навіны

Лукашэнка выказаўся пра перамовы аб Украіне: Мы не ведаем, чаго хочуць ЗША

Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой
Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой у кароўніку ў час паездкі ў Менскую вобласць, Беларусь. 21 лютага 2025 года. Скрыншот: БелТА / Youtube
podpis źródła zdjęcia

Мяркуючы з публікацыі БелТА, падчас прамовы ў кароўніку Лукашэнка выказаўся пра геапалітыку: да перамоваў ЗША і Расеі ў справе вайны ва Украіне ён ставіцца скептычна.

Абноўлена. Ананімны Telegram-канал «Пул первого», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, апублікаваў фрагмент відэа, на якім Лукашэнка кажа пра ЗША. Гэта адбывалася не ў самім кароўніку, а ў двары гаспадаркі.


Аляксандр Лукашэнка 21 лютага ладзіў рабочую паездку ў Менскую вобласць, выступіў перад чыноўнікамі ў кароўніку прадпрыемства «Шыпяны-АСК», што ў Смалявіцкім раёне. З публікацыі БелТА выглядае, што менавіта падчас прамовы ў кароўніку ён выказаўся пра расейска-амерыканскія перамовы:

,,

«Вы бачыце, як змяняецца абстаноўка палітычная, якая пераважала эканоміку ў сувязі з палітыкаю ЗША і гэтак далей. Але цешыць сябе не трэба. Мы не ведаем, чаго хочуць ЗША».


Віцэ-памочнік дзяржаўнага сакратара ў справах Усходняй Еўропы Крыс Сміт падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 13 лютага. Фота: t.me/tsikhanouskaya

ЗША адыходзяць ад нерэалістычных пазіцыяў у дачыненні Беларусі – Кавалеўскі

навіны

«Кажу гэта таму, што я абсалютна занураны ў гэтыя пытанні, – працягнуў Лукашэнка. – Мы не ведаем, чаго яны запатрабуюць ад расейцаў за спыненне вайны і гэтак далей. Мне здаецца, яны паспрабуюць расейцаў сутыкнуць з кітайцамі. Вось гэтага расейцам дапусціць нельга».


Паводле яго, сітуацыя мяняецца «дзесьці, напэўна, нам на карысць, дзесьці наўрад». Калі дамовяцца Уладзімір Пуцін і Доналд Трамп, то ў Беларусь вернуцца спачатку амерыканскія, потым еўрапейскія кампаніі, мяркуе Лукашэнка, і тады «будзе няпроста канкураваць на нашым рынку», таму трэба «краіну патрэсці як след».


Трамп пакуль не паведамляў пра размовы з Пуціным. Ды пасля перамоваў прадстаўнікоў ЗША і Расеі ў Саудаўскай Аравіі Трамп стаў паўтараць расейскія наратывы: атакаваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, назваўшы яго «дыктатарам», звінаваціў Украіну ў пачатку вайны супраць Расеі і фактычна запатрабаваў правесці ва Украіне выбары, каб дапусціць краіну да мірных перамоваў.


Як піша «Bloomberg», нападкі Трампа на Зяленскага «пераўзышлі ўсе чаканні» Крамля, але расейскія чыноўнікі не да канца разумеюць перамоўнай стратэгіі Трампа ды баяцца магчымых пастак і нечаканых паваротаў.


Аднак да Зяленскага вярнуўся аптымізм: сустрэча са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта Злучаных Штатаў Кітам Келагам дала яму надзею. На што менавіта, Зяленскі не сказаў, ды з кантэксту выглядае, што гаворка пра ўгоду, якую ЗША прапануе Украіне. Выданне «Axios» са спасылкаю на ананімных чыноўнікаў з Украіны і ЗША піша, што адміністрацыя Трампа прапанавала Украіне «палепшаны» чарнавік угоды пра карысныя выкапні.


«Reuters» тым часам сцвярджае, што прадстаўнікі Расеі і ЗША раней праводзілі неафіцыйныя таемныя перамовы аб Украіне ў Швейцарыі, у тым ліку на мінулым тыдні. Сустрэчы пачаліся яшчэ пасля абрання Трампа прэзідэнтам у лістападзе 2024 года. Дэталі сустрэчаў невядомыя, а іх удзельнікаў крыніцы выдання адмовіліся назваць.


Яшчэ да перамоваў у Саудаўскай Аравіі «The New York Times» анансавала ўгоду паміж ЗША і Беларуссю: вызваленне палітвязняў у абмен на скасаванне санкцыяў у дачыненні ўгнаенняў і банкаў. Іншыя крыніцы не пацвярджалі існавання такіх планаў.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10