24 траўня ў Варшаве абвясцілі лаўрэата прэміі імя Наталлі Арсенневай. Перамог паэт Сяргей Прылуцкі – за зборнік вершаў «Нічога нястрашнага». Журы абрала кнігу Прылуцкага сярод трох зборнікаў кароткага спісу прэміі. «Нічога нястрашнага» канкуравала ў фінале з кнігаю вершаў да оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Андрэя Хадановіча і зборнікам «Момант цішыні» Надзеі Амельчанкі (звесткі пра кнігу і аўтарства зашыфраваныя з меркаванняў бяспекі). «Белсат» пабываў на цырымоніі ўзнагароджання.