Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў, што няма неабходнасці, каб у перамовах аб спыненні вайны ўдзельнічаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Пра гэта піша «Bloomberg».
Доналд Трамп заявіў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўдзельнічае ў сустрэчах ужо тры гады, з моманту ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года, і дагэтуль не змог пакласці канец канфлікту.
«Я не думаю, што ён вельмі важны для ўдзелу ў нарадах, калі шчыра, – сказаў Трамп. – Калі Зяленскі сказаў, што яго не запрасілі на сустрэчу, я маю на ўвазе, што гэта не было прыярытэтам, бо ён так кепска справіўся з перамовамі дагэтуль».
На мінулым тыдні Трамп размаўляў з Уладзімірам Пуціным, а на пачатку гэтага тыдня высокапастаўленыя амерыканскія чыноўнікі сустрэліся з расейскімі калегамі ў Саудаўскай Аравіі. Украінцаў на сустрэчы не было.
«Кожны раз, калі я кажу "Расея не вінаватая", мяне заўсёды завальваюць фэйкавымі навінамі, але я кажу вам: Байдэн казаў няправільныя рэчы, Зяленскі казаў няправільныя рэчы, на іх напаў хтосьці, хто нашмат большы і нашмат мацнейшы. Але Расею можна было так лёгка адгаварыць ад гэтага», – сказаў Трамп.
Арсен Рудэнка belsat.eu