Беларуска, што ўзышла на Эвэрэст і пераплыла Басфор, дамаглася дасягнення і ў марафоне


Беларуска Ала Касабуцкая 5 сакавіка пераадолела Такійскі марафон і стала першым прадстаўніком Беларусі, хто мае медаль World Marathon Majors Six Star Finishers. Медалём узнагароджваюць тых, хто здолеў скарыць усе шэсць топавых марафонаў свету – Бостанскі, Нью-Ёркскі, Чыкагскі, Берлінскі, Лонданскі і Такійскі.

Ала Касабуцкая.
Фота: kasabutskaya_alla / Instagram

Як адзначае тэлеграм-канал «РобімНогі», Ала Касабуцкая паслядоўна з 2015 года фінішавала на элітных марафонах. Спачатку яна скарыла спаборніцтвы ў Нью-Ёрку, затым у 2016 годзе быў марафон у Чыкага, у 2017-м – у Берліне, у 2018-м – у Бостане і ў 2019-м – у Лондане. З прычыны каронавірусных абмежаванняў Такійскі марафон удалося скарыць толькі сёлета, праз тры гады ад запланаванага.

«Свой першы марафон прабегла ў Нью-Ёрку. Ён быў вельмі складаным, і пасля яго я паабяцала, што больш ніколі ў жыцці не буду бегаць! Мэта была пастаўленая, але не дасягнутая. Нешта пайшло не так. Праз нейкі час я зразумела, што ўсё ж хачу прабегчы яшчэ адзін марафон. Зарэгістравалася на яго ў Чыкага, а затым і на ўсе астатнія марафоны вялікай шасцёркі», – распавядала беларуска ў 2021 годзе.

Ала Касабуцкая вядомая таксама тым, што ў 2021 годзе яна стала першай беларускай, якая здолела ўзысці на найвышэйшую кропку планеты – гару Джамалунгма. У тым жа годзе яна пераплыла праліў Басфор у Турэччыне.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў