навіны

Хутчэй не стала: чэргі на беларуска-польскай мяжы

Чарга на беларуска-польскай мяжы. Фота: памежныя чаты
Чарга на беларуска-польскай мяжы. Фота: памежныя чаты
podpis źródła zdjęcia

Сітуацыя на беларуска-польскім памежным пераходзе застаецца стабільна складанай. Чакаць у чэргах даводзіцца ўжо некалькі содняў. 

Станам на 12-ую гадзіну 7 чэрвеня сайт Дзяржаўнага памежнага камітэту паведамляе, што на мяжы ў зоне чакання сістэмы электроннай чаргі зарэгістравана 1860 легкавых аўтамабіляў.

Сама сістэма ацэньвае, што пры тэмпах, якія захоўваюцца цяпер, чаканне выкліку ў зону праходжання кантролю адбудзецца праз 4 дні. Такім чынам, выклікаюцца на 7 чэрвеня тыя, хто рэгістраваўся ў электроннай чарзе ў сераду, 4 чэрвеня.

Агулам даводзіцца чакаць больш за двое содняў, часам даходзіць да трох. 

Паведамленні ад карыстальнікаў памежнага чату пра праходжанне мяжы. Фота: скрыншоты з чату
Паведамленні ад карыстальнікаў памежнага чату пра праходжанне мяжы. Фота: скрыншоты з чату
Чытайце таксама:
Чарга ў Берасці перад памежным пераходам у бок Польшчы. 5 чэрвеня 2025 года. Фота: granica_bypl / Telegram

Памежная ахова Польшчы растлумачыла замінкі на мяжы: вінаватыя мігранты

Падарожнікам, якія наважваюцца ехаць аўтобусам і падсаджваюцца на мяжы ў першы аўтобус перад заездам на памежны пераход, удаецца прайсці ўсю мяжу прыблізна за 8 гадзінаў. Адзін з пасажыраў увогуле піша, што ўся паездка ад Менску да Вроцлава заняла 20 гадзінаў, што ва ўмовах нядаўняга калапсу – зусім някепскі вынік.

З польскага боку ў Тэрэспалі відавочцы пішуць, што чырвоныя каналы занятыя, зялёны жа адносна свабодны. Вялікіх чэргаў не назіраецца. Тое ж пацвярджае і Польская памежная ахова, у графіках якой час чакання як для легкавых аўтамабіляў, так і для аўтобусаў пазначаны як «0 гадзінаў».

На памежным пераходзе паміж Беларуссю і Літвой «Каменны Лог» – «Мядзінінкай» сітуацыя адваротная: у кірунку Беларусі чарга большая, рухаецца павольна, часам удаецца прайсці яе хутка, часам праходжанне займае да 9 гадзінаў. Падарожнікі скардзяцца, што літоўскія памежнікі працуюць павольна. З беларускага боку вялікіх чэргаў, са словаў удзельнікаў памежных чатаў, не назіраецца.

Нагадаем, што 5 чэрвеня на беларуска-польскай мяжы ўтварыліся вялікія чэргі. Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі бок перастаў прымаць аўтобусы. Пазней у Памежнай ахове Польшчы запэўнілі, што не спынялі пропуску транспарту на памежным пераходзе ў Тэрэспалі, аднак адзначылі, што хуткасць афармлення наўпрост залежыць ад нерэгулярных мігрантаў.

Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Дар'юш Сеніцкі адзначыў, што з увагі на нерэгулярных мігрантаў даводзіцца накіроўваць службоўцаў на гэтак званую зялёную мяжу, дзе парушальнікі намагаюцца трапіць на тэрыторыю Польшчы.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10