Малады беларускі мастак Яраслаў Кірвель адкрыў 6 чэрвеня ў Варшаве сваю першую персанальную выставу партрэтаў «Дошка гонару». Усё зроблена ў «найлепшых традыцыях нашай слаўнай рэспублікі»: перабоі з электрычнасцю, гэдээраўская фуражка і Лёнік Тарасэвіч у мундзіры – у цэнтры экспазіцыі. Выстава ўрачыста адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі. «Белсат» пабываў на імпрэзе.
«Дошка гонару» – гэта 39 партрэтаў беларусаў на цэнтральнай сцяне залы і 12 (троху меншага фармату) – на бакавой (39 + 12). На партрэтах пазнаём Лёніка Тарасэвіча (у мундзіры – у цэнтры), Уладзіміра Някляева, Лявона Вольскага, Андрэя Хадановіча, Кацярыну Ваданосаву, Мікіту Найдзёнава, Сяргея Харэўскага, Вячаслава Барка, Алеся Дзянісава, Альгерда Бахарэвіча, Максіма Жбанкова, Уладзіміра Арлова і шмат іншых (некаторых не пазнаём).
А дзе Пазняк і Ціханоўская?
У ніжнім правым куце экспазіцыі – аўтапартрэт Яраслава Кірвеля, з падкручанымі вусамі і пільным позіркам – як подпіс пад усім праектам.
Але партрэтаў Святланы Ціханоўскай і Зянона Пазняка, пра якія так палка апавядаў нам мастак два гады таму, на «Дошцы гонару» не знаходзім. Пытанне пра іх адсутнасць – прызнаемся, нечаканую – пераносім на потым. Бо зала раптоўна пагружаецца ў цемру…
«Ай, нічога, беларусы могуць і без электрычнасці», – кажа адзін наведнік. «Спакойна, так некалі рабіў Чарнуха: вырубаў святло перад прэм'ераю «Гвалту», – кажа другі. Людзі супакойваюцца.
Праз некалькі хвілінаў з цемры пад ярка-зялёным гальштукам матэрыялізуецца музыка і актор («Лебядзіная песня Фёдара Возерава») Вячаслаў Кміт і пачынае цырымонію адкрыцця выставы «мастака рэспубліканскага і міжнароднага значэння». Кажа нешта пра «лета, маладосць і неказённы патрыятызм», але словы накрывае хваля воплескаў, бо каля мікрафона зʼяўляецца Яраслаў Кірвель. І вяртае людзям святло.
Мастак стаіць на фоне сваіх партрэтаў у фуражцы з чырвоным аколышкам і чырвоных шортах. Трымае ў руках кнігу.

«Я натхняўся, ствараючы гэтыя мастацкія творы, «Жывапісам Беларусі XII–XX стагоддзяў». Дзеячы культуры, якія тут прадстаўленыя, – гэта колер, гэта цвет нацыі, нашай беларускай культуры», – кажа Яраслаў Кірвель, папраўляючы фуражку і паказваючы гледачам альбом, які трымае ў руках.
«Высокаўпаўнаважанаму ў справах культуры» прыносяць чырвоныя гваздзікі.
«Дошка гонару» абвяшчаюць адкрытай, але арганізатары папярэджваюць, што троху пазней пройдзе яшчэ ўзнагароджанне.
«Дошка гонару» як іканастас
У грамадзе прысутных выхопліваем позірк паэта Мікіты Найдзёнава. Адзначаем, што на партрэце Кірвеля Мікіта (на сінім фоне) выглядае больш суровым.
,,«Мастак заўжды мае сваё мастацкае бачанне, і яно можа адрознівацца ад таго, як ты сам сябе бачыш… У работах Яраслава такія ўсе троху панурыя, задуменныя. Можа быць, трошкі больш замарочаныя, чым у жыцці. Але можа быць, гэта ягоны почырк. А можа, ён дастае ўнутраную сваю панурасць і паказвае ў сваіх работах. Хто яго ведае!.. А можа, таму, што на ўсіх скульптурах беларускіх партызанаў, яны ўсе такія змрочныя і пахмурныя, як тыя самыя беларускія партызаны на партрэтах Яраслава Кірвеля…» – разважае Мікіта Найдзёнаў.
Паэт прызнаецца, што з задавальненнем забраў бы партрэт дамоў. «І куды б павесілі?» – пытаемся. «У ванне», – адказвае Найдзёнаў.
Троху пазней Мікіта Найдзёнаў атрымае з рук Кірвеля спецыяльны дыплом, бо ягоны партрэт мастак напісаў для гэтага цыклу першым. І ўвага: партрэт Найдзёнава быў створаны яшчэ ў Беларусі! Сярод узнагароджаных будуць таксама музыка Алесь Дзянісаў, святар Вячаслаў Барок, куратарка Вольга Кліп, актор Вячаслаў Кміт ды іншыя.
Беларуска Вольга, з якой апынаемся побач, адзначае «цікавае і незвычайнае спалучэнне колераў» на партрэтах Кірвеля і прызнаецца, што, калі б ёй дазволілі, яна б забрала з сабою «партрэт ксяндза» Вячаслава Барка. «Гэта не проста «Дошка гонару», гэта амаль што іканастас», – дадае іншая жанчына.

Яшчэ адзін наведнік, які называе сябе Максімам, робіць паўзу, каб адказаць на пытанне, чаму мадэлі на партрэтах Яраслава ўсе такія сур'ёзныя – без усмешак.
«А што тут пасміхацца? Сурʼёзныя партрэты сурʼёзнага мастака», – не пасміхаецца наш суразмоўца.
«Улезлі не ўсе, нават Мікіта Мелказёраў не ўлез»
«Сурʼёзнага мастака» Яраслава Кірвеля пасля ўзнагароджання лёгка знаходзім дзякуючы чырвонай фуражцы, віншуем і просім адказаць на некалькі пытанняў. Першае – пра фуражку, другое – чаму няма партрэтаў Ціханоўскай і Пазняка.
«Фуражка? Увесь мой вобраз натхнёны эстэтыкаю Беларускага саюзу мастакоў, і ўсё зроблена менавіта паводле найлепшых традыцыяў нашай рэспублікі. Фуражка, дарэчы, – з сяброўскай Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі. Так, з ГДР. Калі быў на рэзідэнцыі ў Берліне, на барахолцы ўчыніў мастацкі акт куплі-продажу гэтай вось фуражкі», – тлумачыць аўтар «Дошкі гонару».

На штрыфлі чырвонага пінжака прыколаты нагрудны значок. Чытаем: «Умею пляваць на 25 метраў». Яраслаў рагоча. Папраўляе нас: «Умею плаваць 25 метраў!» Аказваецца, гэта значок «Освод БССР» – «Таварыства ратавання на водах». З таго самага цыклу, стылю і эпохі, што і саюз мастакоў.
«Наконт Святланы Ціханоўскай і Зянона Пазняка… Я падрыхтаваўся да гэтага пытання. Разумееш, не любая прастора дазваляе павесіць усё. Трэба зрабіць добра, а не паказаць усё, што ёсць. Дошка гонару не гумовая. Мы зрабілі, так сказаць, селекцыю і павесілі толькі культурніцкіх дзеячаў – гісторыкаў, пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў, паэтаў, музыкаў. Іх насамрэч значна болей – ёсць графічныя партрэты, ёсць жывапісныя. Улезлі не ўсе, нават Мікіта Мелказёраў не ўлез», – цярпліва тлумачыць мастак.
Ці будуць выстаўленыя ў адмысловым цыкле партрэты палітыкаў? Усё будзе залежыць ад наяўнасці адпаведнай пляцоўкі і часу на падрыхтоўку, адказвае Кірвель. Агулам ён стварыў больш за 100 партрэтаў выбітных беларусаў – выбіраць будзе з чаго.

«Жыццё віруе!.. Я ўчора ўвечары з'еў два кебабы запар»
Усе партрэты былі напісаныя з натуры. Акурат гэтым мастак тлумачыць некаторую панурасць сваіх персанажаў.
«Усе рабіліся з натуры. Нават аўтапартрэт. Людзі пазавалі мне, сядзелі 2-3 гадзіны перад маім мальбертам. Таму і панурыя», – адсланяе таямніцу Яраслаў Кірвель.
«Дошка гонару» – першая персанальная выстава мастака ў Варшаве. Да гэтага іншыя ягоныя карціны можна было пабачыць на выставах у Варшаўскай акадэміі мастацтваў, дзе Яраслаў працягвае вучыцца (ІІІ курс, факультэт жывапісу), і ў познанскай кавярні «My», дзе ў траўні 2025 года мастак паказаў свой праект «Kviecień».
«З сённяшняй выставы можна прасачыць, як развіваецца мой мастацкі стыль, – кажа Яраслаў Кірвель. – Бо першы партрэт Мікіты Найдзёнава быў зроблены яшчэ ў Беларусі, а партрэты з міні-дошкі гонару, дзе асобна вісяць 12 партрэтаў, – зусім нядаўна. Партрэт жа куратаркі Вольгі Кліп быў створаны літаральна ўчора – ужо з трохгадовым досведам Акадэміі мастацтваў. Мне здаецца, мой стыль змяняецца ад акадэмізму да экспрэсіянізму. Ды і людзей я стаў бачыць троху па-іншаму».

Нагадваем Яраславу, як два гады таму падчас інтэрвʼю ён разʼюшана паглынаў студэнцкую піцу і марыў пра бабку на абед. «Можа, тваё студэнцкае жыццё за гэтыя гады стала троху больш сытым?» – пытаемся ў мастака.
«Жыццё віруе! Жыццё пераасэнсоўваецца. Над жыццём рэфлексуецца. Я ўчора ўвечары зʼеў два кебабы запар. А сёння мала паеў. Проста не было часу…» – галодна, але вельмі чыста пазірае на нас Яраслаў Кірвель.
Партрэты Кірвеля можна набыць (ці замовіць), спісаўшыся з аўтарам.

Яраслаў Кірвель нарадзіўся ў 2003 годзе ў Горадні. «Беларускі мастак новага пакалення, чыя мастацкая практыка скіраваная на даследаванне візуальнай прысутнасці чалавека ў сучаснай гісторыі. Мастак нястомна працуе з выяваю, малюючы паўсюль: на прыпынку, у кавярні, у майстэрні, дома ці на канцэрце… У партрэтах прадстаўнікоў культурнага поля Кірвель спалучае дакументальную назіральнасць і моцную аўтарскую пластыку», – гаворыцца ў эксплікацыі да выставы.
Выставу партрэтаў Яраслава Кірвеля «Дошка гонару» можна паглядзець у варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11) да 1 ліпеня.
Зміцер Міраш belsat.eu