Колькасць загінулых ад ракетнага ўдару ў Крывым Рогу ўзрасла да 4


У Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласці колькасць загінулых з прычыны ракетнага абстрэлу гораду расейскімі войскамі ў пятніцу, узрасла да 4. З-пад завалаў дасталі цела маленькага дзіцяці, паведаміў кіраўнік АВА Валянцін Рэзнічэнка.

Разбераны расейскай ракетай украінскі дом.
Фота: Telegram / dnipropetrovskaODA

«У Крывым Рогу пасля паўночы ратавальнікі дасталі з-пад завалаў разбуранага расейскай ракетай дому цела 1,5-гадовага хлопчыка. Пятнічны ўдар па горадзе забраў чатыры жыцці. Расейцы забілі 64-гадовую жанчыну і маладую сямʼю з маленькім сынам. Трынаццаць чалавек паранены. Сярод іх чацвёра дзяцей», – напісаў Валянцін Рэзнічэнка ў тэлеграм-канале ў суботу раніцай.

Кіраўнік АВА паведаміў таксама аб начным абстрэле ў двух грамадах Нікапольскага раёну. «Расейскія акупацыйныя войскі накрылі цяжкай артылерыяй дзве грамады – Чырвонагрыгорʼеўскую і Марганецкую. Людзі цэлыя. Пашкоджаны дамы і лініі электраперадач», – напісаў ён.

Раней мясцовыя ўлады паведамлялі, што ў пятніцу, 16 снежня, з прычыны ракетнага ўдару па Крывым Рогу загінулі 3 і пацярпелі 13 чалавек, у тым ліку 4 дзяцей. Некаторыя ракеты патрапілі ў энергетычную сістэму раёну: там узнік значны пажар, ёсць вялікія разбурэнні. Службы ДСНС хутка ліквідавалі пажар.

Паводле Генштабу ЗСУ, за суткі 16 снежня расейскія войскі выпусцілі па Украіне 98 ракет і здзейснілі больш за 65 абстрэлаў з РСЗА (ракетных сістэм залпавага агню).

Нагадаем, з раніцы 16 снежня па ўсёй тэрыторыі Украіны была абвешчаная паветраная трывога. Паведамлялася аб выбухах у Дняпры, Вінніцы, Кіеве, Запарожжы. У Крывым Рогу ракета прыляцела ў жылы дом – ёсць пацярпелыя. Пазней паведамлялася, што па Украіне выпусцілі 72 ракеты.

Hавiны
Генштаб ЗСУ: за суткі 16 снежня расейскія войскі выпусцілі па Украіне 98 ракет
2022.12.17 10:55

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў