Акруговы суд Варшавы прызначыў пажыццёвае зняволенне 23-гадоваму забойцу беларускі Лізы, перадае карэспандэнт «Белсату». Менавіта такое пакаранне запытваў бок абвінавачання.
Акруговы суд Варшавы агучыў вырак у справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы. Дор'яна С. асудзілі на пажыццёвае зняволенне.
Акрамя таго, суд абавязаў злачынцу выплаціць 200 тысячаў злотых пацярпеламу боку (каля 48 тысячаў долараў у пераліку).
Пачуўшы прысуд, Дор'ян С. не выказаў ніякай рэакцыі.
«На меркаванне суда, прызначанае абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі адпавядае грамадскай шкодзе, што зрабіў учынак, і ступені цяжару для асобы, якая сваім учынкам парушыла самае важнае для чалавека: свабоду і жыццё», – сказаў суддзя.
Паводле версіі абвінавачанага, ён не хацеў ані забіваць, ані гвалтаваць сваёй ахвяры, а толькі абрабаваць, але запіс камеры назірання даў падставы зрабіць іншыя высновы, падкрэсліў суддзя. Звычайна, калі ёсць намер нешта скрасці, злачынцы хапаюць здабычу і ўцякаюць. Аднак не ў гэтым выпадку:
,,«Абвінавачаны не ўцякае. Ён прыціскаецца целам і проста нападае. Намер падаецца відавочным: проста абвінавачаны хоча сексуалізавана эксплуатаваць ахвяру».
На відэазапісы бачна, як маладзён спрабаваў пацалаваць Лізу, але яна адхілілася. Як паведаміў суддзя, на гэтым моманце адна з адвакатак адвярнула галаву ад экрану, бо проста не магла на гэта глядзець.
Пасля згвалтавання Дор'ян сабраў рэчы і пайшоў «спакойна і ўпэўнена».

Суддзя адзначыў, што менавіта такая ўпэўненасць сведчыць: абвінавачаны ўсведамляў, што ён робіць. Таму адвакаты, якія ставілі пад сумнеў вынікі экспертызы аб стане свядомасці фігуранта, не маюць рацыі:
,,«Абвінавачаны робіць тое, каб задаволіць юр. Ён ужывае гвалт, даводзіць яе да такога стану, у якім яна не можа абараніцца. Ён робіць усё максімальна рацыянальна з пункту гледжання мэты, якую ён паставіў і якой дасягнуў. Ну як у такой сітуацыі можна казаць, што абвінавачаны не мог кіраваць сваімі дзеяннямі, калі ён дасягае мэты?»
Да таго ж Дор'ян С. пасля ўсяго, што нарабіў, перабіраў рэчы Лізы, забраў толькі тое, што мела каштоўнасць:
«Абвінавачаны не збег з месца злачынства, у ягоных дзеяннях нельга ўбачыць шаленства, ён спакойны».
Суддзя таксама растлумачыў, што істотную частку працэсу правялі за зачыненымі дзвярыма, каб не правакаваць нянавісць у інтэрнэце, паводле яго, «каб не даваць нагоды розным інтэрнэт-ненавіснікам».
Падчас спрэчак бакоў на папярэднім судовым паседжанні абвінавачанне запатрабавала для фігуранта справы пажыццёвае зняволенне. Ягоныя адвакаты пры гэтым прасілі больш мяккае пакаранне і ставілі пад сумнеў высновы экспертаў, якія пастанавілі, што Дор'ян С. – у прытомным стане. У апошнім слове злачынца перапрасіў за тое, што ўчыніў.
Дор'ян С. напаў на беларуску Лізу ў цэнтры Варшавы летась у ноч на 25 лютага. Паводле версіі следства, з якой цяпер пагадзіўся суд, Дор'ян С. згвалтаваў дзяўчыну і намагаўся яе задушыць. Пасля гэтага, забраўшы ейныя банкаўскія карткі і тэлефон, ён пайшоў дадому.
Лізу шпіталізавалі ў крытычным стане, і праз шэсць дзён яна памерла.
Дар’я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu