Начныя атакі на аб’екты ў Іране. Што вядома і хто за імі стаяў


Ніводная з краінаў дагэтуль не ўзяла адказнасць за атакі, які ўначы з 28 на 29 студзеня адбыліся на вайсковыя аб’екты ў Іране. Медыі ж высоўваюць розныя версіі здарэнняў.

Ізраільскі аглядальнік Дарон Пескін заявіў, што, паводле яго звестак, былі атакаваныя 14 аб’ектаў у Іране. Гэта фабрыкі па вытворчасці беспілотнікаў, штабы Корпусу варты ісламскай рэвалюцыі і ягонага спецназу «Кудс» і іншыя індустрыяльныя абʼекты, якія магчыма абслугоўваюць абаронную прамысловасць Ірану. Напады былі нанесеныя з дапамогай беспілотнікаў.

Арабскі тэлеканал Al Arabiya паведаміў, што да ўдараў датычныя ЗША і яшчэ адна краіна. Выданне звязвае гэта з нядаўнім візітам у Ізраіль кіраўніка амерыканскага ЦРУ.

Да таго ж, за некалькі гадзінаў да выбухаў прэмʼер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу ў адказ на тэракты ў Іерусаліме заявіў, што ягоная краіна зробіць неадкладныя крокі для барацьбы з тэрарызмам.

Арабскі канал Al Hadath паведамляе, што мэтай нападу дронаў у Іране быў склад з балістычнымі ракетамі. Паводле яго, удар па вайсковым заводзе ў іранскім горадзе Ісфахан нанеслі Ваенна-паветраныя сілы ЗША і «яшчэ адна краіна», але не Ізраіль.

«Аперацыя паслала сігнал Ірану і Расеі, што «стварэнне заводаў і экспарт балістычнай зброі не дазволяць», – піша выданне.

А амерыканскае выданне The Wall Street Journal піша, што ўдары наносіў менавіта Ізраіль.

Між тым у Мінабароны Ірану паведамілі пра «няўдалы напад» трох беспілотнікаў на адзін са сваіх вытворчых цэнтраў у Ісфахане. У выніку ні чалавечых ахвяраў, ні збою ў працы абсталявання не было, заявілі ў Іране.

Але ізраільскі The Jerusalem Post са спасылкай на крыніцы ў заходняй разведцы заявіў, што атака абʼекту, які распрацоўвае сучасную зброю ў Ісфахане, была паспяховай. І шкода «выходзіць далёка за рамкі «нязначнага пашкоджання даху».

Паводле брытанскага Каралеўскага Абʼяднанага інстытуту абаронных даследаванняў (RUSI), каля Ісфахану размешчанае таксама іранскае прадпрыемства, што вырабляе дроны-камікадзэ, якія расейская армія выкарыстоўвае іх ва Украіне.

«Тое, што адбываецца ў Іране, можна толькі назваць наступствамі іх палітыкі. Магчыма, яны будуць па-іншаму накіроўваць сваю падтрымку краінам-тэрарыстам і не дапамагаць Расеі ўчыняць свае злачынствы», – заявіў спікер камандавання паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат.

Паводле яго, Расея імкнецца атрымаць ад Ірану дэфіцытную зброю: балістычныя ракеты, ударныя беспілотнікі Shahed і іншае ўзбраенне. Сам жа Тэгеран, сказаў спікер ЗСУ, нажыў сабе ворагаў у рэгіёне. Ён спадзяецца, што ўрад краіны вырашыцца змяніць свой вонкавапалітычны вектар.

Hавiны
Выбухі ў Іране: атакаваныя стратэгічныя аб’екты
2023.01.29 09:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў