Вайна

Зяленскі прыляцеў у ЗША. Трамп забыў, што называў яго дыктатарам. Што адбываецца на вайне і вакол яе

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі пасля візіту ў Хмяльніцкую і Ровенскую вобласці Украіны. 13 лютага 2025 года. Фота: President.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1101 дзень.Прэзідэнт Украіны прыляцеў у Злучаныя Штаты, але з прэзідэнтам ЗША сустрэнецца толькі ўвечары. «Белсат» расказвае, што яшчэ вядома пра вайну ва Украіне на раніцу 28 лютага.

Вайскоўцы мабільнай агнявой групы 113-й асобнай брыгады тэрытарыяльнай абароны кіруюць кулямётам «Браўнінг» у Харкаўскай вобласці Украіны. 22 лютага 2025 года. Фота: Stringer / Anadolu / Abaca Press / East News

Расейцы намагаюцца адрэзаць ЗСУ на Куршчыне. Што вядома?

Вайна

Вайна ва Украіне ідзе звыклымі тэмпамі. За мінулы дзень Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны зафіксаваў 128 баявых сутыкненняў – гэта высокая інтэнсіўнасць баёў, але далёка не рэкордная. Найбольш баёў, як звычайна за апошнія месяцы, адбываецца на пакроўскім кірунку. Расце колькасць баёў на арэхаўскім кірунку, высокая інтэнсіўнасць на навапаўлаўскім і ў Курскай вобласці Расеі. 


Страты Расеі высокія, але таксама не рэкордныя. За мінулы дзень Генштаб ЗСУ налічыў 1060 забітых і цяжка параненых расейскіх вайскоўцаў, Расея страціла таксама 13 танкаў, 17 браняваных машынаў, 54 артылерыйскія сістэмы, 1 рэактыўную сістэму залпавага агню, 126 адзінак аўтамабільнай і 4 адзінкі спецыяльнай тэхнікі.


За мінулы дзень Расея нанесла 91 авіяцыйны ўдар па Украіне, скінула 128 авіябомбаў, запусціла адну ракету, учыніла больш за 5 тысяч абстрэлаў, з іх 162 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, запусціла 2865 дронаў-камікадзэ. Паветраныя сілы Украіны паведамілі пра запуск за ноч 208 расейскіх беспілотнікаў тыпу іранскіх «Shahed»: 107 збітыя, 97 «лакацыйна страчаныя» без негатыўных наступстваў. Ад удараў беспілотнікамі ёсць пацярпелыя ў Запарожжы і Сумах, у некалькіх вобласцях былі аварыйныя адключэнні святла.

Паводле агляду амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), украінскія войскі апошнім часам прасунуліся каля Тарэцку і Пакроўску, але і расейскія войскі прасунуліся каля Пакроўску з іншага кірунку, таксама прасунуліся каля Курахава і Вялікай Навасёлкі. Паўночная Карэя тым часам дала Расеі дадатковыя сілы, вайскоўцаў размясцілі ў Курскай вобласці.


Ды найбольш гучныя навіны цяпер – не з фронту. Паводле ISW, Уладзімір Пуцін і расейскія чыноўнікі па-ранейшаму адрынаюць амерыканскія ўмовы і патрабуюць здаць нават тыя ўкраінскія тэрыторыі, якіх ім не ўдалося акупаваць. 27 лютага ЗША і Расея правялі новыя перамовы ў Стамбуле, але пра іх вынікі паведамлялі толькі агульнымі словамі.

Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой у кароўніку ў час паездкі ў Менскую вобласць, Беларусь. 21 лютага 2025 года. Скрыншот: БелТА / Youtube

Лукашэнка выказаўся пра перамовы аб Украіне: Мы не ведаем, чаго хочуць ЗША

навіны

28 лютага мае адбыцца асабістая сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Украіны Доналда Трампа і Уладзіміра Зяленскага. Самалёт Зяленскага прыляцеў у ЗША яшчэ ранкам, але сустрэча з Трампам запланаваная толькі на 11:00 паводле Вашынгтону, 19:00 паводле Менску. Перад тым Зяленскі мае сустрэцца з амерыканскімі сенатарамі. Чакаецца, што Трамп і Зяленскі зробяць заявы для медыяў а 13:00 паводле Вашынгтону, а 22:00 паводле Менску. Яны могуць падпісаць угоду пра здабычу карысных выкапняў ва Украіне.


Паводле прэм’ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля, гэтая ўгода будзе рамкаваю палітычнаю дэкларацыяй, мемарандумам пра намеры скласці ўгоду, у якой ЗША гарантуюць Украіне фінансавую, вайсковую і эканамічную дапамогу. На пытанне, ці апублікуюць тэкст угоды на афіцыйных рэсурсах, прэм’ер не адказаў.


Выказванні Трампа на тэму вайны ва Украіне неадназначныя. Раней ён вінаваціў Украіну ў пачатку вайны супраць Расеі і называў Зяленскага дыктатарам. Але на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Злучанага Каралеўства Кірам Стармэрам 27 лютага Трамп сказаў, што «не можа паверыць» у тое, што называў бы Зяленскага дыктатарам. Маўляў, з Зяленскім у яго вельмі добрыя стасункі. 

Трамп дапусціў, што стасункі з Зяленскім былі напружаныя, бо «мы хацелі мець трошкі таго, што маюць еўрапейскія краіны». Трамп працяглы час заяўляе, што нібыта «еўрапейскія краіны атрымліваюць свае грошы назад» ад Украіны – яго раней папраўляў нават прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Гэтым разам Стармэр таксама зняпраўдзіў заяву Трампа: Еўропа не атрымлівае назад усе грошы, якія дае Украіне.


І гэта не ўсе, хто апошнім часам пярэчыць Трампу: высокая прадстаўніца Еўразвязу ў пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Кая Калас нядаўна заявіла, што толькі далучэнне Украіны да NATO гарантуе бяспеку Украіны. Трамп жа раіў Украіне «забыць» пра далучэнне да NATO.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выява Уладзіміра Пуціна ў крыві на кракаўскай маніфестацыі адзінства «Украіна — бяспека Еўропы» ў трэцюю гадавіну расейскага ўварвання ва Украіну. Кракаў, Украіна. 24 лютага 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News

Тры-пяць гадоў да вайны ў Еўропе: ці рэальны сцэнар і што на гэта паказвае?

навіны

Таксама Трамп заявіў, што вайна ва Украіне «прыпыніцца або вельмі хутка, або ніколі». Паводле яго, Пуцін «стрымае слова» і будзе трымацца замірэння. Маўляў, даўно ведае Пуціна і не верыць, што той плануе парушыць свае словы.


Стармэр пасля сустрэчы з Трампам заявіў, што Злучанае Каралеўства гатовае паслаць войскі ва Украіну і «падняць самалёты ў паветра», каб забяспечыць выкананне мірнага пагаднення. Паводле яго, 18 краінаў далучыліся да працэсу мірных перамоваў і магчымай міратворчай місіі ва Украіне – прадстаўнікі гэтых краінаў маюць сабрацца ў Брытаніі 2 сакавіка. На саміт запрошаныя лідары еўрапейскіх краінаў, Турэччыны, Еўразвязу і NATO. Стармэр таксама перадаў Трампу запрашэнне на сустрэчу з брытанскім каралём Чарлзам ІІІ, адзначыўшы, што такое запрашэнне беспрэцэдэнтнае.


Еўразвяз разглядае тым часам магчымасць прызначыць спецыяльнага прадстаўніка ў перамовах пра мір ва Украіне, піша «Bloomberg». А адзін з удзельнікаў амерыканска-расейскіх перамоваў, спецыяльны пасланнік Трампа ў пытаннях Блізкага Усходу Стыў Ўіткаф адкрыта заяўляе на «Fox News», што Штаты цікавяцца здабычай карысных выкапняў не толькі ва Украіне, але і ў Расеі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10