У Вялікай Брытаніі зусім няшмат навукоўцаў, якія б даследавалі беларускую гісторыю і культуру. Сярод іх – перакладнік, прафесар Лонданскага ўніверсітэту Джым Дынглі. Пагаварылі з ім пра бачанне сітуацыі ў Беларусі.
Лёс гэтага чалавека шчыльна пераплецены з беларускаю праблематыкай яшчэ з сярэдзіны 1960-х. Агулам Джым Дынглі ўзначальваў англійска-беларускую суполку амаль чвэрць стагоддзя. Быў актыўным сябрам і рэдактарам «The Journal of Byelorussian Studies». З сярэдзіны 1970-х быў сакратаром рады Бібліятэкі Францішка Скарыны ў Лондане. Сярод іншых зарганізаваў першы Міжнародны кангрэс беларусістаў у 1991 годзе. Тады ж быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 2019-м – медалём «100 гадоў БНР». Жонка брытанскага навукоўца паходзіць з Беларусі, у іх дзве дочкі.
– Спадару Джыме, вы займаецеся беларускаю праблематыкай даўно – ад БССР да Рэспублікі Беларусь. І гэты апошні – 30-гадовы – перыяд, які ўвойдзе ў падручнікі з адмысловаю назваю. Як бы вы ахарактарызавалі тое, што адбываецца апошнія чатыры гады? Якія могуць быць наступствы для дэмакратыі, суверэнітэту, захавання нацыі?
– Калісьці беларускі пісьменнік з Польшчы Сакрат Яновіч сказаў, што некалі беларусы будуць асуджаныя на незалежнасць. Ён абсалютна меў рацыю. Незалежнасць кінулася перад імі на калені, няпрошаная, знянацку. Яны сапраўды не ведалі, што з ёю рабіць. Параўнайце гэта з краінамі Балтыі і нават з Украінаю. Няма сэнсу спрабаваць зваліць віну на кагосьці. Таксама няма сэнсу казаць, што беларусы тады яшчэ не былі цалкам сфармаванаю нацыяй. Магчыма, для тых, хто працуе ва ўніверсітэтах, гэта нешта значыць, але для людзей, якія тады спрабавалі зарабіць на жыццё, калі вакол іх руйнавалася савецкая сістэма, да якой яны прывыклі, няшмат.
Я разумею, што мне лёгка задаваць пытанні, бо я не беларус, але ўсё роўна задам іх. Што такое дэмакратыя насамрэч, на думку беларусаў? Навошта каму-небудзь хацець далучыцца да Расеі, калі ў яго ёсць магчымасць будаваць сваё жыццё?
,,І апошняе: калі сярод беларусаў сапраўды ёсць жаданне, каб іхныя культурніцкія здабыткі, напрыклад, сучасная літаратура, былі больш вядомыя, то трэба самім рабіць нешта станоўчае. Выдаўцы ў англамоўных краінах не прыйдуць да вас з шапкай у руках. Паглядзіце, наколькі добра ўкраінцы даюць рады.
– Хочацца высветліць, адкуль узялася гэтая цікавасць да Беларусі. Як так сталася, што маладзён з Вялікай Брытаніі раптам надумаў вучыць расейскую мову?
– Гэта было, калі не памыляюся, у 1957 годзе, калі запусцілі першы штучны спадарожнік Зямлі. Тады шмат хто ў Англіі думаў, што з Савецкім Саюзам будзе нашая агульная будучыня. Я хадзіў у школу, і там у нас быў выкладнік расейскай мовы. Хутчэй за ўсё, ён быў адным з першых, хто быў на моўных курсах у Маскве. Вось я і пачаў вывучаць расейскую мову. Адтуль усё і пайшло.
– Вы навучаліся ў Кеймбрыджскім універсітэце. Якая была спецыялізацыя?
– Мяне зацікавіла гісторыя Усходняй Еўропы і ў прыватнасці гісторыя Расеі. Тады гэта была Кіеўская Русь, Кіеў у старажытнай гісторыі Расеі. Але пасля двух гадоў вывучэння расейскай гісторыі ў мяне з’явіліся пытанні. Напрыклад: як так атрымалася, што цэнтр старажытнай Расеі быў у Кіеве, а потым раптам апынуўся ў Маскве? Адсутнасць логікі была відавочная. Таксама было няясна, што гэта за дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. Была вялікая дзяржава ад Балтыкі да Чорнага мора, але сучасная Літва чамусьці такая маленькая. Ніхто пра гэта не казаў. Не было нічога і ў падручніках гісторыі. Вядомы тады расейскі гісторык, які жыў у Амерыцы, Георгій Вярнадскі, таксама нічога пра Княства Літоўскае не пісаў.

– Для расейскіх даследнікаў тэма ВКЛ была нязручная?
– Так, нязручная, і ясна чаму. Я тады пасля заканчэння ўніверсітэту пачаў працаваць у бібліятэцы Брытанскага музею. Сёння гэта Нацыянальная бібліятэка. Аднойчы сустрэўся там з адным беларусам. А ў той час я дапамагаў у бібліятэцы даследнікам, і адным з іх быў той беларус. Гэта быў айцец Аляксандр Надсан. Так што ўсё адбылося выпадкова. Аднойчы мы абедалі ў італьянскім рэстаране, і там ён пачаў апавядаць мне пра Беларусь, пра Францыска Скарыну. Я ніколі нічога пра гэта не чуў. Гэта быў пачатак нашага шматгадовага сяброўства і нашай супрацы.
– У маім жыцці Аляксандр Надсан стаўся знакавай асобай. Ці паўплываў ён на вашыя погляды, напрыклад, на рэлігійныя перакананні?
– На мае рэлігійныя перакананні ён ніякім чынам не паўплываў. Я заўсёды быў скептыкам і дасюль застаюся. Але я быў уражаны ягонаю працаздольнасцю і тым, як ён самааддана працаваў для бібліятэкі [Бібліятэка імя Францішка Скарыны, Скарынаўскі цэнтр у Лондане. – Заўвага аўт.], для навучання студэнтаў, і ўсё гэта для Беларусі. І яшчэ ў яго было цудоўнае пачуццё гумару.

– Ці можна сказаць пра беларусаў, што яны вылучаюцца сярод іншых менавіта пачуццём гумару? У самых цяжкіх сітуацыях жартуюць.
– Сапраўды так. Паміж англійскім гумарам і беларускім, вядома, ёсць розніца, але мне падаецца, што гэта неістотна.
– Калі казаць пра розніцу, то ці ёсць яна паміж беларусамі-эмігрантамі пасляваеннага часу, якія ратаваліся ад бальшавіцкага тэрору ў Вялікай Брытаніі, і тымі, хто прыехаў пасля падзеяў 2020-га?
– Ёсць розніца. Тых, якія прыехалі пасля 2020-га, я не вельмі добра ведаю, бо цяпер зрэдку бываю на Фінчлі ў Скарынаўскім цэнтры. Але ў бальшыні ўсе яны прафесіяналы і ўжо маюць спецыяльнасці. Сярод іх ёсць адвакаты, шмат хто прыехаў ужо з сем’ямі. Гэта сфармаваная група людзей. Гэтак цяпер у Англіі. Але, мяркую, у Польшчы і Літве будзе іншая сітуацыя, бо туды прыехала значна больш людзей. У Англію і ў 1990-ыя прыязджалі юрысты, іншыя спецыялісты, якія тут маюць працу, за якую атрымліваюць высокія заробкі. Яны бяруць удзел у беларускіх арганізацыях і шмат чаго карыснага робяць для Беларусі. Калі ж казаць пра тых, хто прыехаў у пасляваенны час, то гэта ж былі хлопцы з беларускіх вёсак. Яны нават не зусім разумелі, дзе яны, былі малаадукаваныя. Не ведалі англійскай мовы. Ім трэба было вучыць мову, шукаць працу, каб неяк выжыць. Было вельмі цяжка, але ж яны яшчэ і выдаткоўвалі грошы на беларускую справу. Тыя беларусы вельмі шмат чаго рабілі і дапамагалі ствараць беларускі цэнтр.

– Яны верылі, што здолеюць у хуткім часе вярнуцца дадому?
– Ужо ў 1960-ыя яны зразумелі, што не здолеюць вярнуцца на радзіму. Некаторыя з іх потым у 1990-ыя, вядома, з’ездзілі на Бацькаўшчыну, але гэта былі адзінкі, і візіты тыя былі кароткачасовыя.
– Ці верылі яны, што пры іхным жыцці рухне Савецкі Саюз?
– Гэта была іхная мара, але яны наўрад ці думалі, што гэта адбудзецца пры іхным жыцці. Шмат хто не дажыў да гэтага.
– Гай Пікарда, сябар айца Аляксандра Надсана быў адным са стваральнікаў Скарынаўскага цэнтру і шмат працаваў там. У яго ёсць працы пра музычную спадчыну Беларусі. Ён сцвярджаў, што гармонія сярэднявечнай і пазнейшага часу беларускай музыкі нават багацейшая за тую, якая дайшла да нас ад суседніх народаў. Ці ёсць магчымасць выдаць ягоныя працы?
– Ужо шмат чаго робіцца ў гэтым кірунку. Пачаў працаваць хор. Спяваюцца творы паводле партытураў, знойдзеных у архівах бібліятэкі. Творы даследуюцца.
– Знішчаліся партытуры, паліліся кнігі, вывазіліся нацыянальныя скарбы беларусаў, знішчалі эліту нацыі. Столькі насельніцтва выехала падчас войнаў. Але беларусы неймаверным чынам умудрыліся захаваць сваю культуру, мову, нават не зважаючы на жудасную русіфікацыю. А што цяпер? Ці ёсць адчуванне, што беларусы зноў пад пагрозаю знішчэння?
– Такая пагроза цяпер існуе. Гэта насамрэч сур’ёзна. Беларусь можа знікнуць як краіна. Можа так здарыцца, што не будзе больш самастойнасці, і краіна спыніць сваё існаванне.
– Сілы няроўныя. І што ў такой сітуацыі можна зрабіць, каб уратаваць народ і краіну?
– Трэба змагацца. Але мне лёгка гэта казаць, бо я ж не буду ў гэтым браць удзелу.
,,Але ўсё роўна магу толькі яшчэ раз сказаць, што трэба змагацца. Калі беларусы хочуць, каб засталася краіна Беларусь, то гэта справа беларусаў. І яны мусяць зрабіць усё, каб іхнай краіны не разбурылі і не захапілі.
– Якая можа быць будучыня ў нашага народу? Беларусы будуць на роўных з еўрапейцамі ці апынуцца ў задушлівых абдымках Расеі?
– Я ўжо стары і стаміўся думаць пра гэта, калі шчыра. Але паўтаруся: калі беларусы хочуць існаваць як дзяржава, то няхай робяць нешта для гэтага. Самі. Хто будзе дапамагаць, хто будзе нешта рабіць за беларусаў?
– Беларускія добраахвотнікі ваююць ва Украіне. Яны кажуць, што спадзяюцца наблізіць перамогу над Расеяй…
– Не думаю, што Украіна будзе дапамагаць беларусам. Яна сама мае безліч праблемаў, ёй хоць бы з імі даць рады.

– Ці можа тая акалічнасць, што сотні тысяч беларусаў апынуліся за мяжой у розных краінах, станоўча паўплываць на развіццё Беларусі ў будучыні?
– Спадзяюся, гэта будзе вельмі карысна, але толькі ў тым выпадку, калі яны вернуцца ў Беларусь. Хтосьці ведае, што трэба рабіць, каб пазбавіцца ад той ненавіснай сістэмы лукашызму? Не разумею, як цяпер людзі могуць жыць у такіх умовах. Паглядзеў інтэрв’ю Азаронка – і ў шоку ад таго, што такі чалавек знаходзіць сабе месца ў цывілізаваным грамадстве. А можа, грамадства яшчэ не надта цывілізаванае? Адкуль усе гэтыя паліцаі? З беларускай глыбінкі? Уражанне ад іх не вельмі станоўчае.
– Дзе чалавеку можна схавацца ад трывог цяперашняга часу? Што цяпер самае каштоўнае ў вашым асабістым жыцці?
– Гэта супакой. Я вельмі цаню свой дом, утульную цішыню і хачу, каб гэта доўжылася як мага даўжэй. У маім веку ўжо цяжка нешта планаваць. Але мы з жонкай Эляй займаемся перакладамі. Цяпер перакладаем з беларускай на англійскую кніжку Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Спадзяюся, гэта будзе карысна для Беларусі.
Любоў Лунёва belsat.eu