Томі Кэш, які паехаў на «Еўрабачанне» з песняй «Espresso Macchiato», сабраў у сваё падтрыманне кам'юніці кавярняў у шмат якіх краінах свету. У кавярнях-удзельніцах гатунак эспрэса макіята прадаюць са зніжкаю. Да акцыі далучыўся і варшаўскі «Інклюзіўны барыста» беларуса Аляксандра Аўдзевіча. Ён прызнаўся «Белсату», што ўсю задуму сапсавала... надвор’е ў польскай сталіцы.
Спявак Томі Кэш, які рэпрэзентуе Эстонію на сёлетнім «Еўрабачанні» з прыставучай песняй «Espresso Macchiato», запусціў акцыю ў сваё падтрыманне. Ва ўсіх кавярнях, што далучыліся да PR-кампаніі, гатунак эспрэса макіята прадаецца адной цаною: € 1,5.
На адмысловым сайце пералічаныя кавярні па ўсім свеце, дзе можна «ўрваць» каву са зніжкаю. Ёсць там і Беларусь, пазначаны аршанскі бар «Оршанжелес», які два гады таму абвясціў пра змену фармату і пераезд на новае месца, аднак, падобна, так і не адкрыўся, бо знайсці пра іх хоць нейкія звесткі не ўдалося.
У пераліку кавярняў у Польшчы знайшоўся варшаўскі «Інклюзіўны барыста» беларуса Аляксандра Аўдзевіча. Ён пацвердзіў «Белсату», што далучыўся да прома-акцыі:
«Гэта звычайны маркетынгавы "дзвіж" з папулярнымі людзьмі. Я разумею гэты вайб, мне вельмі падабаецца».
Акцыя трывае толькі адзін тыдзень і скончыцца ў нядзелю, разам з «Еўрабачаннем». Аўдзевіч наракае, што прыбыткаў такая задума не прынесла:
,,«Калі шчыра, продажы не выраслі, пакуль мы нічога не адчулі. У Варшаве такое надвор’е, што тут хоць золата бясплатна давай, трэба будзе чакаць кліента».
У Польшчы апошнімі днямі такая ж непагадзь, як і ў Беларусі: холадна і дажджы.
На «Еўрабачанні», што сёлета праходзіць у швейцарскім Базэлі, ужо адбыліся два паўфіналы. Кваліфікацыю адолелі прадстаўнікі ўсіх нашых краінаў-суседак: Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Фінал – у суботу, пачнецца а 22:00 менскага часу.
Нашая краіна не бярэ ўдзелу ў конкурсе з 2021 года, калі дзяржаўную «Белтэлерадыёкампанію» пазбавілі чалецтва ў Еўрапейскім трансляцыйным звязе (EBU) у адказ на пераслед журналістаў у Беларусі.
Расея зазнала тую ж долю годам пазней, яе чалецтва ў EBU анулявалі з увагі на вайну ва Украіне.
Сцяпан Кубік belsat.eu