Амбасадар Крутой: МАЗ рыхтуецца забраць завод «Volvo» ў Расеі


Беларускія прадпрыемствы выношваюць планы разгарнуць вытворчасць на былых пляцоўках заходніх карпарацыяў. Адзін з праектаў – збор «МАЗаў» на заводзе «Volvo» ў Калужскай вобласці. Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» расказаў пасол у Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Крутой.

 

Дзмітрый Крутой. Скрыншот з відэа: tvr.by

Паводле амбасадара Дзмітрыя Крутога, для прадпрыемстваў з Беларусі адкрываюцца новыя магчымасці прамысловай вытворчасці, удзелу ў дзяржаўных закупах і водных перавозах у Расеі. Як вядома, шмат якія заходнія кампаніі згарнулі свае вытворчасці і пакінулі рынак Расеі праз санкцыі пасля ваеннага ўварвання ва Украіну.

Hавiны
Пасол Беларусі ў РФ ацаніў, колькі каштавала нашай краіне страта рынкаў ЕЗ і Украіны
2023.06.26 17:50

Амбасадар расказаў, што беларусы найперш цікавяцца апусцелымі прамысловымі пляцоўкамі, на якіх заходнія карпарацыі выпускалі трактары, камбайны, цяжкавікі і пасажырскую тэхніку. Складзены пералік такіх вольных плошчаў. Канкрэтныя прапановы і праекты будуць абмеркаваныя падчас выставы «Инопром» у Екацярынбурзе. Пра завод «Volvo» ў Калужскай вобласці стала вядома падчас нядаўняга візіту губернатара гэтай вобласці да Аляксандра Лукашэнкі.

«Завод цяжкавікоў «Volvo» – завод пад ключ. Мы спакойна маглі б там размясціць вытворчасць альбо цяжкавікоў МАЗу, альбо пасажырскіх аўтобусаў, альбо электрычнага транспарту. І цяпер ідуць перамовы, бо расейцы, улічваючы градус і статус нашых стасункаў, гатовыя гэтыя плошчы даць нам фактычна дарма. Толькі б там была прамысловая вытворчасць, захаваныя працоўныя месцы, кампетэнцыі і мы выпускалі там фінальны прадукт», – расказаў Крутой.

Што датычыць пашырэння ўдзелу беларускіх вытворцаў у дзяржаўных закупах у Расеі, то, паводле амбасадара, ёсць магчымасці павялічыць долю як у публічных, гэтак і не публічных закупах. Крутой паведаміў, што інфармацыя пра непублічныя закупы не публікуецца ў адкрытым доступе з прычыны санкцыйнага ціску. Пры гэтым агулам расейскі рынак дзяржаўных закупаў складае каля 13 трыльёнаў расейскіх рублёў. З іх 4–5 трыльёнаў прыходзіцца на тавары, а астатняе складае закуп паслуг. А ўдзел у расейскіх дзяржаўных закупах стрымліваецца адсутнасцю прызнання беларускіх электронных дакументаў.

«Каб трапіць сёння на гэты рынак, мае быць развязаная праблема электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП). Мы пакуль такія альтэрнатыўныя рашэнні прапануем, каб сітуацыйна развязаць нейкія пытанні», – патлумачыў Крутой.

Паводле амбасадара, для беларусаў існуе пакуль што незрэалізаваная магчымасць далучыцца і да «значна большага ды перспектыўнага, чымся класічны рынак дзяржаўных закупаў», рынку закупу дзяржаўных карпарацыяў, як «Новатэк» і «Росатом». Аднак для гэтага, апроч развязання праблемы ЭЛП, трэба падпісаць адпаведныя праграмы з расейскімі дзяржаўнымі карпарацыямі.

Дзмітрый Крутой таксама мяркуе, што беларускія кампаніі сёння маюць «унікальную магчымасць зайсці» ў Расею з паслугамі ў сферы лагістыкі. Такая магчымасць існуе ў сферы марскіх перавозаў, будоўлі беларускіх партоў, перавалу грузаў металургіі і дрэваапрацоўвання. Апроч таго, падпісаная дамова ў сферы рачнога воднага транспарту.

«У Расейскай Федэрацыі за найбліжэйшыя тры гады будуць выдаткоўваць мільярды рублёў на адно паглыбленне, на рэканструкцыю рачных вакзалаў, пабудову новых аб’ектаў. І беларусам прапанавалі ўпершыню, магчыма, у гісторыі стварыць уласны рачны флот, які спакойна можа ў Расеі надаваць паслугі і зарабляць валютную экспартную выручку», – расказаў амбасадар.

Пры гэтым Крутой прызнаў: «работа разгортваецца павольна». Тым не менш беларускія перавознікі маюць намер працаваць у Архангельску, Ніжнім Ноўгарадзе і Астрахані.

Hавiны
Украіна ўвяла санкцыі супраць 6 кампаніяў і 2 асобаў з Беларусі
2023.07.01 14:36

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў