Як 104 гады таму, лёс Беларусі могуць вырашыць без беларусаў: на перамовах Злучаных Штатаў і Расеі пра вайну ва Украіне. Ці захочуць «адарваць» Беларусь ад Масквы? Аналітыкі ў эфіры «Белсату» разважаюць скептычна.
Перамовы пра мір ва Украіне вядуць Злучаныя Штаты і Расея. Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не бачыць неабходнасці ўключаць у перамовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, якога публічна атакуе і вінаваціць у распачынанні вайны. У Крамлі цешацца, але асцерагаюцца магчымых пастак. Калі пра Украіну размаўляюць без украінцаў, чаго чакаць беларусам?
Журналіст і палітык, «дэпутат незалежнасці» (Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання) Сяргей Навумчык у перадачы «Белсат Zoom» нагадвае, што так ужо было сотню гадоў таму: пры заключэнні Рыжскага міру лёс Беларусі быў вырашаны без беларусаў.

У 1921 годзе Польшча і РСФСР (якая ўзяла на сябе прадстаўніцтва інтарэсаў БССР) вялі перамовы аб сканчэнні савецка-польскай вайны, раздзялілі землі, на якіх жылі беларусы. Прадстаўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі нават не патрапілі на тую канферэнцыю.
Тая сітуацыя цяпер не паўтараецца «адзін у адзін», адзначае Навумчык, але шмат у чым яна падобная:
,,«Свет вярнуўся на 100 гадоў назад, калі падставай было не міжнароднае права, а вельмі просты расклад: хто больш моцны, хто больш заможны, той і вырашае».
Яшчэ некалькі гадоў таму, кажа Навумчык, гіганты кшталту ЗША і Кітаю мелі ў прававым сэнсе такую ж вагу, як Славенія ці Ліхтэнштэйн. Цяпер жа – «калі ты багаты і маеш ядравую зброю, ты ўсё вырашаеш».
Але калі вырашае моцны, чаму ЗША не можа ігнараваць Расею, якая ў вайне супраць Украіны выглядае як «Нігерыя са снегам» і ядравай бомбай? Адказ, паводле Навумчыка, у ядравай зброі. Не было б яе ў Расеі, то «было б даўно скончана»з Уладзімірам Пуціным, калі не з усёй Расейскай Федэрацыяй. І хоць Расеі цяжка перамагчы ў канвенцыйнай вайне, хоць за год яна амаль не прасунулася ва Украіне, Расея мае ядравую зброю, якой можа знішчыць усё жывое на Зямлі – «вярнуць яе не на 100 гадоў назад, а на дзясяткі мільёнаў гадоў назад». Таму Вашынгтон вымушаны лічыцца і з Расеяй, і з Паўночнай Карэяй.
Да таго ж, ЗША канцэнтруюцца цяпер на сваіх унутраных праблемах, уступаюць у мацнейшае супрацьстаянне з Кітаем, «сыходзяць з Еўропы» і засяроджваюцца на Заходнім паўшар’і, нагадвае Навумчык.
У гэтым раскладзе ЗША зацікаўленыя, каб Расея не была занадта моцна прывязаная да Кітаю. Так ці інакш Расея будзе сатэлітам Кітаю, упэўнены Навумчык, але ЗША хацелі б зменшыць гэтую залежнасць. Таму Вашынгтон і заляцаецца да Масквы і ігнаруе Кіеў, які сваю ядравую зброю аддаў у пачатку 1990-х.
Па які бок «мяжы бяспекі» Беларусь?
Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы прапанаваў Захаду выцягнуць Беларусь з зоны ўплыву Расеі. І дэмакратычныя сілы Беларусі даводзяць: Бяспека ў Еўропе можа быць толькі пры дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі. Нават на мапе гэта бачна: выступае «беларускі балкон». Ці можа ЗША на перамовах з Расеяй дамагчыся, каб Беларусь атрымала магчымасць выйсці з-пад расейскага ўплыву?
Навумчык адказвае: трэба разглядаць некалькі пластоў.
Першы: «мяжа бяспекі па ўсходняй мяжы Беларусі» – гэта жаданне беларусаў і жаданне Зяленскага. Але нават Зяленскі мае цяпер мінімальную вагу ў «сусветным раскладзе». Дакладна, што гэтага не жадае Расея. Пытанне, ці гэтага жадаюць ЗША.
Другі: Вашынгтон зацікаўлены ў тым, каб Еўропа была дэмакратычнай, каб Украіна і Беларусь былі дэмакратычнымі, перакананы Навумчык.
Трэці – пытанне кошту: ці ёсць чым Амерыцы або ўсяму Захаду «заплаціць» Расеі за тое, што яна адпусціць Беларусь? Навумчык прызнае: пытанне абсурднае, бо няма такой платы, за якую Масква захацела б аддаць Беларусь з зоны свайго ўплыву. Пагрозаў Маскве з боку ЗША Навумчык ужо не чакае: пайшло імклівае замірэнне.
,,«Мы мусім прызнаць, што Захад – і Еўрапейскі Звяз, і Злучаныя Штаты Амерыкі па факце… І гэта не толькі звязана з падзеямі апошніх тыдняў, гэта цягнецца далёка-далёка ўглыб дзесяцігоддзяў! Яны фактычна аддалі Беларусь у зону ўплыву Расеі», – сцвярджае Навумчык.
Суразмоўца апраўдваецца: гэта сумна прызнаваць, ён не хацеў бы, каб так адбывалася, але так складаецца. Мо Захад і не хацеў бы, каб Беларусь стала суб’ектам Расейскай Федэрацыі і знікла як незалежная дзяржава, але не стане плаціць сур’ёзную цану за тое, каб Беларусь стала незалежнай ад Расеі. А цяпер, лічыць Навумчык, Беларусь захопленая Расеяй у палітычным, эканамічным, вайскова-тэхналагічным, інфармацыйным сэнсе. Незалежнасці ў Беларусі цяпер хіба крыху больш, чым было ў БССР.
«У нейкім плане Захад будзе старацца адрываць Беларусь ад Расеі, – кажа Навумчык і тут жа папраўляецца. – Можа, „адрываць“ тут не самае лепшае слова. Скажам, каб Беларусь набывала больш эканамічнай самастойнасці. Гэта ў інтарэсах, канешне, Еўропы. Але мы мусім прызнаць што мінуў час, пачатак 1990-х гадоў, калі Беларусь можна было рэальна адарваць ад Расеі, і былі сілы».
Ён згадвае, як у пачатку 1990-х дэмакратычная апазіцыя ў Вярхоўным савеце Беларусі не мела практычна ніякай падтрымкі ад Захаду ў імкненні адарваць краіну ад Расеі.
,,«Гісторыя – гэта такая субстанцыя, што вакно магчымасцяў можа адкрывацца раз на сто гадоў, на дзвесце гадоў, – канстатуе Навумчык. – А зараз у Беларусі найбольш рэальная перспектыва – у палітычнай і ваеннай арбіце Расеі».
Тое, што Аляксандр Лукашэнка падуладны Крамлю, на Захадзе даўно разумеюць аналітыкі і некаторыя палітыкі, нагадвае Навумчык: прапануе паглядзець аналітычныя публікацыі сярэдзіны 1990-х. Кажа, ілюзіяў адносна Лукашэнкі ў аналітыкаў не было. Але было імкненне паразумецца з Лукашэнкам – яно было элементам палітычнай гульні. Цяпер жа Захад змірыўся, на думку Навумчыка, з тым, што Лукашэнка хоць і нелегітымны і марыянеткавы, але ажыццяўляе кантроль над тэрыторыяй краіны.
Калі Расея пераможа ва Украіне, перспектывы незалежнасці Беларусі змрочныя
Пуціну можа быць выгадна, каб Беларусь мела мінімальную аўтаномію, як было выгадна савецкім кіраўнікам, каб БССР мела асобны голас у Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, лічыць Навумчык. Але аўтаномію – у строгіх межах. Як у СССР, дзе Генеральны сакратар ЦК КПСС мог у любую хвіліну зняць першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі, намінальнага кіраўніка рэспублікі.

Блізкія думкі выказвае ў «Аб’ектыве» на «Белсаце» палітолаг і палітычны дзеяч Павел Усаў. Мэтамі Расеі ў вайне ва Украіне ён бачыць «аднаўленне імперскасці» і статусу на міжнароднай арэне – за гэта Расея гатовая плаціць хоць мільёнамі жыццяў. Украіна ў гэтых амбіцыях ёсць толькі першай прыступкай, далей – пашырэнне ўплыву ў Еўропе і краінах «трэцяга свету». Калі па выніках вайны ва Украіне Расея застаецца непахіснай, узмоцненай пасля скасавання санкцыяў, то Беларусі як незалежнай краіны можа не застацца.
Весці нейкую самастойную палітычную гульню Лукашэнка мог бы, калі б Расея захрасла ў вайне і не была ў стане кансалідаваць рэсурсы, каб уплываць на Беларусь, тлумачыць Усаў. Выходзіць, што мірныя пагадненні паводле формулы Трампа для Лукашэнкі небяспечныя: толькі ва ўмовах глабальнага супрацьстаяння Захаду і Расеі Лукашэнка можа знайсці «сцежку лавіявання».
Усаў упэўнены, што годзе ў 2030-м Пуцін захоча стаць нейкім «надпрэзідэнтам саюзнай дзяржавы».
,,«Лукашэнка можа быць як такі сабачка, Умка для Пуціна, якога той будзе цягаць на нейкія там сустрэчы, паказваць, каб прасоўваць свае інтарэсы», – кажа Усаў.
Палітолаг адзначае, што ніхто цяпер не разумее, якая «дарожная мапа да міру» ёсць у Трампа: пакуль чуваць толькі дэкларацыі, скіраваныя на тое, каб змусіць Украіну сесці за стол перамоваў. Але на якіх умовах, незразумела. Калі дамова будзе ўключаць прызнанне за Расеяй захопленых тэрыторыяў і дэмілітарызацыю Украіны, гэта будзе перамога Расеі прынамсі ў палітычным і міжнародным вымярэнні, банкруцтвам дэмакратычнай супольнасці. У такім раскладзе перспектывы Беларусі змрочныя: нават каб Лукашэнка мог балансаваць між Расеяй і Захадам, трэба, каб была супрацьвага расейскаму ўплыву ў выглядзе моцнага Захаду.
Ці так ужо нявыгадная Лукашэнку формула Трампа?
Што калі спраўдзіцца сцэнар «The New York Times»: ЗША заключаць угоду з Лукашэнкам аб вызваленні палітвязняў у абмен на скасаванне санкцыяў?
Эканаміст-міжнароднік Алесь Чайчыц у «Аб’ектыве» падкрэслівае, што пакуль ніякіх санкцыяў не здымаюць, а імавернасць поўнага зняцця санкцыяў малая: нават калі ЗША здымуць свае санкцыі, Еўразвяз наўрад ці здыме свае, а амерыканскія кампаніі будуць арыентавацца не на адміністрацыю Трампа, а на наяўнасць еўрапейскіх санкцыяў.
,,«Вельмі-вельмі вялікую зніжку трэба рабіць на ўсё, што гаворыць Трамп, – мяркуе Чайчыц. – Гэта шмат у чым інфармацыйны шум з мэтай таго, каб мы з вамі гэта абмяркоўвалі, каб расейцы дэзарыентаваліся, каб іхны маральны дух зламіўся ад ілюзіяў перспектывы таго, што нехта нешта з іх здыме».
Чайчыц спрабуе ўявіць, што будзе, калі ЗША ўсё ж паслабяць ці прыпыняць санкцыі. За тры гады поўнамаштабнай вайны ў Расеі тыя нішы, з якіх сышлі ЗША, часткова заняў Кітай, часткова Беларусь. Амерыканцы маглі б пацясніць: вярнуцца ў Расею з нейкім абсталяваннем для прамысловасці, з сельскагаспадарчай тэхнікай, з тэхналогіямі…
На момант пачатку поўнамаштабнай вайны, нагадвае Чайчыц, амерыканская вытворчасць у Расеі была лакалізаваная: прадукцыя практычна цалкам выраблялася на расейскіх заводах. Пасля ўвядзення санкцыяў тыя заводы распрадалі. А пасля скасавання санкцыяў наўрад ці амерыканцы пабягуць будаваць новыя заводы, пабачыўшы, што было з папярэднімі. Будуць яшчэ доўга вывучаць рызыкі і весьці перамовы.
Лукашэнка на мінулым тыдні разважаў пра перспектывы Беларусі ў выпадку дамовы Пуціна і Трампа, вяртання амерыканскіх кампаніяў: «Дзесьці, напэўна, нам на карысць, дзесьці наўрад». Чайчыц тлумачыць: калі з беларускай прадукцыяй у Расеі будзе канкураваць не толькі кітайская, а яшчэ і амерыканская, гэта будзе для Лукашэнкі не вельмі прыемна.
З другога боку, кажа эканаміст, для беларускіх кампаніяў таксама можа адкрыцца доступ да амерыканскіх тэхналогіяў і абсталявання. І магчыма, нішы для Беларусі ў Расеі застануцца: Штаты могуць не разблакаваць Расеі вайсковыя тэхналогіі, таму Расея не зможа замяніць у сваіх ракетах беларускія мікрасхемы амерыканскімі.
Зміцер Міцкевіч, Юлія Цяльпук, Алесь Наваборскі belsat.eu