навіны

«Трэцяга лютага ў Берліне я закахаўся». Пісьменнік Саша Філіпенка шчыра паразмаўляў з поўнай залай у Варшаве

Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Збіраць поўныя залы Філіпенку дапамагае добрае пачуццё гумару.

«Ідзе 52-ая хвіліна матчу паміж Іспаніяй і Харватыяй», – хапаючыся за тэлефон падчас свайго выступу Саша Філіпенка нагадваў, што ён заўзятар футболу. «Толькі не кажыце ліку!» – крычалі з залы. 15 чэрвеня пісьменніцкі стэндап, з якім аўтар ездзіць па гарадах Польшчы, дабраўся да Варшавы, сустрэча прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі. Пісьменнік сеў на крэсла, ля крэсла стаяў кілішак белага віна – і ўсё пайшло не паводле плану.
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
70 квіткоў на сустрэчу прададзеныя і продаж спыненыя: паслухаць Філіпенку каштавала 65–80 злотых (прыкладна 50–65 рублёў). У запоўненай зале – пераважна жанчыны, хіба яны больш чытаюць. На століку ляжаць кнігі на продаж.


,,

«Я вельмі заклікаю, калі ў вас ёсць пытанне альбо вы хочаце нешта сказаць, выкрыкнуць: «Гэта няпраўда, у нас у Беларусі заўсёды былі сумленныя выбары». Перабівайце і давайце пра ўсё размаўляць», – пачаў Саша Філіпенка.


Паводле анонсу, на пісьменніцкім стэндапе – такая фармулёўка, вядома, больш прыцягальная за «творчы вечар» – Саша Філіпенка меўся расказаць, «як тэксты адлюстроўваюць час, размываючы межы паміж рэальнасцю і вымыслам, як пісьменнікі становяцца праваднікамі гісторыі», а таксама пра «ўнікальны досвед працы ў архівах розных краінаў і падарожжы па слядах герояў сваіх раманаў».
Пісьменнік часта кажа, што не любіць рабіць таго, чаго ад яго чакаюць: хіба таму ў выступе не закрануў нічога з пазначаных тэмаў. Зрэшты, расчараванымі наведнікі, здаецца, не засталіся. Стэндап – сапраўды з жартамі і перакідваннем слоўцам з публікаю – стаўся аповедам пра жыццё і прафесійны шлях пісьменніка.


,,

«Я заўсёды з павагаю ставіўся да кніг і лічыў іх крыніцай узбагачэння, бо бабуля хавала ў кнігах грошы», – кажа ён.


Дарэчы, збіраць поўныя залы на «творчых вечарах» Філіпенку дапамагае добрае пачуццё гумару і веданне дастаткова вялікай колькасці жыццёвых анекдотаў.
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Зала выбухнула на расказе пра настаўніцу расейскай літаратуры Лідзію Іванаўну, якая казала, што ў Сашы Філіпенкі ніколі нічога не атрымаецца: «Нядаўна я выступаў у Сарбоне і запісаў відэа, дзе пажартаваў, што гэта не шум вуліцы, а Лідзія Іванаўна круціцца ў труне праз тое, што Філіпенка чытае лекцыю ў Сарбоне. На наступны дзень мне даслалі фотаздымак з тэкстам: «Саша, добры дзень, Лідзія Іванаўна жывая. І перадае вам прывітанне».
Храналагічна аповед, вядома, дайшоў да «Былога сына», якога не ўдалося выдаць на радзіме, затое атрымалася выдаць у Расеі: «Я падумаў, трэба публікаваць «Былога сына» ў Беларусі, яна ж важная менавіта ў Беларусі. І пачаў хадзіць па дзяржаўных выдавецтвах, калі прыязджаў у Менск. Яны чыталі і казалі: «Вы сур’ёзна?» Тады яшчэ не было звычкі адразу тэлефанаваць у ГУБАЗіК. Кніга, дарэчы, не прыдалася і ліберальна-апазіцыйным выдавецтвам, якія казалі, што яна нікому не будзе цікавая».
Нядаўна, як расказаў пісьменнік, назваўшы гэта бумерангам аддушыны, за тое, каб выдаць «Былога сына» ў Францыі, паміж сабою змагаліся 6 французскіх выдавецтваў. Саша Філіпенка паразважаў пра свае раманы і сказаў: «Давайце пачытаем». І перайшоў на беларускую мову.
Паводле праграмы, пісьменнік мусіў чытаць урыўкі са свайго апошняга раману «Крэмулятар», але прачытаў спіч, з якім 6 чэрвеня выступіў на форуме «Люксембургскія рашэнні», ініцыяваным Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы і Святланаю Ціханоўскаю. Пра тое, як выглядае сённяшняя Беларусь за фасадам чыстых вуліцаў, якія бачыць заходнееўрапеец.
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
«Давайце, калі ў вас ёсць пытанні, я адкажу на іх, а калі не – пойдзем глядзець футбол», – сказаў Філіпенка па заканчэнні, і павісла заўважная паўза. У выніку размова цягнулася яшчэ больш за гадзіну.


,,

«Калі мы вернемся?» – прагучала з залы. Пісьменнік прапанаваў дамовіцца, што калі будзе зручна, але трэба ехаць усім разам. «Заўтра», – сказалі ў зале. «Тады нам усім трэба збірацца, але я заўтра не магу, у мяне яшчэ выступ у Беластоку», – адказаў Філіпенка.


Госці пыталі, ці падтрымлівае Саша Філіпенка сувязь з Альгердам Бахарэвічам, наколькі вялікая ў яго калекцыя шкарпэтак, як ставіцца да крытыкі альбо як стаць пісьменнікам.


,,

«Нядаўна я атрымліваў дакументы ў міграцыйнай службе ў Швейцарыі, і афіцэр службы сказаў мне: «Вам трэба знайсці нармальную працу». Я кажу, гэта мая праца, у мяне кнігі перакладзеныя на шмат моваў, ідуць пастаноўкі ў тэатрах. Ён кажа: «Не-не, чувак, можаш мне не расказваць, знайдзі сабе нармальную працу».


Саша Філіпенка прызнаўся, што нарэшце пачаў пісаць новую кнігу, але не стаў расказваць, пра што яна: «Нават не праз забабоны, але заўтра я прачнуся – і можа аказацца так, што я яе больш не пішу. Мой камп’ютар запоўнены ідэямі розных раманаў, якія я пачынаў і адкідваў. Цяпер мне здаецца, што я вельмі паглыблены ў ідэю, выглядае так, што я сапраўды пішу новую кнігу, але ёсць верагоднасць, што я вам раскажу, а ў выніку яе не напішу».
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
Выступ пісьменніка Сашы Філіпенкі ў Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 15 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
У пісьменніка пыталіся, як скончацца наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (адказ – элегантнаю перамогаю), ці рэфлексуе наконт неідэальнасці ўрыўкаў ужо напісаных кніг (не, інакш іх можна перапісваць да бясконцасці), да якой кнігі Саша Філіпенка ўвесь час вяртаецца («Восень патрыярха» Габрыеля Гарсіі Маркеса), з кім з культавых асобаў хацеў бы сустрэцца (з Лідзіяй Іванаўнай), як ставіцца да таго, што яго часта ўспрымаюць часткаю не беларускай, а расейскай літаратуры (а суддзі хто?), ці змянілася стаўленне да расейцаў пасля пачатку поўнамаштабнай вайны (не).
Урэшце, адна з наведніц запыталася пра галоўнае ўражанне гэтага года. Пасля паўзы Саша Філіпенка прызнаўся:


,,

«Трэцяга лютага пасля спектаклю ў Берліне я закахаўся. Я не ўяўляў, што такое са мною можа здарыцца».


Размова цягнулася дзве гадзіны – наведнікі выстраілася ў доўгую чаргу з кнігамі па подпіс.
Ірэна Кацяловіч belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10