіне. Аўчыннікаў адзначае, што ва Украіне ўжо відаць, як «адыходзяць» лясы і «наступае» лесастэп.


,,

«Мы цяпер знаходзімся толькі на першых кроках змены клімату, – нагадвае эколаг. – Тое, што мы бачым, гэта толькі першыя крокі, а далей будзе, можа, нават складаней».


Парыжскае пагадненне, якое падпісала і Беларусь (толькі ўдзельнічае ў ім не надта актыўна), прадугледжвае высілкі дзеля таго, каб глабальная тэмпература не паднялася вышэй, чым на 1,5 °С адносна даіндустрыяльнага ўзроўню. Пагадненне прадугледжвае дзеянні на дзесяцігоддзі наперад, ды магчыма, мэта занадта амбіцыйная. Чэрвень 2024 года стаў 12-м запар месяцам, калі глабальная тэмпература перавышала даінтустрыяльны ўзровень на больш як 1,5 °С. Паводле іншых падлікаў, 12-м быў яшчэ травень.
Праграма навакольнага асяроддзя Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у канцы 2023 года дала несуцяшальны прагноз: нават калі выканаць усе безумоўныя нацыянальныя абавязальніцтвы Парыжскіх пагадненняў, да канца стагоддзя глабальная тэмпература вырасце на 2,9 °С адносна даіндустрыяльнага ўзроўню. Самае поўнае выкананне Парыжскіх пагадненняў дасць рост на 2,5 °С.
Калі змена клімату не запаволіцца, экстрэмальныя падзеі могуць стаць не проста часцейшымі. Эль-Ніньё – славутая анамалія ў Ціхім акіяне – можа стаць пастаяннай. Некаторым навукоўцам ужо бракуе пяці катэгорыяў ураганаў: просяць дадаць для ўраганаў катэгорыю 6. Можа, хутка тое, што было ў Беларусі аранжавым узроўнем небяспекі, стане лічыцца жоўтым.
Алесь Наваборскі belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10