Мінулы месяц у Беларусі пабіў усе магчымыя тэмпературныя рэкорды. Нават рэкорды 2020 года.
Студзень 2025-га выдаўся самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў у Беларусі (дасюль рэкордным быў студзень 2020-га). Сіноптыкі кажуць, што сярэдняя месячная тэмпература была блізкая да сакавіцкай і склала плюс 1,2 °C. Гэта вышэй за кліматычную норму на 5,3 °C.
Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Найбольшыя станоўчыя адхіленні ад кліматычнай нормы былі зафіксаваныя ў Віцебскай і Магілёўскай вобласцях, найменшыя – на Берасцейшчыне.
Нагадаем: толькі за апошнія некалькі дзён праз анамальна цёплае надвор’е на беларускіх метэастанцыях перапісалі ажно 129 тэмпературных рэкордаў, у тым ліку рэкорды 120-гадовай даўніны.
Эколагі кажуць не проста пра глабальнае пацяпленне, а пра змену клімату, выкліканую дзейнасцю чалавека.
«Беларусь і ўвесь свет цяпер у стадыі змены клімату, гэта ўплывае на надвор’е, мы бачым больш анамальных з’яваў»,– апавёў «Белсату» экалагічны актывіст Аляксей Аўчыннікаў.
Адаптацыя да такіх зменаў клімату і змяншэнне наступстваў дзейнасці чалавека – самы вялікі выклік, які цяпер стаіць перад чалавецтвам, перакананы экаактывіст.
Праблема не толькі ў падвышэнні тэмператураў. Цяплее яшчэ і акіян – ад гэтага растаюць ледавікі. Праз што расце ўзровень мора. Ад таго могуць выміраць цэлыя віды раслінаў і жывёлінаў. Могуць нават мяняцца кліматычныя зоны. Гэта ўжо адбываецца ў тым ліку ў Беларусі, Польшчы, Украіне. Адыходзяць лясы і наступае лесастэп.
Калі змена клімату не запаволіцца, экстрэмальныя падзеі могуць зрабіцца не проста часцейшымі. Некаторым навукоўцам ужо бракуе пяці катэгорыяў ураганаў: просяць дадаць для ўраганаў катэгорыю 6. Не выключана, што хутка і тое, што было ў Беларусі аранжавым узроўнем небяспекі, будзе лічыцца ўжо жоўтым.
Надзея Вольная belsat.eu