Хапун у Баранавічах і АМАП у гарадзенскім касцёле. Хроніка рэпрэсіяў


Працягваем фіксаваць дзеянні беларускага рэжыму супраць беларусаў.

Сілавікі зладзілі хапун у Баранавічах і затрымалі не менш за восем чалавек.
Фота: dmitrii_mihalcev / Дзмітрый Філіповіч / Мікалай Лосік з іхніх старонак «Укантакце». Крыніца: nashaniva.com

Падчас хапуну ў Баранавічах затрымалі не менш за восем чалавек

Сілавікі зладзілі хапун у Баранавічах і затрымалі не менш за восем чалавек. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе.

«Наша Ніва» апазнала некаторых з затрыманых. Адзін з іх – 37-гадовы Дзмітрый Міхальцэвіч. Ён стаяў ля вытокаў развіцця брэйк-дансу ў горадзе, быў удзельнікам каманд F.S.C., B-BAXSTER, «Ваўкі», таксама перамагаў у чэмпіянаце Беларусі па брэйк-дансе «Голас вуліцаў». Цяпер Міхальцэвіч трэніруе дзяцей і дарослых танчыць брэйк-данс.

У лік затрыманых трапілі таксама 25-гадовы Дзмітрый Філіповіч, 32-гадовы Мікалай Лосік, 31-гадовы Арцём Дзёгцеў і, як піша «Медыязона», 20-гадовы Іван Дрык. Хутчэй за ўсё, іх вылічылі па відэазапісах з пратэстаў.

Аднаго з затрыманых прымусілі на відэа ў слязах тэлефанаваць сваёй дзяўчыне і расказваць пра затрыманне.

Кіраўніцу праўладнага прафсаюзу, затрыманую за «экстрэмізм», знялі з пасады

З сайта Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу банкаўскіх і фінансавых работнікаў знікла прозвішча яе кіраўніцы. Са старонкі кантактаў прыбралі даныя старшыні прафсаюзу Таццяны Хацковай, заўважыў «Флагшток».

Цяпер гэты праўладны прафсаюз, паводле звестак на ягоным сайце, застаўся без кіраўніка. Гэта здарылася пасля таго, як Хацкову асудзілі на 15 сутак арышту паводле артыкула «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць».

Раней у прыёмнай прафсаюзу і па месцы працы Хацковай адказвалі, што старшыня быццам бы знаходзіцца на бальнічным.

Па звестках на 2021 год, колькасць членаў прафсаюзу, якім кіравала Хацкова, складала звыш 4,5 тысяч чалавек, пры гэтым «ахоп прафсаюзным сяброўствам сярод працуючых» дасягаў 98,9 %.

У Маладзечне звольнілі рэжысёра абласнога тэатру, які ставіў спектакль па Алексіевіч

У Менскім абласным драматычным тэатры не працягнулі кантракта з мастацкім кіраўніком Валерыем Анісенкам. Сёння – яго апошні працоўны дзень. Пра гэта «Зеркалу» паведамілі чытачы.

Валерый Анісенка нарадзіўся ў 1944 годзе ў Талачыне. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акторам у Віцебску ў Коласаўскім тэатры (1965–1967) і ў сталічным Купалаўскім (1969–1977).

Затым атрымаў рэжысёрскую адукацыю. Працаваў галоўным рэжысёрам Тэатру юнага гледача (1979–1980), Тэатра-студыі кінаактора (1980–1982), Беларускага радыё (1982–2000), дырэктарам – мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі (2000–2012), дырэктарам – мастацкім кіраўніком (2012–2014), затым проста мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатру (2014–2017). З 2017-га – у Маладзечне.

Паставіў дзясяткі спектакляў у тэатрах, а таксама больш за сотню радыёспектакляў. Сярод яго пастановак – «Чарнобыльская малітва» паводле аднайменнай кнігі Святланы Алексіевіч, якую Анісенка паставіў у РТБД. Гэтую пастаноўку знялі з рэпертуару ў 2021 годзе.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі «За духоўнае адраджэнне». Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

У Лідзе барда Сяргея Чарняка адправілі за краты за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

59-гадовага мужчыну першы раз затрымалі яшчэ два тыдні таму на працы.

У суд яго везлі ў кайданках на падлозе службовага буса. Але адтуль у кардыялогію яго забрала хуткая дапамога, бо Чарняку стала кепска з сэрцам, піша «Гарадзенская вясна».

Цяпер Чарняка зноў затрымалі. У судзе Лідскага раёну 20 снежня суддзя Наталля Лобан прызначыла яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).

Навагоднія святы Сяргей правядзе за кратамі, а на волю паводле тэрміну мае выйсці толькі 3 студзеня.

Вадзіма Пракоп’ева зноў асудзілі на 25 гадоў

Берасцейскі абласны суд вынес завочны прысуд экс-рэстаратару і грамадскаму дзеячу Вадзіму Пракопʼеву.

Пракопʼеву гэтым разам інкрымінавалі:

  • ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі);
  • ч. 1 і 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч. 3 арт. 361 (удзел ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі іншай дзяржавы).

У выніку яго завочна асудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі і штраф 1000 базавых велічынь (37 тысяч рублёў).

Улетку Пракопʼева ўжо асудзілі завочна на 25 гадоў калоніі.

У Фарным касцёле Горадні на Раство працаваў АМАП

На святочнай імшы 24 снежня на ўваходзе ў касцёл святога Францішка Ксаверыя ў Горадні працаваў АМАП, піша Hrodna.life. Міліцыянты былі ў экіпіроўцы з металашукальнікамі.

Раней міліцыя заявіла пра намер «забяспечыць парадак» падчас калядных набажэнстваў. У міліцэйскім папярэджанні гаварылася, што супрацоўнікі будуць несці службу каля храмаў «для забеспячэння грамадскага парадку». Таксама яны планавалі кантраляваць дарогі, выяўляць нецвярозых кіроўцаў і прасілі паведамляць пра падазроныя прадметы.

Палітвязня Ігара Лосіка выклікалі ў аддзел прымусовага выканання Баранавічаў

У аддзел прымусовага выканання Баранавічаў выклікаюць палітвязня Ігара Лосіка, які ўжо тры з паловай гады знаходзіцца за кратамі і цяпер перабывае ў Наваполацкай калоніі.

Як перадае Радыё «Свабода», 26 снежня на яго імя прыйшла позва, у якой ён названы «даўжніком». З Лосіка хочуць тэрмінова спагнаць «выдаткі на ўтрыманне дзіцяці, кіруючыся артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь »Аб выканаўчай вытворчасці«. Пры яго няяўцы »без важкай прычыны« палітвязню пагражаюць адміністрацыйнай адказнасцю.

Асадкай унізе аркуша напісана: «Звяжыцеся тэрмінова з судовым выканаўцам».

Журналіста Ігара Лосіка затрымалі ў яго дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 года. Яго судзілі па »справе Ціханоўскага«, і ў снежні 2021-га Гомельскі абласны суд прызначыў Ігару 15 гадоў калоніі. Дарэчы, з 20 лютага 2022 года з ім няма сувязі. Паводле некаторых звестак, больш за паўгода Лосіка трымаюць у памяшканні камернага тыпу.

Яго жонку Дар’ю асудзілі на два гады за каментар тэлеканалу «Белсат», які беларускія ўлады прызналі »экстрэмісцкім«. Яна адбывае тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі №4.

Апеку над іх чатырохгадовай дачкой Паўлінай аформілі бацькі Дар’і. Яны адмовіліся ад дзяржаўнай дапамогі на дзіця, гадуюць і выхоўваюць унучку разам з бацькамі Ігара.

Але ёсць і добрыя навіны.

Выйшла на волю палітзняволеная Наталля Сцепанцова

Па інфармацыі «Гомельскай вясны», напачатку снежня палітзняволеная Наталля Сцепанцова, якая адбывала пакаранне ў менскай ПУАТ-51, выйшла на волю.

50-гадовую Наталлю ў кастрычніку 2021 года асудзілі паводле арт. 369 КК за абразу ўчастковага інспектара Светлагорскага РАУС. Суд прызначыў ёй 2 гады «хіміі».

СП, belsat.eu

Стужка навінаў