Арышт за сарваны сцяг, прысуд сябрам АГП, Хроніка пераследу 3 лістапада


З 2020 году рэжым у Беларусі працягвае тэрор супраць грамадзянаў краіны. Штодня адбываюцца жорсткія затрыманні, а суды выносяць тэрміны толькі за каментары ў сеціве. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу ў нашай краіне 3 лістапада.

Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, лідарку менскай арганізацыі партыі Аксану Аляксееву да 1,5 гадоў, юрыстку Антаніну Кавалёва да 1 году. Менавіта такія тэрміны запрасіла для абвінавачаных пракурорка Іна Зубко.

Палітвязняў пакаралі за ўдзел у «Маршы новай Беларусі» ў Менску ў жніўні 2020 году. Справа супраць іх была распачатая паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Hавiны
Агучаны вырак зняволеным лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі
2022.11.03 11:27

У судзе Наваполацку асудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву. Лідарку прафсаюзу абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Суддзя Зінаіда Балаболава асудзіла Вольгу да 15 содняў арышту.

У судзе Круглянскага раёна асудзілі двух маладзёнаў 18 і 19 гадоў да года калоніі. Дзяніса Вараб’я і Івана Варабʼя прызналі вінаватымі ў здзеку над дзяржаўным сцягам. Юнакі ў ліпені сёлета сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынку сельскага клуба і пашкодзілі яго мацаванне. Жорсткі прысуд хлопцам вынес суддзя Дзмітрый Сасноўскі.

Праўладныя Telegram-каналы паведамляюць пра затрыманне 40-гадовага жыхара Рэчыцы Паўла Гушчы. Прычынай для затрымання стала тое, што мужчына паказаў расейскім вайскоўцам сярэдні палец. За гэта яго прыехалі затрымліваць амапаўцы ў поўным абмундзіраванні. Мужчыны арыштавалі на 15 содняў.

Супрацоўнікі ГУБАЗіКу і амапаўцы ў Магілёве на вуліцы затрымалі Андрэя Кірпічэнку. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў TikTok ён публічна падтрымліваў Украіну і яе войска. Сілавікі прымусілі мужчыну ў «пакаяльным» відэа сказаць пра тое, што ён цяпер падтрымлівае расейскае войска і прымусілі падпяваць песні «Дзень Перамогі».

У Чэрыкаўскім раённым судзе на 1,5 года «хатняй хіміі» за каментар у бок міліцыянта асудзілі таксіста Дзмітрыя Іванова. Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады»). Дзмітрый Іваноў пракаментаваў паводзіны жодзінскага міліцыянта Мікалая Бараноўскага, які ў Жодзіне ўдарыў жанчыну.

Хворай на сухоты жанчыне далі год калоніі за тое, што назвала Лукашэнку «казлом». 3 лістапада 2022 года ў судзе Маладзечна і Маладзечанскага раёна суддзя Вадзім Петрусевіч прызнаў Людмілу Самак вінаватай у абразе Аляксандра Лукашэнкі. Жанчыну асудзілі да года пазбаўленні волі ва ўмовах калоніі агульнага рэжыму, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Hавiны
Хворай на сухоты жанчыне далі год калоніі за тое, што назвала Лукашэнку «казлом»
2022.11.03 14:39

Сілавікі затрымалі мінімум 22 палітвязняў, якія адбываюць пакаранне на «хіміі». Палітвязняў судзяць па адміністратыўных справах і ўтрымліваць у раённых ІЧУ.

28 кастрычніка суддзя Берасцейскага абласнога суда Сяргей Беразюк прысудзіў журналісту Эдгару Шырко пакаранне тэрмінам 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса.

Намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў заявіў, што плануецца падрыхтаваць «баявыя каманды» з ветэранаў падраздзяленняў спецназа, якія будуць ваяваць з «наймітамі» ў выпадку ўварвання ў Беларусь. Баявыя атрады плануецца сабраць з чальцоў Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння «Гонар».

Hавiны
Мікалай Карпянкоў паабяцаў стварыць «баявыя каманды» з ветэранаў спецназу
2022.11.03 10:59

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў