Больш за сотню беларусаў прыйшло на прэзентацыю кнігі апавяданняў «Гвалт» Аляксандра Чарнухі, якая адбылася 23 студзеня ў Музеі вольнай Беларусі. Імпрэза дала старт продажаў кнігі. Набыць «Гвалт» можна ў варшаўскай кнігарні «Кнігаўка». «Белсат» быў сярод наведнікаў прэзентацыі.
Пачынаецца – і ў зале гвалтоўна гасне святло. Прастора пагружаецца ў цемру, сціхаюць галасы. Аж ужо чакаеш крыку «Ратуй!». Але нешта пстрыкае, і цемра нараджае спачатку ціхія гукі музыкі, а потым – Аляксандру Чарнуху, які сядзіць з мікрафонам у руцэ на тле плакатаў Артура Вакарава «30она» і «Стоп» (дарожны знак з абрысамі Беларусі).
Чарнуха чытае «Глобстэра» – адно з апавяданняў ягонай новай кнігі «Гвалт». Пра мора, «хай сабе і маленькае, памерам са Шклоўскі раён». І пра Чорнае Нішто, аднойчы выкінутае на бераг нашай мары…
,,«Больш нідзе і ніколі не было такога Чорнага Нішто. Яно неабдымнае і ўнікальнае – і гэта безумоўная нагода для гонару. Вы кажаце, мора? Але што з таго мора?.. А вось Чорнае Нішто такое адно. Усе мы мусім палюбіць Чорнае Нішто, бо яно робіць нас асаблівымі», – гучыць голас Чарнухі.
«Саша Філіпенка павінен напружвацца?»
У атачэнні сіняватай паўцемры, вялікіх плакатаў праекту «30 гадоў дыктатуры ў 30 постарах» і змрочнага эмбіенту Albert aka Scarlett гэта гучала сапраўды злавесна. Святло залівае залу толькі пасля кропкі. «Мора патрэбна ўсім». Перформанс пад «Глобстэра» сустрэты выбухам воплескаў.
Аўтар «Гвалту», адкладае кніжку, пасміхаецца і дзякуе ўсім, хто прыйшоў на сустрэчу і хто падтрымаў яе выданне грашыма на платформе «Гронка».
Толькі калі святло вяртаецца напоўніцу, можам ацаніць, колькі людзей слухала Аляксандра Чарнуху. Экспазіцыйная зала музею запоўненая пад самую завязку. Многія стаяць, бо крэслаў на ўсіх не хапіла. Такога тут даўно не было, прынамсі на кніжных прэзентацыях.
Адна з арганізатарак імпрэзы пазней прызнаецца, што паводле колькасці наведнікаў з прэм'ерай «Гвалту» магла б паспрачацца хіба сустрэча з пісьменнікам Сашам Філіпенкам у чэрвені 2024 года. Але адзін з нашых калегаў сцвярджае, што на Чарнуху прыйшло ўсё ж больш чытачоў.
Аўтару «Гвалту» падчас спаткання задалі больш за 20 пытанняў з залы! Адно з іх, дарэчы, тычылася Сашы Філіпенкі.
,,«Раней, калі казалі пра пісьменніка Сашу, то ўсе ведалі, што вядзецца, хутчэй за ўсё, пра Сашу Філіпенку (аўтар раманаў «Былы сын», «Крэмулятар», «Чырвоны крыж» ды іншых – рэд.). А цяпер вось з'явіўся яшчэ Саша Чарнуха. Філіпенка павінен ужо напружвацца?..» – пытаецца адзін з наведнікаў.
«Давайце пакінем элемент спаборніцтва спорту. Там ёсць абʼектыўныя крытэрыі, паводле якіх адна каманда перамагае другую. Мастацтва і літаратура – гэта субʼектыўная тэрыторыя. Некаму падабаецца Філіпенка, камусьці – Бахарэвіч, камусь – Алексіевіч, а каму-небудзь Чарнуха. Мне вельмі хацелася б, каб нас было шмат і мы былі розныя. Каб мы пісалі на розныя тэмы і размаўлялі з людзьмі. Каб тэрыторыя беларускай літаратуры пашыралася аж да таго, што пра яе феномен загаворыць увесь свет. Вось што для мяне важна. Спаборніцтвы з іншымі пісьменнікамі мяне не цікавяць увогуле», – адказвае Аляксандр Чарнуха.

«Гэтыя людзі ўжо атрымалі ад мяне «Бульбянога боўдзілу»
Пісьменнік распавядае, што пісаў кнігу два гады. Яна складаецца з 10 апавяданняў, якія даследуюць тэму гвалту ў самых розных яго праявах. Гэта другая кніга Чарнухі. Першая – «Свінні» – была напісаная ў 2020 годзе на расейскай мове і вытрымала некалькі выданняў, была перакладзеная на беларускую. У адрозненні ад зʼедліва сатырычных «Свінняў», новая кніга аўтара больш глыбокая і сурʼёзная. Месцамі – жудасна сурʼёзная.
«Бачачы, колькі яшчэ вакол тэмаў для іншых апавяданняў пра гвалт, табе самому не стала страшна? Тое, напрыклад, што гучыць з лукашэнкаўскай сцэны, – гэта хіба не праява гвалту над усімі намі?» – пытаецца з залы журналіст Зміцер Лукашук.
«Што тычыцца сцэны лукашэнкаўскай, гэтыя людзі атрымалі ад мяне ўжо «Бульбянога боўдзілу», а я ад іх – статус «экстрэміста», таму мы абмяняліся кампліментамі. Але сапраўды, гэтую кнігу можна яшчэ пісаць і пісаць. Пісаць бясконца, на жаль. Але ў маёй галаве выбудаваліся менавіта гэтыя 10 апавяданняў… Усе сюжэты спісаныя з нашага жыцця. І я ўпэўнены, што вакол іх можна будаваць дыскусію», – кажа Чарнуха.
Увогуле словы «дыскусія» і «дыялог» гучалі на прэзентацыі з вуснаў аўтара ці не часцей за іншыя (за выключэннем, канешне, ключавога слова «гвалт»). Гэтак, адна з наведніцаў пытаецца, ці магчымы – і ці ўвогуле патрэбны – дыялог з людзьмі, якія самі чыняць гвалт.
,,«Дыялог заўсёды патрэбны. Мне здаецца, без дыялогу нічога не адбываецца. Калі хтосьці ўпэўнены ў сваім меркаванні і лічыць, што яно адзінае правільнае, а астатнія пункты гледжання – лухта, гэта можа прывесці да жудасных наступстваў. Размаўляць трэба з усімі, хто хоча размаўляць і хто гатовы да гэтай размовы», – адказвае аўтар.

«Чалавек – самая бязлітасная істота на гэтым свеце»
Аляксандр Чарнуха выказвае пэўнасць, што ягоны «Гвалт» карысна будзе пачытаць і самым драпежным гвалтаўнікам. Напэўна, нават забойцы беларускі Лізы, якога асудзілі нядаўна ў Варшаве на пажыццёвы тэрмін. «Ці былі нейкія перасячэнні з хэштэгам #хопіцьгвалціць?» – пытаецца дзяўчына з залы.
«Я шчыра лічу, што любы гвалт непрымальны. Іншая справа, што прырода чалавека ўладкаваная такім чынам, што мы не абыходзімся без гвалту ў нейкіх яго праявах. Тое, што адбылося з Лізай у Варшаве, – страшна і непрымальна. У мяне няма словаў, каб выказаць, наколькі гэта страшна. І ў гэтай кнізе ёсць апавяданне, заснаванае на рэальнай гісторыі, якая, праўда, здарылася не ў Варшаве…» – гаворыць Аляксандр Чарнуха, сцісла пераказваючы сюжэт апавядання «Чарапаха».
«Чалавек – гэта самая жорсткая і самая бязлітасная істота на гэтым свеце», – дадае ён.
Мікрафон працягвае хадзіць па аўдыторыі. Адзін з беларусаў заўважае, што ўсе ўжо вельмі стомленыя навінамі пра гвалт. «Ці не лацвей будзе жыць, калі мы проста перастанем яго заўважаць?» – цікавіцца наведнік.
«Я таксама адчуваю стомленасць ад гэтага. Інфармацыя ляціць на нас з усіх бакоў, мы жывём у вельмі хуткі час. І мы падыходзім да таго пункту, калі проста немагчыма такую колькасць інфармацыі пра гвалт, якая льецца на нас, перапрацаваць. Адзінае выйсце – фільтраваць яе, глядзець, на што ты можаш паўплываць, а на што – не. Змяняць сябе, дапамагаць сабе ў першую чаргу, каб пасля дапамагаць іншым.
,,Калі заплюшчыш вочы на вонкавы гвалт – гэта не значыць, што ён знікне. Калі ты накрыешся коўдрай з галавой, прывід пад тваім ложкам нікуды не знікне. Будзеш уставаць – і ён усё адно схопіць цябе за пятку…» – разважаў аўтар «Гвалту».
«Абняўся б з Міхалком»
У Чарнухі пытаюцца, што лягчэй – пісаць мастацкую прозу ці музычную крытыку («Гэта абсалютна розныя рэчы»). Цікавяцца, ці можна чытаць «Гвалт» з любога месца («Так, можна пачаць нават з апошняга апавядання «Дзяльба кабанчыка»). Задаюць пытанне, які саўндтрэк падабраў бы да сваёй кнігі («Пісанне – свайго роду медытацыя, патрэбная цішыня»).
«Цікава, каб ты зараз жыў не ў Польшчы, а ў якой-небудзь цёплай краіне, ці назваў бы ты сваю кніжку «Гвалт» і ці пісаў бы менавіта пра гэта?» – ляціць чарговае пытанне з залы.
«Намёк на тое, што кніжку нарадзіла гэтая варшаўская цемра, так?.. Штосьці ў гэтым ёсць. Кожным зімовым ранкам я прачынаюся ў Варшаве і думаю: што я ўвогуле тут раблю, у гэтай цемры? Але мне здаецца, што, калі б я зараз жыў у якой-небудзь сонечнай краіне, – усё адно напісаў бы кнігу акурат пра гэта… Гэтыя сюжэты нібыта зашытыя ўнутры цябе. Усе нашыя сюжэты – гэта наш персанальны досвед, так ці інакш», – адказвае Аляксандр Чарнуха, які, як прызнаўся, ужо спакаваў валізы, каб паехаць са сваёй новай кнігай у вялікі тур (29 студзеня – 9 сакавіка) па Амерыцы (таксама далёка не ўсюды сонечнай).

Дыскусія з Чарнухам у Музеі вольнай Беларусі доўжылася больш за гадзіну. Потым пісьменнік ладзіў аўтограф-сесію. Чарга з чытачоў, якія ўжо набылі кнігу (кошт – 50 злотых, гэта каля 11 еўраў) расцягнулася на добры дзясятак метраў.
Адно з апошніх, дарэчы, пытанняў падчас сустрэчы тычылася якраз аўтографаў.
«Як бы ты падпісаў сваю кнігу для Сяргея Міхалка і Макса Каржа, калі б, уявім сабе, яны прыйшлі на прэзентацыю?» – з правакацыйнай усмешкай запытаўся адзін з удзельнікаў дыскусіі (Аляксандр Чарнуха ў сваім «Міністэрстве сепультуры» вельмі крытычна выказваўся пра выканаўцаў).
«Я б вельмі моцна здзівіўся, каб яны прыйшлі сюды. А прыйшлі б – з задавальненнем падпісаў бы ім кнігу, так, як і астатнім наведнікам. Яны не горшыя і не лепшыя за астатніх. А што ў гэтым такога? Я б паціснуў руку, абняўся б з Міхалком і сказаў бы: мае вы родненькія! Як бы падпісаў кнігу? «Беражы сябе!» – напісаў бы. Зычыў бы, каб у іх жыцці было менш гвалту», – адказаў Аляксандр Чарнуха.
Кніга Аляксандра Чарнухі «Гвалт» выйшла ў беларускім выдавецтве «Янушкевіч». Ілюстрацыі да апавяданняў стварыла жонка пісьменніка Таісія Чарнуха. Выданне кнігі стала магчыма дзякуючы фундатарам, якія падтрымалі праект на краўдфандынгавай платформе «Gronka». Прозвішчы гэтых людзей пералічаныя на апошняй старонцы выдання.
Зміцер Міраш belsat.eu