Польшча на 90 дзён падоўжыла дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Адпаведную пастанову падпісаў кіраўнік МУС Польшчы, паведамляе ведамства на сваёй старонцы ў Facebook.
Пастанова набывае моц з 8 чэрвеня. Паводле звестак МУС Польшчы, буферная зона апраўдвае сябе.
«Пасля амаль 372 дзён яе працы колькасць спробаў нелегальнага пераходу польска-беларускай мяжы скарацілася прыкладна на 28 адсоткаў», – адзначае МУС Польшчы.
Буферная зона з'явілася 13 чэрвеня 2024 года. Польшча ўвяла яе, каб абараніцца ад нелегальных мігрантаў, якія ідуць з боку Беларусі. Зона застаецца пад асаблівым кантролем польскіх сілавых службаў, там нельга быць без спецыяльнага дазволу памежнай службы Польшчы. Буферная зона праходзіць уздоўж 60,67 км беларуска-польскай мяжы і ідзе ўглыб Польшчы на 0,2–2 км.
З таго часу сітуацыя з міграцыйным крызісам не змянілася, таму Польшча рэгулярна падаўжае дзеянне буфернай зона на наступныя 90 дзён.
Неўзабаве пасля таго, як буферная зона была ўведзеная, «Белсат» наведваў гэтую мясцовасць з дазволу памежнай службы Польшчы. Каля плоту на мяжы з Беларуссю былі ў тым ліку рэчы, якія мігранты выкарыстоўваюць для таго, каб пераадолець агароджы. А мясцовыя жыхары і турысты тады распавялі, што не адчуваюць небяспекі або моцных абмежаванняў, бо забароненае перабыванне непасрэдна ля самай мяжы.
Арсен Рудэнка belsat.eu