Аналітыка

Украіну сабраліся зрабіць «сталёвым дзікабразам», а спачатку – «мір у паветры, на моры і ў энергетыцы»

Малюнак згенераваны нейрасеткай. Сталёвы дзікабраз ва ўяўленні штучнага інтэлекту
Малюнак згенераваны нейрасеткай. Сталёвы дзікабраз ва ўяўленні штучнага інтэлекту. Выява: Chatgpt.com
podpis źródła zdjęcia

Падтрымаць Украіну ў Лондане сабраўся тузін кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў, прэм’ер Канады, міністр замежных справаў Турэччыны, лідары Еўразвязу і NATO. «Белсат» расказвае, што пастанавілі на саміце і што сказалі пасля яго.

Прэзідэнты Украіны і ЗША Уладзімір Зяленскі і Доналд Трамп, а таксама віцэ-прэзідэнт ЗША Джэймз Дэйвід Вэнс падчас спрэчкі ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 28 лютага 2025 года. Фота: Andrew Harnik/Getty Images

«Украіна рухне ці будзе ганебнае замірэнне». Краіну цяпер можа выратаваць толькі ЕЗ?

навіны

У Лондане 2 сакавіка прайшоў саміт пад лозунгам «Абаронім нашую будучыню». На запрашэнне прэм’ер-міністра Злучанага Каралеўства Кіра Стармэра сабраліся прэзідэнты Украіны, Францыі і Фінляндыі, кіраўнікі ўрадаў Даніі, Іспаніі, Італіі, Канады, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нямеччыны, Польшчы, Румыніі, Чэхіі і Швецыі; міністр замежных спраў Турцыі, генеральны сакратар NATO, прэзідэнты Еўракамісіі і Еўрапейскай рады.

Стармэр склікаў гэты саміт пасля сваёй сустрэчы з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Доналдам Трампам – яшчэ да сустрэчы з Трампам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Апошняя скончылася сваркай Трампа з Зяленскім. Прэс-сакратарка Белага дому заявіла, што ЗША спыняць вайсковую дапамогу Украіне. Сур’ёзнасць пагрозы выклікала сумневы ў некаторых экспертаў, але кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаваў амаль у адзін голас паабяцалі Украіне падтрыманне, а ў Штатах прайшлі акцыі салідарнасці з Украінай.

Кіраўнікі дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў на саміце. На першым плане прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Кір Стармэр і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Лондан, Вялікая Брытанія. 1 сакавіка 2025 года. Фота: President.gov.ua
Кіраўнікі дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў на саміце. На першым плане прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Кір Стармэр і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Лондан, Вялікая Брытанія. 1 сакавіка 2025 года. Фота: President.gov.ua

Што Украіна атрымала ад саміту?


Зяленскі пасля саміту напісаў:

,,

«Адчуваем моцнае падтрыманне Украіны, нашых людзей: ваяроў і цывільных, нашай незалежнасці. Працуем у Еўропе ўсе разам, каб была надзейная аснова для супрацы з Амерыкай дзеля сапраўднага міру і гарантаванай бяспекі».


Ужо вядомая канкрэтная праява падтрымання: як расказаў міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, на саміце запусцілі стратэгічную дамову «LMM-RapidRanger», якую чыноўнік назваў «мегапраектам». Украіна атрымае больш за 5000 ракетаў-пераймальнікаў LMM (Lightweight Multirole Missile) і пускавых сістэмаў для іх на суму 1,6 млрд фунтаў за кошт крэдыту, гарантаванага брытанскім дзяржаўным агенцтвам «UK Export Finance». Гэтыя ракеты, падкрэслівае міністр, эфектыўна знішчаюць дроны тыпу іранскіх «Shahed». Праект прадугледжвае таксама лакалізацыю вытворчасці і перадачу тэхналогіяў. Праўда, Расея можа запускаць да сотні «Шагэдаў» на дзень, а Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны лічыць, што Расея зможа запускаць і паўтысячы дронаў на дзень.


Украінскае выданне «United 24» зрабіла з саміту тры галоўныя высновы:


  1. Еўропа ўзяла на сябе абавязанні ў маштабным пераўзбраенні як для сябе, так і для Украіны. Некалькі лідараў падкрэслілі неабходнасць доўгатэрміновай баявой гатовасці, сігналізуючы аб пераходзе да ўстойлівых інвестыцыяў у абарону.
  2. Новыя пакеты вайсковай дапамогі Украіне абвяшчаюцца і будуць працягвацца. Стратэгія зразумелая: умацаваць Украіну, каб узмацніць яе пазіцыю ў любых будучых перамовах.
  3. Вялікая Брытанія фармуе кааліцыю дзяржаваў, якія жадаюць гарантаваць бяспеку Украіны пасля мірнага пагаднення. Гэта ўключае ў сябе патэнцыйнае разгортванне войскаў і абавязанні ў супрацьпаветранай абароне. Стармэр падкрэсліў, што еўрапейскую бяспеку нельга пакідаць на самацёк.


Стармэр, падкрэслівае выданне, выразна прамовіў:

,,

«Мы не можам прыняць такой ​​слабой дамовы, як Менскія пагадненні, якія Расеі лёгка парушыць. Замест гэтага любая ўгода павінна быць падмацаваная сілай. Кожная краіна павінна спрыяць гэтаму па меры сваіх магчымасцяў».


Стармэр таксама заявіў, што на саміце дамовіліся пра працяг вайсковай дапамогі Украіне, узмацненне эканамічнага ціску на Расею і супольную пазіцыю аб тым, што Украіна мае быць за сталом мірных перамоваў.


Паводле крыніцы «Європейської правди», на саміце дасягнулі папярэдняй дамовы пра тое, што першым узроўнем гарантыяў бяспекі Украіны мае быць падтрыманне і ўзмацненне Збройных сілаў Украіны, але дадатковыя гарантыі маюць распрацоўвацца са Злучанымі Штатамі. Ідэя «міру праз сілу» атрымала ў Лондане шырокае падтрыманне.


Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен сфармулявала гэтую ідэю так: 

,,

«Мы павінны паставіць Украіну ў пазіцыю сілы, каб яна мела сродкі для ўмацавання і абароны сабе. Гэта фактычна ператварэнне Украіны ў сталёвага дзікабраза, які не ператраўліваецца патэнцыйнымі захопнікамі».


Макрон і Стармэр прапанавалі замірэнне на месяц, збіраюць «кааліцыю ахвочых»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: tsikhanouskaya / Telegram

Беларускія добраахвотнікі заклікалі не спыняць падтрымання Украіны

навіны

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон расказаў «Le Figaro», што ён і Стармэр прапаноўваюць дамовіцца на замірэнне між Расеяй і Украінай тэрмінам на месяц. Замірэнне можа быць абмежаваным: «У паветры, на моры і ў энергетычнай інфраструктуры». Паводле Макрона, будзе цяжка кантраляваць спыненне агню на зямлі, бо працягласць фронту – як ад Парыжу да Будапэшту.


Гэтае частковае замірэнне патрэбнае, каб паспрабаваць дамагчыся прымальнага замірэння і далейшых перамоваў, казаў Макрон. Далейшыя перамовы могуць заняць некалькі тыдняў, а скончыцца мусяць падпісаннем мірнага пагаднення і разгортваннем войскаў дзеля забеспячэння міру. 


Зяленскі паведаміў, што ў курсе прапановаў Макрона і Стармэра. Але сказаў каротка і з усмешкай: «Я ўсё ведаю». Ці пагодзіцца ён на такое замірэнне, не адказаў.


Стармэр бачыць, што Вялікая Брытанія мае выконваць ключавую ролю ў забеспячэнні выканання мірнай угоды, а шэраг краінаў ужо пагадзіўся далучыцца да «кааліцыі ахвочых» гарантаваць мір «салдацкімі ботамі на зямлі і самалётамі ў паветры». Падобна, гэта азначае, што Украіну збіраюцца падтрымліваць не праз NATO ці Еўразвяз, бо ў саюзах ёсць «неахвочыя». 


«Кааліцыя ахвочых», паводле Стармэра, грунтуецца на супрацы са Злучанымі Штатамі. Палітык адзначыў, што вечарам перад распрацоўваннем плану ён размаўляў пра гэта з Трампам.


Саміт не паставіў кропкі ў пытанні дапамогі Украіне


Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Фота: Stringer / Anadolu, Getty Images

Еўразвяз абмяркуе падтрыманне Украіны на сотні мільярдаў долараў – Макрон

навіны

Па-першае, у размове з брытанскімі журналістамі пасля саміту Зяленскі сказаў, што дасягнутыя дамоўленасці, якія пакуль не афішуюцца, бо наперадзе запланавана яшчэ шмат сустрэчаў. Паводле яго, у найбліжэйшыя тыдні будзе «больш зразумелае бачанне» таго, як будзе ўзмоцненая Украіна. 


Па-другое, на 6 сакавіка запланаваная наступная сустрэча еўрапейскіх лідараў, якая мае вызначыць фінансавую стратэгію падтрымання Украіны. Макрон адзначаў, што еўрапейскім краінам давядзецца падвысіць выдаткі на абарону, бо Расея выдаткоўвае на вайну каля 10 % свайго валавога ўнутранага прадукту. У Еўропе пакуль не ўсе дзяржавы выдаткоўваюць нават 2 %, пра якія NATO дамовілася дзесяць гадоў таму, але Макрон заклікае паставіць мэтаю 3 % ці 3,5 % ВУП на абарону.


Па-трэцяе, прэм'ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні не губляе надзеі памірыць ЗША і Украіну. Пасля сваркі Трампа з Зяленскім яна заклікала тэрмінова арганізаваць саміт з удзелам ЗША, еўрапейскіх дзяржаваў і саюзнікаў, каб абмеркаваць падтрыманне Украіны. А пасля сустрэчы са Стармэрам сказала, што Італія і Вялікая Брытанія могуць «будаваць масты» між Еўропай і ЗША, каб «пазбегчы рызыкі расколу Захаду». Яе падтрымаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск: «Трэба зрабіць усё магчымае, каб Еўропа і ЗША гаварылі ў адзін голас». І Стармэр верыць, што гэта магчыма: «Я б не пайшоў па гэтым шляху, калі б не верыў, што магчымы пазітыўны вынік».


А што ЗША?


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на прэс-канферэнцыі. Вашынгтон, ЗША. 28 лютага 2025 года. Фота: President.gov.ua

Стасункі ЗША і Украіны яшчэ можна ўратаваць? Ці Трамп завёў Зяленскага ў пастку? Спецэфір «Вот Так»

Аналітыка

Як піша «CNN», Штаты збіраюцца найбліжэйшым часам працягнуць і нават інтэнсіфікаваць перамовы з Расеяй. Дарадца Трампа ў нацыянальнай бяспецы Майк Ўолц кажа, што для сканчэння вайны будуць патрэбныя тэрытарыяльныя саступкі. Зяленскі на такое не гатовы.


«The New York Times» сцвярджае, што 3 сакавіка Трамп абмяркуе прыпыненне ці спыненне вайсковай дапамогі ЗША Украіне, у тым ліку спыненне перадачы таго, што абяцалі і аплацілі яшчэ за папярэднім прэзідэнтам Джо Байдэнам. Зяленскі ў Лондане казаў, што партнёрства Украіны і ЗША застаецца моцным, супраца працягнецца, падтрыманне не спыніцца, бо «мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб не даць Уладзіміру Пуціну магчымасці перамагчы».


Некалі гарачыя прыхільнікі Украіны, топавыя рэспубліканскія палітыкі, заклікаюць Зяленскага пайсці ў адстаўку пасля сваркі з Трампам, аднак Зяленскі адказвае: «Гатовы сысці, калі Украіна зробіцца часткай NATO». Паводле Бі-Бі-Сі, Зяленскі не збіраецца прасіць прабачэння ў Трампа, але гатовы выканаць адну з ягоных умоваў: падпісаць пагадненне аб рэдказямельных металах. Пры гэтым міністр фінансаў ЗША Скот Бэсэнт заяўляе, што перамовы пра гэтую ўгоду цяпер не вядуцца.


Зяленскі сказаў, што гатовы да любога канструктыўнага фармату адносінаў са Штатамі, але сустрэцца з Трампам гатовы толькі ў фармаце «раўнапраўнага дыялогу дзеля развязання рэальных праблемаў», перадае «Bloomberg». А дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў кажа, што Штаты гатовыя аднавіць узаемадзеянне з Украінай, «калі Украіна будзе гатовая да міру».


Нядаўняе апытанне паказала, што 52 % амерыканцаў падтрымліваюць Украіну, толькі 4 % – Расею, 44 % – нікога. Дзеянні Трампа лічаць прыязнымі да Расеі 46 % апытаных, да Украіны – 11 %. Агулам дзеянні Трампа адносна расейска-ўкраінскай вайны ўхваляе 51 % рэспандэнтаў, не ўхваляюць 49 %. Сярод прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі 41 % успрымае Расею як партнёра, 32 % – як несяброўскую дзяржаву, 27 % – як ворага; супраць вайсковай дапамогі Украіне выступаюць 68 % рэспубліканцаў і 49 % амерыканцаў агулам. Трамп жа заклікае амерыканцаў менш хвалявацца пра Пуціна і больш хвалявацца пра мігрантаў.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10