У Штатах меркаванні падзяліліся за рэдкімі выключэннямі па партыйнай лініі, Еўропа за рэдкімі (і прадказальнымі) выключэннямі падтрымлівае Украіну, а Італія спрабуе ўсіх памірыць. «Белсат» пераказвае рэакцыі на публічную сварку Трампа з Зяленскім.
Візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Злучаныя Штаты скончыўся заўчасна, чаканага падпісання ўгоды па карысных выкапнях не адбылося. Падчас прэс-канферэнцыі Зяленскі спрабаваў давесці кіраўніцтву ЗША, што Уладзіміру Пуціну (з якім, як выявілася, прэзмдэнт ЗША стэлефаноўваўся перад сустрэчай з Зяленскім) нельга верыць і што Украіне патрэбныя гарантыі бяспекі, а не проста замірэнне, якое Расея парушыць у любы момант. Гэта скончылася публічнай сваркай з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Вэнсам (стэнаграма па-англійску тут). Пасля сваркі Трамп сказаў, што «гэта будзе добрае тэлешоў».
Што па выніках сказалі Трамп і Зяленскі
Зяленскі пасля сустрэчы напісаў у X: «Дзякуй табе, Амерыка, дзякуй за тваю падтрымку, дзякуй за гэты візіт. Дзякуй вам, прэзідэнт ЗША, Кангрэс і амерыканскі народ. Украіна мае патрэбу ў справядлівым і працяглым міры, і мы працуем менавіта для гэтага». Гэтак ён адказаў на заявы Трампа і Вэнса, што ён нібы «не выказваў падзякі» – хоць са словамі падзякі ён заходзіў у Белы дом. Затым Зяленскі прыняўся цытаваць словы падтрымкі ад іншых палітыкаў з усяго свету, дадаваў да кожнага рэтвіту: «Дзякуй за вашую падтрымку».
Пазней Зяленскі выступіў на «Fox News» – амерыканскім тэлеканале, які адкрыта падтрымлівае Рэспубліканскую партыю і Трампа і які называюць «трампаўскай сеткай». Зяленскі сказаў, што не ўпэўнены, ці зрабіў нешта няправільна, але прызнаў, што сварка была «кепскай для абодвух бакоў». Ён падкрэсліў, што хацеў, каб партнёры «разумелі сітуацыю слушна», каб «мы не страцілі сяброўства».
На пытанне, ці можна ўратаваць адносіны з Трампам, ён адказаў:
,,«Так, вядома, таму што гэта адносіны больш чым двух прэзідэнтаў. Гэта гістарычныя адносіны, моцныя адносіны паміж нашымі народамі, і таму я заўсёды пачынаў з падзякі вашаму народу ад нашага народу».
У акаўнце Трампа ў ягонай сацсетцы Truth Social пасля сустрэчы апублікавалі заяву ад імя Трампа: «Прэзідэнт Зяленскі не гатовы да міру, калі Амерыка будзе ўцягнутая, таму што ён адчувае, што наш удзел дае яму вялікую перавагу ў перамовах. Я не хачу перавагі, я хачу міру. Ён зняважыў Злучаныя Штаты Амерыкі ў іхным запаветным Авальным кабінеце. Ён можа вярнуцца, калі будзе гатовы да міру».
Пазней Трамп сказаў журналістам, што Зяленскі «хоча працягваць ваяваць, ваяваць, ваяваць», а ЗША «хочуць спыніць смерці» ўкраінцаў і расейцаў. Трамп даводзіў, што Пуцін «таксама хоча спыніць вайну», таму Зяленскі «не павінен казаць пра Пуціна негатыўныя рэчы», бо «ў яго няма картаў на руках».
,,«Мы не будзем працягваць змагацца! – заявіў Трамп. – Ён скончыць гэтую вайну альбо мы пакінем іх і паглядзім, чым гэта скончыцца, хай змагаюцца».
Як адрэагавалі ў Еўропе
Прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні заявіла, што неабходна тэрмінова арганізаваць саміт з удзелам ЗША, еўрапейскіх дзяржаваў і хаўруснікаў, каб «адкрыта пагаварыць пра тое, як мы збіраемся вырашаць сур’ёзныя праблемы сучаснасці, пачынаючы з Украіны». Магчыма, на такі саміт дамовіліся яшчэ да ейнай заявы: прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Кір Стармэр пасля сустрэчы з Трампам 27 лютага склікаў саміт 18 краінаў, якія, паводле яго, далучыліся да працэсу мірных перамоваў і магчымай міратворчай місіі ва Украіне – прадстаўнікі гэтых краінаў маюць сабрацца ў Брытаніі 2 сакавіка.
Бальшыня еўрапейскіх лідараў выказалася ў падтрымку Зяленскага. Першым у X Зяленскага падтрымаў прэм’ер-міністр Польшчы Доналд Туск:
,,«Дарагі Зяленскі, дарагія ўкраінскія сябры, вы не адны», – напісаў Туск.
Следам падобныя словы падтрымкі напісалі прэзідэнты Малдовы, Літвы, Чэхіі, Францыі, Латвіі, Славеніі; прэм’ер-міністры Іспаніі, Латвіі, Чэхіі, Нарвегіі, Швецыі, Партугаліі, Люксембургу, Нідэрландаў, Эстоніі, Фінляндыі, Харватыі, Даніі, Румыніі, Канады, Ірландыі, Бельгіі; канцлер Аўстрыі, дзейны канцлер Нямеччыны і меркаваны будучы канцлер; прэзідэнткі Еўрапарламенту і Еўракамісіі, старшыня Еўрапейскай рады і іншыя. Да іх далучыліся прэм’еры Аўстраліі, Новай Зеландыі і Канады.
Высокая прадстаўніца Еўразвязу ў пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Кая Калас заявіла ў X: «Украіна гэта Еўропа! Мы з Украінай. Мы павялічым нашую падтрымку Украіны, каб яны маглі працягваць адбівацца ад агрэсара».
,,«Сёння стала відавочна, што свабоднаму свету патрэбны новы лідар. Мы, еўрапейцы, павінны прыняць гэты выклік», – дадала Калас.
За прэм’ера Злучанага Каралеўства Стармэра словы падтрымкі Украіне выказаў ягоны спікер. Стармэр жа вечарам 28 лютага стэлефаноўваўся з прэзідэнтам Турэччыыны Рэджэпам Эрдаганам – і той паабяцаў, што Турэччына гатовая зрабіць свой унёсак у мір ва Украіне, гатовая ўзяць удзел у саміце 2 сакавіка і правесці перамовы аб міры.
Зяленскі пасля сваркі з Трампам размаўляў па тэлефоне са Стармэрам, а таксама з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і Генеральным сакратаром NATO Маркам Рутэ. Дэталяў размоваў не прыводзяць.
Словы падтрымкі Трампу выказалі прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан і прэм’ер Славаччыны Робэрт Фіца, якія і раней выступалі супраць падтрымкі Украіны.
Як адрэагавалі ў ЗША
Непасрэдна пасля сваркі Трампа з Зяленскім негатыўных наступстваў для Украіны не было. Пайшлі размовы пра тое, што Штаты могуць цалкам спыніць падтрымку Украіны. Чуткі падагрэла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт: сказала, што ЗША «больш не збіраюцца проста выпісваць чыстыя чэкі на вайну ў вельмі далёкай краіне без спраўднага, трывалага міру». Але навіны пра спыненне падтрымкі ў аднаўленні энергасістэмы і загад спыніць планаванне аперацыяў кібервойскаў ЗША супраць Расеі – гэта старыя навіны, рашэнні былі прынятыя яшчэ да сваркі.
Вербальныя рэакцыі на сварку выразна падзяліліся паводле партыйнай лініі: Рэспубліканская партыя – за Трампа, Дэмакратычная партыя – за Зяленскага.
Гэта адбылося праз лічаныя гадзіны пасля таго, як Зяленскі выказваў падзяку Штатам за двухпартыйную падтрымку. Але нават тыя рэспубліканцы, якія горача падтрымлівалі Украіну раней, усталі на бок Трампа. Напрыклад, сенатар-рэспубліканец Ліндзі Грэям, які цёпла вітаў Зяленскага ў Белым доме, пасля сваркі Трампа з Зяленскім заявіў, што прэзідэнт Украіны мусіць пайсці ў адстаўку і прыслаць кагосьці, «з кім мы можам рабіць бізнес». Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў запатрабаваў ад Зяленскага выбачэнняў. Белы дом апублікаваў падборку выказванняў рэспубліканца ў падтрымку «першай дэманстрацыі сілы» Трампам і Вэнсам.
Лідар апазіцыі ў Сенаце ЗША, дэмакрат Чак Шумэр заявіў, што «Трамп і Вэнс робяць брудную працу Пуціна» і паабяцаў, што дэмакраты ў Сенаце «ніколі не перастануць змагацца за свабоду і дэмакратыю». Лідар апазіцыі ў Палаце прадстаўнікоў Гакім Джэфрыз сказаў, што сварка ў Белым доме «паслужыць толькі падбадзёрванню Уладзіміра Пуціна, брутальнага дыктатара», а ЗША «зганьбіліся на сусветнай арэне». Былы прэзідэнт Джо Байдэн і былая віцэ-прэзідэнтка Камала Гэрыс на момант публікацыі не каментавалі сварку.
Незалежны сенатар і фактычны лідар левага крыла дэмакратаў Бэрні Сандэрс абурыўся: няўжо пасля гадоў размоваў пра свабоду ніводзін рэспубліканец у Кангрэсе не гатовы падтрымаць Украіну і дэмакратыю? Але не абсалютна ўсе рэспубліканцы падтрымалі Трампа, некаторыя заступіліся за Зяленскага і выказаліся супраць Расеі. Напрыклад, кангрэсмен з Нябраскі Дон Бэйкан напісаў у X: «Некаторыя хочуць адбельваць праўду, але мы не можам ігнараваць праўду. Расея вінаватая ў гэтай вайне». А кангрэсмен з Нью-Ёрку Майк Лоўлер, якога лічылі «трампістам», назваў сварку «катастрофай» для Украіны і перамогай Пуціна, але падкрэсліў, што не лічыць Расею, Кітай і Іран сябрамі ці саюзнікамі Штатаў і працягвае лічыць, што ЗША мусяць падтрымліваць Украіну.
Найбольш рэзка з амерыканскіх кансерватараў выступіў Рык Ўілсан – сузаснавальнік «The Lincoln Project», камітэту рэспубліканцаў у апазіцыі да Трампа. Ён назваў дурнямі тых, хто лічыць сварку з Зяленскім чымсьці акрамя «пацалунка Пуціна ў дупу». І засцярог: Трамп ужо хутка можа аказаць вайсковую падтрымку Пуціну.
Шэраг рэспубліканцаў і некаторыя амерыканскія медыі лічаць, што Трамп мае вялікі план: нармалізаваць адносіны з Расеяй, каб супрацьстаяць Кітаю. Ды былы амбасадар ЗША ў Кітай Ўінстан Лорд (якога ў Кітай выпраўлялі прэзідэнты-рэспубліканцы) лічыць, што ад дзеянняў Трампа Кітай якраз выйграе.
Алесь Наваборскі belsat.eu