навіны

Яўген Магда: ЗША не захочуць паўтарэння выхаду з Афганістану

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на прэс-канферэнцыі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на прэс-канферэнцыі. Вашынгтон, ЗША. 28 лютага 2025 года. Фота: President.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Ці праўда ЗША могуць спыніць падтрыманне Украіны пасля сваркі Трампа з Зяленскім? «Белсат» спытаў украінскага палітолага Яўгена Магду.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на прэс-канферэнцыі. Вашынгтон, ЗША. 28 лютага 2025 года. Фота: President.gov.ua

«Свабоднаму свету патрэбны новы лідар». Як у Еўропе і ЗША рэагуюць на сварку Трампа з Зяленскім

Аналітыка

Візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Злучаныя Штаты скончыўся публічнаю сваркаю з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Джэй Ды Вэнсам. «Мы не будзем працягваць змагацца! – заявіў Трамп. – Ён скончыць гэтую вайну – або мы пакінем іх і паглядзім, чым гэта скончыцца, хай змагаюцца». Пайшлі размовы пра тое, што Злучаныя Штаты могуць цалкам спыніць падтрыманне Украіны. Чуткі падагрэла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лэвіт: сказала, што ЗША «больш не збіраюцца проста выпісваць чыстыя чэкі на вайну ў вельмі далёкай краіне без сапраўднага, трывалага міру».


Гэта і праўда можа скончыцца спыненнем падтрымання Украіны Злучанымі Штатамі – або гэта элемент ціску і гандлю? Украінскі палітолаг Яўген Магда адказвае «Белсату»:

,,

«Я думаю, што такі элемент ціску, як той казаў, ёсць на стале, на парадку дня. Але гэта толькі з аднаго боку. З іншага боку, я думаю, што для Трампа гэткая сітуацыя, калі амерыканцы цалкам прыпыняць вайсковыя пастаўкі, не надта выгадная».


Цяпер напраўду да Украіны даходзіць тэхніка з боепрыпасамі, вылучаная яшчэ камандаю папярэдняга прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, тлумачыць ён. Трамп яшчэ не вылучаў падтрымання Украіне.


Калі Трамп не стане даваць дапамогі Украіне, яму будзе цяжка атрымаць дамінаванне Рэспубліканскай партыі на прамежкавых выбарах праз менш як два гады, даводзіць Магда. Цяпер Рэспубліканская партыя мае невялікую бальшыню ў абедзвюх палатах парламенту, а 3 лістапада 2026 года амерыканцы будуць выбіраць новы склад Палаты прадстаўнікоў (ніжняй палаты Кангрэсу) і 35 са 100 чальцоў Сенату (верхняй палаты). Кіраўнічая партыя на прамежкавых выбарах у ЗША звычайна губляе фатэлі, апазіцыя – набірае.


Без падтрымання ЗША абароназдольнасць Украіны адчувальна пацярпіць, але і Трамп апынецца пад агнём крытыкі Дэмакратычнай партыі і шэрагу амерыканскіх медыяў, канстатуе Магда. Ці гатовы Трамп да такога, ніхто не ведае. Але Магда лічыць, што Трамп не зрэалізуе пагрозы:

,,

«Трампу не патрэбны паўтор сітуацыі ў Афганістане, гэта яму наўрад ці будзе карыснае».


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп на прэс-канферэнцыі. Вашынгтон, ЗША. 28 лютага 2025 года. Фота: President.gov.ua

Стасункі ЗША і Украіны яшчэ можна ўратаваць? Ці Трамп завёў Зяленскага ў пастку? Спецэфір «Вот Так»

Аналітыка

Злучаныя Штаты вялі вайну з тэрарыстамі ў Афганістане з 2001 да 2021 года: адносна хутка зрынулі «Талібан» у ключавых гарадах, але не маглі перамагчы тэрарыстаў у падполлі – і тыя вярнулі кантроль над часткаю тэрыторыі. У 2014 годзе – яшчэ пры Бараку Абаму – ЗША пачалі паступова выводзіць войскі з Афганістану, пераключыліся на падтрыманне і навучанне афганскіх войскаў. Тое ж рабілі саюзнікі Злучаных Штатаў. Але ў 2019 годзе – пры Трампу – ЗША пайшлі на перамовы з «Талібанам». У 2020 годзе мірнае пагадненне набыло моц, ЗША сталі выводзіць рэшту войскаў. Канчатковы вывад войскаў прыпаў на прэзідэнцтва Джо Байдэна – той адкладаў канец місіі, але ўсё ж вывеў войскі. І яшчэ падчас вываду войскаў «Талібан» распачаў імклівы наступ, узяў краіну амаль без супраціву. Найдаўжэйшая вайна Штатаў скончылася не перамогай, а хаосам.


А з Украінаю сапраўды будзе так жа, як было з Афганістанам? Магда адказвае: не сакрэт, што еўрапейскія краіны паставілі Украіне нашмат больш вайсковай тэхнікі, чым ЗША. Таму пытанне будзе ў палітычнай рашучасці краінаў Еўразвязу і Злучанага Каралеўства: на што яшчэ яны гатовыя пайсці, што гатовыя даць Украіне.

,,

«Сказаць, што фронт проста абваліцца, – не, я не бачу для гэтага падставаў. Але Украіна ў такім разе мусіць настойваць на вельмі простых рэчах: яна мусіць казаць, што людзі, якія распавядаюць пра хрысціянскія каштоўнасці, ствараюць сітуацыю, у якой больш гіне ўкраінскіх абаронцаў, больш гіне ўкраінскіх грамадзянаў».


На думку Магды, гэтыя рэчы будуць відавочнымі, але з імі ўкраінскім палітыкам трэба будзе актыўна працаваць.


Ян Федаровіч, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10