навіны

Моцны вецер і снег: МНС папярэджвае пра небяспечнае надвор’е

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: БелТА
podpis źródła zdjęcia

Пасля 20-градуснага цяпла ў Беларусь зноў прыйшло пахаладанне. У некаторых гарадах выпаў снег. І гэта толькі пачатак: МНС папярэджвае пра неспрыяльнае надвор’е.

Цягам найбліжэйшых трох дзён надвор’е застанецца халодным, паведамляе Белгідрамет.

У нядзелю, 6 красавіка, на большай тэрыторыі краіны чакаецца моцны паўночны, паўночна-ўсходні вецер з парывамі 15–20 м/с, завіруха.

У паўднёва-ўсходняй палове краіны будзе ісці моцны снег, часам – мокры снег, уначы месцамі ён асабліва ўзмацніцца.

Вось так у некаторых гарадах засыпала снегам вуліцы ўжо 5 красавіка.


7 красавіка надвор'е на паўднёвым усходзе Беларусі будзе вызначацца франтамі цыклону, цэнтр якога зрушыцца на тэрыторыю Калужскай вобласці Расеі. У той жа час на паўночным захадзе краіны захаваецца ўплыў зоны павышанага ціску.

Будзе воблачна, удзень з праясненнямі. У асноўным на паўднёва-ўсходняй частцы краіны чакаецца снег і мокры снег, уначы месцамі – моцныя ападкі. На дарогах – галалёдзіца, на паўднёвым усходзе магчымыя слабыя завеі. Вецер паўночны, парывісты, у асобных раёнах – моцны. Тэмпература паветра ўначы ад -2 да -8 °, удзень – ад -2 ° на ўсходзе да +7 °на захадзе.

8 красавіка надвор’е будзе вызначацца ўплывам франтальных раздзелаў, што рушаць з поўначы Скандынавіі.

Захаваецца воблачнае надвор’е з праясненнямі. На большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі – снег, мокры снег, на захадзе – з дажджом. Месцамі на дарогах захаваецца галалёдзіца, уначы і раніцай магчымы слабы галалёд. Вецер паўночны, стрыманы, часам парывісты. Уначы тэмпература складзе ад 0 ° на захадзе да -8 ° на паўднёвым усходзе, пры праясненнях на ўсходзе – да -11 °. Удзень паветра прагрэецца да 0..+7 °.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: БелТА
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: БелТА

У сувязі з узмацненнем ветру МНС нагадвае правілы паводзінаў падчас непагадзі. Так, спецыялісты раяць пры магчымасці заставацца ўдома ці на працы і не выходзіць без патрэбы. Варта захоўваць спакой, папярэдзіць суседзяў і дапамагчы тым, хто мае цяжкасці – пажылым, дзецям, людзям з інваліднасцю. Ёсць рызыка адключэння электрычнасці, таму неабходна загадзя падрыхтавацца: зачыніць газавыя краны, уключыць радыё ці іншыя інфармацыйныя каналы. З двара і гаўбцоў трэба прыбраць усе рэчы, машыну паставіць у гараж ці хаця б прыпаркаваць далей ад дрэваў і няўстойлівых канструкцыяў. Вокны і дзверы трэба шчыльна зачыніць, а шкло – пры магчымасці абараніць.

Калі непагадзь заспела на дварэ, варта абыходзіць дрэвы, масты, лініі электраперадачы ды іншыя патэнцыйна небяспечныя аб’екты. Не падыходзьце да абарваных правадоў і паваленых канструкцыяў. Калі вы на вадзе і заўважылі набліжэнне шторму – тэрмінова вяртайцеся на бераг. А пры рэзкім узмацненні ветру на адкрытай прасторы лепш за ўсё легчы ў яміну ці кювет і прыкрыць галаву. У выпадку, калі вы ў аўтамабілі, спыніцеся і перайдзіце ў бяспечнае месца – у трывалы будынак ці заглыбленне ў зямлі.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10