навіны

Трамп атакаваў Зяленскага. Што адказваюць ва Украіне і свеце

Доналд Трамп дае прэс-канферэнцыю ў сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп дае прэс-канферэнцыю ў сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага, Флорыда, ЗША. 18 лютага 2025 года. Фота: Daniel Torok / The White House / Flickr
podpis źródła zdjęcia

На прэс-канферэнцыі ўвечары 18 лютага Трамп звінаваціў Украіну ў пачатку вайны, заявіў пра нібыта нізкі рэйтынг Зяленскага і фактычна запатрабаваў правесці выбары ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: life.ru

Перамовы паміж Расеяй і ЗША ў Саудаўскай Аравіі: ці прывядуць яны да міру ва Украіне?

Аналітыка

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп даў прэс-канферэнцыю ў сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага ўвечары 18 лютага – неўзабаве па завяршэнні амерыканска-расейскіх перамоваў у Саудаўскай Аравіі. Ён заявіў пра непапулярнасць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і дапусціў асабістую сустрэчу з Уладзімірам Пуціным.


Трамп зрабіў шэраг гучных заяваў


  • Сказаў, што ўкраінцаў няма за сталом перамоваў, бо мелі тры гады на перамовы. На пытанне, што б сказаў украінцам, якія праз тры гады вайны могуць адчуць, што ім здрадзілі, калі не далі месца за сталом перамоваў у Саудаўскай Аравіі: «Ну, я думаю, я вельмі расчараваны тым, што адбылося. Тры гады за гэтым назіраю. Гэта вайна, якой ніколі б не было, калі б я быў прэзідэнтам. І я назіраю за тым, як гэтых людзей забіваюць на такіх узроўнях, якія вы рэдка бачыце, нават блізка, з часу Другой сусветнай вайны. І я вельмі расчараваны. Я чую, што яны засмучаныя тым, што не маюць месца. Ну, у іх было месца тры гады і шмат часу да гэтага».
  • Звінаваціў Украіну ў распачынанні вайны: «Я думаю, у мяне ёсць сіла спыніць гэтую вайну і справа ідзе добра. Але сёння я пачуў: „Ох, нас не запрасілі“. Ну, вы там былі тры гады. Вы павінны былі скончыць гэта праз тры гады. Вы ніколі не павінны былі гэтага пачынаць. Вы маглі б дамовіцца». Трамп таксама заявіў, што мог бы даць Украіне ўгоду, у якой тая «атрымала б амаль усю тэрыторыю, і ніхто не быў бы забіты і ніводзін горад не быў бы разбураны», але «яны пастанавілі не ісці гэтым шляхам». Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны адзначае, што Расея даводзіла пра віну Украіны ў пачатку вайны на перамовах з ЗША ў Саудаўскай Аравіі.
  • Падтрымаў заклік Расеі правесці новыя выбары ва Украіне і заявіў пра нібыта нізкі рэйтынг Зяленскага: «У нас такая сітуацыя, што выбараў ва Украіне не было. У нас па сутнасці ваеннае становішча ва Украіне, дзе лідар ва Украіне, я маю на ўвазе, мне непрыемна гэта казаць, але ягоны рэйтынг упаў да 4 %, і краіна была разнесеная ўшчэнт». Насамрэч украінскія сацыёлагі фіксуюць рост рэйтынгу Зяленскага: прэзідэнту давяраюць 57 % апытаных у лютым супраць 52 % у студзені.
  • Паставіў выбары ва Украіне ўмовай удзелу Украіны ў перамовах: «Я б сказаў, што калі яны хочуць месца за сталом, вы можаце сказаць, што людзі павінны – ці не павінны людзі Украіны сказаць, што ў нас даўно не было выбараў. Гэта не расейская справа. Гэта тое, што зыходзіць ад мяне і ад шмат якіх іншых краінаў».
  • Заявіў, што Расея магла б знішчыць Кіеў, як знішчыла іншыя ўкраінскія гарады: «Яны не зрабілі гэтага ў Кіеве, бо, думаю, не хочуць страляць там зашмат ракет. Яны зрабілі гэта на 20 %, але яны не зрабілі гэта на 100 %. Калі б яны захацелі гэта зрабіць, на 100 %, напэўна, гэта адбылося б вельмі хутка. Але ў вас ёсць гарады, якія абсалютна знішчаныя».
  • Назваў моцна завышаныя лічбы падтрымання Украіны Штатамі: «Здаецца, прэзідэнт Зяленскі на мінулым тыдні сказаў, што не ведае, дзе палова грошай, якія мы яму далі. Ну, мы далі ім, я думаю, 350 мільярдаў долараў, але скажам, што гэта нешта меншае. Але гэта шмат, і мы маем зраўняцца з Еўропаю, бо Еўропа дала нашмат меншы адсотак. Думаю, Еўропа дала 100 мільярдаў долараў, а мы далі, скажам, 300 з лішнім. І для іх гэта больш важна, як для нас. У нас ёсць акіян паміж імі, а ў іх няма. Але дзе ўсе грошы, якія далі? Куды гэта ідзе? І я ніколі не бачыў гэтага ўліку. Мы даём сотні мільярдаў долараў». На сайце Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША 20 студзеня былі апублікаваныя такія лічбы: ЗША далі Украіне $ 69,2 млрд вайсковай дапамогі з пачатку расейскага ўварвання ў 2014 годзе, з гэтага $ 65,9 млрд – з пачатку поўнамаштабнай вайны. Разам з фінансавай і гуманітарнаю дапамогаю ЗША далі Украіне агулам каля $ 106 млрд. 
  • Неадназначна выказаўся пра магчымасць увесці войскі ва Украіну ў выпадку мірнага пагаднення. Ці то падтрымаў увод еўрапейскіх, ці то дапусціў увод амерыканскіх: «Нам не трэба будзе слаць іх туды, бо мы вельмі далёка. Але каб там былі войскі, было б добра, я б ні ў якім разе не быў супраць. Цяпер мы гаворым пра мір, у нас альбо спыненне агню, альбо сам мір, і мы імкнёмся зрабіць і адно, і другое, пачнём са спынення агню, і калі яны захочуць гэта зрабіць. Я ведаю, што Францыя была гатовая гэта зрабіць, і я палічыў гэта прыгожым жэстам». Францыя ж заяўляе, што не кажа пра наземныя войскі на фронце, а толькі разважае з брытанцамі пра абмежаваны кантынгент па-за зонаю баявых дзеянняў.
  • Сказаў, што яго «ніхто не прасіў» выводзіць войскі з Еўропы ў межах угоды з Расеяй: «Так што я не думаю, што нам трэба было б гэта рабіць. Я б не хацеў гэтага рабіць. Але гэтае пытанне ніколі не ўзнікала».
  • Моцна завысіў колькасць ахвяраў вайны ва Украіне: «Але калі вы бачыце, што адбываецца ва Украіне, дзе гінуць мільёны людзей, у тым ліку вайскоўцы, мільёны забітых людзей, вялікі адсотак гарадоў, зруйнаваных дашчэнту. Я нават не ведаю, як там хто жыве. Калі кажуць, што правялі апытанне, і ў Зяленскага 4 %: хто там жыве?». Дакладная колькасць ахвяраў расейска-ўкраінскай вайны невядомая, але прыблізная ацэнка – 1 млн чалавек забітымі і параненымі сумарна з абодвух бакоў.
  • Сказаў, што можа сустрэцца з Пуціным да канца месяца. На пытанне, ці чакаецца ягоная сустрэча з Пуціным да канца месяца, адказаў: «Магчыма». У Крамлі пазней пацвердзілі, што такая сустрэча магчымая.


Як рэагуюць на заявы Трампа


Уладзімір Зяленскі на момант публікацыі не каментаваў гэтых заяваў Трампа. 18 лютага ён быў з візітам у Турэччыне, скасаваў запланаваны візіт у Саудаўскую Аравію: паводле ананімных крыніцаў «Reuters», каб не «легітымізаваць» амерыканска-расейскіх перамоваў, на якія яго не запрасілі. Удзень 19 лютага Зяленскі напісаў пра расейскі ўдар па Адэсе і заклікаў «памятаць, што Расеяй кіруюць паталагічныя хлусы, і ім нельга давяраць – на іх трэба ціснуць дзеля міру».

Удзень 19 лютага Зяленскі даў прэс-канферэнцыю на тэму амерыканска-расейскіх перамоваў. Сярод іншага ён заявіў: «Калі хтосьці хоча мяне памяняць проста цяпер, то проста цяпер ніяк не выйдзе». І дадаў, што інфармацыя пра «4 % падтрымання» абгаворваецца між Расеяй і ЗША.


Выдаткі на вайну ён палічыў так: агулам $ 320 млрд, з якіх $ 120 млрд даў «народ Украіны», $ 200 млрд – ЗША і Еўразвяз, з гэтага ад ЗША $ 67 млрд – зброяй і $ 31,5 млрд – фінансаваю дапамогай у бюджэт.


На думку Зяленскага, «Пуцін і расейцы вельмі радуюцца, бо абгаворваюцца пытанні з імі, і ўчора былі ўжо сігналы з імі як з „ахвярай“, вось гэта новае».

,,

«Тое, што яны абгаворваюць у Саудаўскай Аравіі свае двухбаковыя пытанні, я казаў: гэта іхнае права. Хоць я думаю, што ЗША дапамаглі Пуціну выбрацца са шматгадовай ізаляцыі, ніхто не раздражнёны. Мы да ўсяго гатовыя».


Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны з апазіцыйнай фракцыі «Еўрапейская салідарнасць» Аляксей Ганчарэнка ранкам заяўляў, што Зяленскі мусіць пракаментаваць учорашнія заявы Трампа, бо «былі сказаныя вельмі сур’ёзныя рэчы, і Украіна не можа проста так гэта слухаць». Ён заклікае публічна выбудоўваць стасункі з камандаю Трампа на прынцыпах незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.


Ідэю выбараў адразу пасля прыпынення агню ва Украіне лічаць нерэалістычнаю, пра гэта кажа нават апазіцыя. Дэпутатка Вярхоўнай Рады з фракцыі «Еўрапейская салідарнасць» Іванна Клымпуш-Цынцадзэ адзначыла, што выбары цяжка зарганізаваць з ваеннага, фінансавага і інфармацыйнага гледзішча. Яна дадала: выбары маюць адбывацца ва ўмовах, калі можна гарантаваць іх дэмакратычнасць і празрыстасць, бо «мы ж не хочам з вамі выбараў, якія б нагадвалі выбары ў Расеі або ў Беларусі». Пытанне пра выбары адрынуў як нясвоечасовае амбасадар Украіны ў Аб'яднаным Каралеўстве, былы галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны і меркаваны палітычны апанент Зяленскага Валерый Залужны. Таксама ад выбараў у час вайны, якія могуць стаць «козырам у руках Расеі», засцерагае прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі


Але гэтую ідэю, падобна, падтрымлівае мільярдэр і паплечнік Трампа Ілан Маск: ён пагаджаецца з заяваю, што «Зяленскі не хоча міру, ён хоча толькі грошай і ўлады».

Сустрэча лідараў Еўразвязу і NATO ў Парыжы, Францыя. 17 лютага 2025 года. Фота:  Mark Rutte / X

Лідары Еўразвязу і NATO пільна сустрэліся пасля Мюнхенскай канферэнцыі. Размаўлялі пра абарону

навіны

Старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля ў інтэрв’ю «РБК-Україна» запэўніла, што Еўропа будзе гатовая супрацьстаяць пагрозам з боку Расеі ці Кітаю, калі ЗША пастановяць зменшыць унёсак у калектыўную бяспеку. Мінулым вечарам чатыры групы Еўрапарламенту апублікавалі супольную заяву, у якой пагадзіліся з тым, што Еўропа больш не можа быць залежнай ад ЗША ў сваёй абароне, а «бяспека Украіны – гэта бяспека Еўропы». Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах Кая Калас увечары 18 лютага паведамляла пра размову з Дзяржаўным сакратаром ЗША Маркаў Руб’ёў: «Расея паспрабуе нас падзяліць. Давайце не будзем трапляць у пасткі. Праз супольную працу з ЗША мы можам дасягнуць справядлівага і трывалага міру на ўмовах Украіны».


Заявы Трампа актыўна каментуюцца ў еўрапейскіх і амерыканскіх медыях. Гэтак, амерыканскае CNN заяўляе, што Трамп нанёс чарговы ўдар Украіне і даў новы штуршок Пуціну. Брытанскае «The Times» адзначае, што Трамп непраўдзіва вінаваціць Украіну ў пачатку вайны і спрабуе перапісаць гісторыю. Французскае «Le Monde» піша, што ў Трампа «няма плану пабудаваць мір» – ён зацікаўлены толькі ў спыненні агню. Нямецкае «Spiegel» жа контратакуе: «Хто баіцца Трампа, той ужо прайграў». Паводле выдання, еўрапейцы яшчэ могуць аказаць уплыў і працаваць над дасягненнем добрага выніку перамоваў пра мір ва Украіне. Амерыканскае «NBC News» жа сцвярджае са спасылкаю на выведку: Пуцін не зацікаўлены ў рэальным міры.


Амерыканскае выданне «Bloomberg» мяркуе, што Украіна не мае такіх запасаў карысных выкапняў, якіх хоча Трамп, а той спадзяваўся атрымаць ад Украіны ўгоду на здабычу выкапняў эквівалентам $ 500 млрд. Брытанскае «The Telegraph» мяркуе, што ЗША хочуць «прыбраць» Зяленскага, калі ён не пойдзе на ўгоду ў справе выкапняў, якой хоча Трамп.


Пра доступ ЗША да карысных выкапняў Зяленскі сказаў у інтэрв’ю турэцкай службе CNN гэтак: «Без гарантыяў бяспекі ўгода не будзе справядлівая. Калі мы хочам нешта даць, мы павінны нешта атрымаць узамен». І дадаў, што Украіна «гатовая да інвестыцыяў пры ўмове вызвалення акупаваных тэрыторыяў і абароны прыродных рэсурсаў», але не хоча быць «проста крыніцаю сыравіны».


Тым часам ва Украіну прыбыў адмысловы прадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны і Расеі Кіт Келаг. Ён сказаў: «Мы будзем слухаць. Мы гатовыя даць тое, што трэба. Мы разумеем неабходнасць гарантыяў бяспекі. Частка маёй місіі – слухаць. Потым я вярнуся ў ЗША, паразмаўляю з прэзідэнтам Трампам. Каб пераканацца, што мы ўсё правільна разумеем».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10