Бацька аднаго з найбагацейшых у свеце бізнесоўцаў Ілана Маска, Эрал Маск, заяўлены сярод спікераў «Форуму будучыні 2050», які праводзіцца інстытутам «Царьград» 9–10 чэрвеня ў Маскве. Гэта заўважыў «Парламенцкі канал».
Дырэктар інстытуту – Аляксандр Дугін, якога называюць ідэолагам вайны. У яго ўльтранацыяналістычныя і імперыялістычныя погляды. Некаторыя даследнікі лічаць яго фашыстам.

Сярод тэмаў на форуме: «Барацьба за душы і розумы. Ідэалогія суверэннай Расеі», «Расейскі космас. Гонка за Марс», «Лічбавы суверэнітэт. ШІ на службе Расеі», «Патрыятычнае выхаванне. Вобраз героя нашага часу», «Войны будучыні. Гейміфікацыя вайны».
У інтэрв'ю «BBC Russian» у красавіку 2025 года Эрал Маск заявіў, што «па-дурному не захапляцца Пуціным», назваўшы яго «моцным лідарам». Ён таксама выказаў сумнеў у адназначнай адказнасці Расеі за пачатак вайны ва Украіне, адзначыўшы, што «толькі з часам можна будзе зразумець, хто сапраўды пачаў» канфлікт.
Тым часам сын Эрала Маска, Ілан Маск, сварыцца з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам. У гутарцы з «Белсатам» палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначаў, што на фоне канфлікту дзеянні Маска могуць быць непрадказальныя. Не выключана, што Маск, напрыклад, нашкодзіць пазіцыям Украіны ў вайне з Расеяй з дапамогаю спадарожнікаў «Starlink» кампаніі Маска, якімі карыстаецца Украіна.
Арсен Рудэнка belsat.eu