Выправа Лукашэнкі ў Кітай завяршылася сустрэчаю са старшынём КНР Сі Цзінь Пінам. Што не так з ягоным візітам у Кітай і што засталося за прыгожымі кадрамі з ганаровай вартаю ды чырвоным дываном? Якія праблемы ў дачыненнях Менску з Пекінам? Пра гэта ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою разважае доктар палітычных навук і дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч і журналіст Зміцер Міцкевіч.
Сяргей Пеляса: Візіт Лукашэнкі ў Кітай прадставілі як паездку на сямейны абед да прэзідэнта Сі. На вашую думку: ці сапраўды сямейны абед, пра які казаў амбасадар Снапкоў, быў сапраўднаю мэтаю візіту?
Андрэй Казакевіч: У беларуска-кітайскіх адносінах вельмі вялікі элемент – гэта PR. Калі кажуць прыгожыя словы, апавядаюць цікавыя гісторыі, але гэта рэдка пераўтвараецца ў значныя для Беларусі праекты. Складваецца ўражанне, што ўлады Беларусі з гэтага візіту па максімуме хацелі выціснуць, і самаю каштоўнай аказалася такая PR-акцыя. Прадэманстраваць, што высокі ўзровень кантакту захоўваецца, што Кітай прызнае Аляксандра Лукашэнку ў якасці прэзідэнта. Што няма праблемаў для прагрэсу ў стасунках, але нейкага зместу мы не пачулі. Гэта не першы раз, калі мы кажам пра сустрэчы ці супрацу паміж Кітаем і Беларуссю.
Сяргей Пеляса: Зміцер, Андрэй кажа, што Кітай пацвердзіў, маўляў, прызнае Лукашэнку прэзідэнтам. Цікава, што Сі Цзінь Пін павіншаваў, а прайшло шмат месяцаў. Навошта цяпер віншаваць? Гэта проста была нагода – асабістая сустрэча? Як ты бачыш гэтую паездку і віншаванні?
Зміцер Міцкевіч: Я вывучаў усе выказванні кітайскага боку і мне прыгадалася прымаўка «Дай паехаў у Кітай». Гэта было яно. Лукашэнка чарговы раз паехаў, каб штосьці атрымаць, каб нешта далі. Падобна, вялося пра ажыўленне эканамічных праектаў. Мы некалькі разоў і апошнімі днямі чулі, што, маўляў, не атрымалася рэалізаваць праекту з чыгункай. Для кітайцаў таксама гэта было лагічна. Сабраныя кітайскія тавары, якія паедуць у Еўропу з Беларусі. Для гэтага інвестыцыя і рабілася. Таму, падобна, яны таксама не задаволеныя тым, што адбываецца. Бачна, што Лукашэнку чарговы раз трэба было нешта запытацца. Маўляў, давайце яшчэ што зробім, а можа, нейкім чынам мы можам быць карысныя. Яму трэба атрымаць акрамя віншавання ў перамозе ў гэтак званых выбарах нейкую рэальную плюшку, якая дапаможа паказаць перад Пуціным, што нейкія стратэгічныя праекты рэалізоўваем, бо пакуль прадэманстраваць няма чаго.
,,Андрэй Казакевіч: Гэта важны элемент стасункаў Беларусі з Кітаем. Можна згадаць, што ўлады дамагліся, каб Сі Цзінь Пін павіншаваў Лукашэнку першым у 2020 годзе. Яны таксама дамагліся таго, каб было зафіксаванае прызнанне вынікаў рэферэндуму 2022 года Кітаем. Гэта было зафіксавана ў дакументах. Гэта частка, што адпрацоўвае ў стасунках Беларусь з Кітаем, агучванне прызнання легітымнасці Лукашэнкі. Пэўна, гэта важна, улічваючы крызіс стасункаў з Захадам і праблемы з легітымнасцю ў Еўропе і ЗША.
Сяргей Пеляса: Працытую Лукашэнку: «Мы асабліва не афішуем нашых сустрэчаў з патрэбнымі нам людзьмі, каторыя гатовыя з намі працаваць. Як кажа мой стары сябар Сі Цзінь Пін, трэба рабіць усё хутка, часам спакойна, але ціха. Мы так і працуем». Што гэта за ціхая спакойная праца, якая вядзецца за кулісамі? Ясна, што мы не ведаем, але чаго можа датычыць? Можа, выхаду беларускіх вытворцаў на кітайскі рынак? Мы бачым, што гэта праблема, баланс гандлю не на карысць Беларусі.
Андрэй Казакевіч: Мой досвед аналізу вонкавай палітыкі розных краінаў паказвае, што, калі кажуць пра нешта закрытае і таемнае, у 70–80 % гэта азначае, што там нічога няма. Я не выключаю, але не разумею, навошта прэзідэнт вядзе гэтыя перамовы з нейкімі невядомымі ці патрэбнымі людзьмі. Калі гаворка пра канкрэтныя праекты, напрыклад, гандаль, тарыфы, доступ да кітайскага рынку, можа, нейкія індустрыйныя праекты, гэтым мусіць займацца профільнае міністэрства. Для гэтага ёсць урад і вялікая колькасць іншых спецыяльна навучаных людзей. Навошта для гэтага прэзідэнту быць два дні, гэта дзіўна. Звычайна прэзідэнт мусіць сустракацца з людзьмі свайго ўзроўню. У гэтым ягоная функцыя ў вонкавай палітыцы. Усё астатняе ён дэлегуе. Мне цяжка ўявіць, як Лукашэнка вядзе перамовы пра тарыфы на нейкую прадукцыю. Думаю, ён папросту не ў тэме нейкіх дэталяў. Напэўна, асноўнае, што хацеў бы беларускі бок атрымаць, – доступ да кітайскага рынку. Ёсць шмат абмежаванняў, розных праблем, але мы не бачым дынамікі. Беларусь, нягледзячы на ўсе дэкларацыі, не мае пагаднення пра вольны гандаль з Кітаем, як мае Сербія, іншыя краіны. Хутчэй за ўсё, Беларусь не гатовая здымаць многіх абмежаванняў, бо гэта пагражае сур'ёзнай канкурэнцыяй на беларускім рынку. Перспектывы такога доступу да прарыву на кітайскі рынак не выглядаюць верагодна.
belsat.eu