навіны

«Вы маглі дамовіцца». Трамп вінаваціць Украіну пасля перамоваў ЗША з Расеяй

Доналд Трамп
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падчас прэс-канферэнцыі ў сваёй рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў Флорыдзе. 18 лютага 2025 года. Фота: Joe Raedle / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пасля амерыканска-расейскіх перамоваў, якія адбыліся ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе 18 лютага, накінуўся з крытыкай на Украіну і заявіў, што расчараваны рэакцыяй Кіева на сустрэчу дэлегацыяў ЗША і Расеі.

Украіна не была запрошаная на перамовы, Уладзімір Зяленскі заявіў, што не прызнае ніякіх дамоўленасцяў, дасягнутых ЗША і Расеяй без удзелу ўкраінскага боку. Трамп адказаў, што ва Украіны да гэтага было шмат часу для ўрэгулявання канфлікту.

,,

«Я чуў, што яны расчараваныя тым, што для іх няма месца за сталом [перамоваў. – Заўв. рэд.], але ў іх было месца цягам трох гадоў і задоўга да гэтага. Гэта можна было ўладзіць вельмі лёгка. Вы маглі дамовіцца. Вам не варта было гэтага пачынаць, вы маглі заключыць угоду», – заявіў амерыканскі лідар у адказ на пытанне карэспандэнта Бі-Бі-Сі на прэс-канферэнцыі 18 лютага ў сваёй рэзідэнцыі ў Флорыдзе.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: life.ru

Перамовы паміж Расеяй і ЗША ў Саудаўскай Аравіі: ці прывядуць яны да міру ва Украіне?

Аналітыка

Трамп таксама сказаў, што рэйтынг Уладзіміра Зяленскага ўпаў да 4 % і што Украіне неабходныя выбары.


Як паведамляла агенцтва «Bloomberg», наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамэд бін Сальман хацеў, каб Уладзімір Зяленскі прысутнічаў на перамовах, але Вашынгтон і Масква настойвалі на сустрэчы без удзелу Украіны.


Што датычыць вынікаў перамоваў, то Трамп сказаў, што ён імі задаволены і цяпер нашмат больш упэўнены ў дасягненні мірнага пагаднення.

,,

«Яны [перамовы] былі вельмі добрымі. Расея хоча штосьці зрабіць. Яны хочуць спыніць дзікае варварства. Я думаю, што ў мяне ёсць сілы, каб пакласці канец гэтай вайне, і я думаю, што ўсё ідзе вельмі добра», – заявіў прэзідэнт ЗША і дадаў, што падтрымлівае адпраўку еўрапейскіх міратворцаў ва Украіну ў выпадку заключэння пагаднення аб спыненні вайны.


Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў у сваю чаргу заявіў, што Масква не згодная на размяшчэнне сілаў краінаў NATO ва Украіне ні ў якім выпадку, бо «любое пашырэнне NATO будзе пагрозай для Расеі». Адначасова кіраўнік расейскага дыпламатычнага ведамства, як і Трамп, застаўся задаволеным перамовамі.


«Гэта была вельмі карысная размова. Мы не проста слухалі, але і чулі адзін аднаго», – сказаў Лаўроў.


Трамп дапускае, што можа сустрэцца з Уладзімірам Пуціным ужо да канца лютага. У той жа час памочнік Пуціна Юрый Ушакоў па выніках перамоваў у Эр-Рыядзе казаў, што сустрэча кіраўнікоў дзвюх краінаў наўрад ці адбудзецца неўзабаве, а дакладную дату пакуль назваць цяжка.


Перамовы ў Эр-Рыядзе 18 лютага былі першай сустрэчай на высокім узроўні паміж Расеяй і ЗША з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Цяпер краіны маюць намер прызначыць амбасадараў у Маскве і Вашынгтоне і стварыць умовы «для аднаўлення супрацы ў поўным аб’ёме».


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10