Аналітыка

Перамовы паміж Расеяй і ЗША ў Саудаўскай Аравіі: ці прывядуць яны да міру ва Украіне?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: life.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: life.ru
podpis źródła zdjęcia

18 лютага ў Саудаўскай Аравіі паміж дэлегацыямі РФ і ЗША прайшлі перамовы пра заканчэнне вайны ва Украіне. На фоне якіх падзеяў яны праходзілі і якіх вынікаў дасягнулі? «Белсат» сабраў самае галоўнае. 

У дэлегацыю з боку Расейскай Федэрацыі ўваходзіў міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў, памочнік прэзідэнта Юрый Ушакоў і кіраўнік Расейскага фонду наўпроставых інвестыцыяў Кірыл Дзмітрыеў. З амерыканскага боку – дзяржсакратар Маркаў Руб’ёў, дарадца Доналда Трампа ў справе нацыянальнай бяспекі Майк Ўолц і спецпасланнік Белага дому на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткаф.

Саудаўская Аравія выступае ў якасці пасярэдніка, і яе рэпрэзентавалі міністр замежных справаў Файсаль бін Фархан Аль-Сауд і дарадца ў справе нацыянальнай бяспекі Мусаід бін Мухамэд аль-Айбан.

Яшчэ падчас правядзення перамоваў рыторыка некаторых расейскіх чыноўнікаў станавілася ўсё больш агрэсіўнай. Гэтак, прэс-сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава прыгразіла еўрапейскім краінам, што «дапамога кіеўскаму рэжыму можа адгукнуцца шмат якім прадстаўнікам еўрапейскі элітаў», а намеснік міністра замежных справаў РФ Аляксандр Грушко заявіў, што «роля ЕЗ у перамовах для ўкраінскага ўрэгулявання выключаная» і што «цяпер нішто не сведчыць пра магчымы прарыў у стасунках з Еўропай».


Заявы па выніках сустрэчы


Агулам перамовы ішлі чатыры з паловаю гадзіны. Па іх выніках памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў адзначыў, што паміж бакамі адбылася сур’ёзная размова наконт усіх пытанняў, якія яны хацелі закрануць. 

,,

«Асобныя каманды перамоўнікаў Расеі і ЗША пачнуць кантакты наконт Украіны ў свой час. Сустрэча Пуціна і Трампа наўрад ці можа адбыцца на наступным тыдні. Патрэбная шчыльная праца дэлегацыяў дзвюх краінаў. Мы да гэтага гатовыя, але яшчэ цяжка казаць пра канкрэтную дату сустрэчы двух лідараў. Прэзідэнт Расеі сам вызначыць, калі пачнуцца кантакты ЗША наконт Украіны», – сказаў Ушакоў. 


Кірыл Дзмітрыеў назваў размову, якая адбылася паміж бакамі, «паважлівай, пазітыўнай і канструктыўнай». Падчас яе было адзначана, што «не могуць дзве вялікія супердзяржавы не кантактаваць, не весці дыялогу, не разумець адна адной, што было пры прэзідэнце ЗША Джо Байдэне». Ён таксама падкрэсліў, што гэтыя перамовы нельга назваць «перазапускам адносінаў», але акрэсліў іх як «добры старт».

З каментара Кірыла Дзмітрыева агенцтву «Reuters» вынікае, што афіцыйныя асобы ЗША і Расеі асобна абмяркоўвалі будучую эканамічную супрацу, у тым ліку сусветныя цэны на энерганосьбіты.

У сваю чаргу ў Дзярждэпартаменце ЗША заявілі, што міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў і дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб’ёў пагадзіліся стварыць механізм кансультацыяў для ліквідацыі «раздражняльнікаў» у стасунках РФ і ЗША, арганізаваць перамоўныя групы для «ўрэгуляванні канфлікту» ва Украіне, а таксама дамовіліся пра будучую супрацу ў пытаннях, якія ўяўляюць агульны геапалітычны інтарэс.

Адным з вынікаў сустрэчы, паводле Маркаў Руб’ёў, ёсць дамоўленасць паміж ЗША і Расеяй пра ўзнаўленне штату амбасадаў у Маскве і Вашынгтоне. Падчас адказу на пытанне пра адмену санкцыяў Захаду супраць РФ амерыканскі палітык адзначыў, што саступкі пры «ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне» павінны зрабіць усе бакі. Пры гэтым ён дадаў, што «Захаду прыйдзецца адмяняць санкцыі супраць РФ у выпадку ўрэгулявання канфлікту». Руб’ёў падкрэсліў, што Доналд Трамп хоча скончыць вайну ва Украіне справядліва і не дапусціць яе ўзнаўлення праз два-тры гады. «Канец магчымы толькі пры згодзе ўсіх бакоў, умовы павінны быць “прымальнымі”», – заўважыў Руб’ёў.

Амерыканская і расейская дэлегацыі падчас перамоваў у Саудаўскай Аравіі. Фота: МИД России / Telegram
Амерыканская і расейская дэлегацыі падчас перамоваў у Саудаўскай Аравіі. Фота: МИД России / Telegram

У той жа час, паводле некалькіх дыпламатычных крыніцаў каналу «Fox News», блізкіх да перамоваў у Саудаўскай Аравіі, ЗША і Расея ўзгаднілі агульны трохэтапны мірны план. Паводле яго, спачатку павінна адбыцца спыненне агню, затым – правядзенне выбараў ва Украіне, а пасля – падпісанне канчатковага пагаднення. Крыніцы медыя паведамілі, што ЗША і Расея лічаць правядзенне новых выбараў ва Украіне ключавой умовай мірнага ўрэгулявання. Аднак гэты пункт выклікае спрэчкі: Украіна адмаўляецца ад магчымасці прызначэння прарасейскага кіраўніка, а Расея сама не праводзіць дэмакратычных выбараў.

Паводле дыпламатычных крыніцаў «Fox News», Уладзімір Пуцін лічыць імавернасць перамогі прарасейскага кандыдата высокай і ўпэўнены, што любы іншы прэзідэнт Украіны будзе больш схільны да саступак. Доналд Трамп, у сваю чаргу, гатовы прыняць любы вынік выбараў, уключаючы магчымасць перамогі прарасейскага кандыдата, адзначыла выданне.

Пазней міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў назваў інфармацыю пра трохэтапны план фэйкам, спаслаўшыся на адказ Руб’ёў і Ўолца. Лаўроў таксама звярнуў увагу, што Расеі ўдалося растлумачыць ЗША, што паглынанне Украіны NATO будзе наўпроставай пагрозай Маскве.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама адрэагаваў на правядзенне перамоваў у Саудаўскай Аравіі. Ён заявіў, што ЗША хочуць дагадзіць Пуціну, каб хутка дасягнуць поспеху ў перамовах, але тое, чаго яны хочуць, – «гэта проста прыпыненне агню, гэта не поспех».

Зяленскі адзначыў, што Украіне зараз спрабуюць выставіць ультыматумы, але яна не пагодзіцца на іх.

,,

«Цікава, адкуль адчуванне, што Украіна зараз пагодзіцца на ўльтыматумы, калі ў самы складаны час мы не пагадзіліся на ўльтыматумы РФ? Такое адчуванне, што РФ і ЗША зараз абмяркоўваюць ультыматум Расеі, які Пуцін выставіў у пачатку поўнамаштабнай вайны. Пра Украіну і без Украіны. Я як прэзідэнт ні на якія ўльтыматумы ісці не збіраюся», – сказаў Уладзімір Зяленскі. 


Асцярожныя заявы ўдзельнікаў


На думку палітычнага аглядальніка і вядоўцы праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталя Цыганкова, пакуль заявы, што прагучалі з абодвух бакоў, можна ахарактарызаваць як вельмі асцярожныя. Ён уважае, што ўсё будзе вырашацца на сустрэчы Трампа і Пуціна, калі яна адбудзецца.

Што тычыцца трохэтапнага плану, пра які згадала медыя «Fox News», то, на думку Цыганкова, ён дастаткова рэальны, калі сыходзіць з таго, што бакі ўзялі курс на вяртанне штатаў амбасадаў у Маскву і Вашынгтон. І калі нядаўна такое не падавалася магчымым, адзначае суразмоўца, то цяпер гэта не проста магчыма, а выглядае як канкрэтны план дзеянняў.

На думку палітычнага аглядальніка, відавочна, што пры адміністрацыі Трампа ЗША глядзяць на Расею як на патэнцыйнага хаўрусніка, пэўную процівагу ў барацьбе з Кітаем – у вечнай геапалітычнай барацьбе, наканаванай ЗША ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе, барацьбе за лідарства, як у свой час з Савецкім Саюзам.

«Сёння Трамп хоча са сваёй адміністрацыяй перацягнуць Расею на антыкітайскі бок, на бок ЗША. І гэта выглядае, напэўна, для многіх даволі цынічна. Але я ўспрымаю гэта менавіта так. Дзе ў гэтым перацягванні месца Украіне? Нельга сказаць, што ЗША і адміністрацыя Трампа яе кінулі, яны проста лічаць нерэалістычным варыянт, каб перамагчы Расею і каб танкі «Абрамс» былі на Краснай плошчы з украінскага кірунку. Як паказала жыццё і тры гады вайны, трэба сыходзіць з рэалістычных варыянтаў», – адзначае палітычны аглядальнік.

Віталь Цыганкоў таксама падкрэсліў, што ўсе аналітыкі даўно кажуць пра тое, што Расею перамагчы не ўдаецца, але калі Трамп пачаў нешта рабіць у гэтым кірунку, зыходзячы з рэалістычных варыянтаў, то шмат у каго гэта выклікала негатыўную рэакцыю. 

Сустрэча дэлегацыяў ЗША і Расеі. Фота: МИД России / Telegram
Сустрэча дэлегацыяў ЗША і Расеі. Фота: МИД России / Telegram

Чаму Саудаўская Аравія?


Адметна, што для правядзення перамоваў Саудаўская Аравія была абраная зусім невыпадкова, адзначае «BBC News».

На сённяшні дзень гэтая краіна выглядае як нейтральная пляцоўка для абодвух бакоў: ёй давяраюць як Злучаныя Штаты, так і Расея, а ў кіраўніцтва краіны ёсць моцныя сувязі як з Доналдам Трампам, так і з Уладзімірам Пуціным. Акрамя таго, яна не падпадае пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда, што дазваляе Пуціну свабодна наведваць Саудаўскую Аравію без рызыкі арышту (як памятаем, МКС выдаў ордар на арышт кіраўніка Расеі).

Яшчэ адзін фактар – гэта тое, што Саудаўская Аравія раней паспяхова выконвала ролю пасярэдніка ў абмене палоннымі паміж Расеяй і Украінай. Лідары Украіны і РФ ужо прыязджалі ў гэтую краіну, якая паказала здольнасць забяспечыць прадуктыўныя сустрэчы на высокім узроўні.


Украіна супраць


Украінскі бок не быў запрошаны на гэтую сустрэчу, у сувязі з чым Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна не прызнае ніякіх вынікаў перамоваў у Саудаўскай Аравіі, калі яны адбываюцца без удзелу Кіева.

,,

«Украіна не прыме такіх дамоўленасцяў, бо нас пра гэта ніхто не інфармаваў. Мы разглядаем любыя перамовы пра Украіну без Украіны як несапраўдныя. Мы не можам прызнаваць пастановаў, якія прымаюцца пра нас без нашага ўдзелу», – падкрэсліў Зяленскі.


Ён адзначыў, што ЗША могуць мець двухбаковыя пытанні з Расеяй і маюць права іх абмяркоўваць, але такія перамовы падчас вайны раней лічыліся недапушчальнымі.

Таксама Зяленскі паведаміў, што ўкраінская дэлегацыя рыхтуецца да афіцыйнага візіту ў Саудаўскую Аравію, і такі статус не надаецца імгненна.

Пазней сталася вядома, што Уладзімір Зяленскі перанёс візіт у Саудаўскую Аравію на сакавік.


Фон перамоваў


Перад сустрэчай дылегацыяў ЗША і РФ прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што сустрэча будзе прысвечаная «ўзнаўленню ўсяго комплексу расейска-амерыканскіх стасункаў», а таксама рыхтаванню магчымых перамоваў Доналда Трампа і Уладзіміра Пуціна ў пытанні заканчэння вайны ва Украіне. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: eurointegration.com.ua
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: eurointegration.com.ua

У той жа час прадстаўнік ЗША Маркаў Руб’ёў напярэдадні паведаміў, што мэта ЗША на перамовах – высветліць, наколькі сур'ёзныя намеры Масквы ў дачыненні ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. Ён адзначыў, што прэзідэнт Трамп хутка зразумее, ці сапраўды гэта так, або гэта спроба выйграць час. Але адзін тэлефонны званок не прывядзе да міру і не развяжа праблему такой складанай вайны, сказаў Руб’ёў у інтэрв'ю CBS 16 лютага.

Нагадаем, што перамовы ў Эр-Рыядзе паміж Вашынгтонам і Масквой адбываюцца праз некалькі дзён пасля таго, як віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс на Мюнхенскай канферэнцыі і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі рэзка раскрытыкавалі Еўразвяз. Тым часам спецпрадстаўнік Трампа Кіт Келаг даў Еўропе зразумець, што яна фізічна не будзе прысутнічаць на перамовах.


Каланіяльная прапанова ЗША для Украіны


Важна адзначыць, што незадоўга да гэтага Вашынгтон выставіў даволі жорсткія патрабаванні да кантролю над украінскімі нацыянальнымі актывамі ў абмен на дапамогу. Гэта ўжо выклікала занепакоенасць сярод украінскіх чыноўнікаў.

«The Telegraph» паведамляе, што адміністрацыя Доналда Трампа прапанавала Украіне пагадненне, якое дае ЗША шырокі кантроль над яе прыроднымі рэсурсамі, уключаючы карысныя выкапні, нафту, газ, парты і стратэгічную інфраструктуру. Паводле выдання, патрабаванні Вашынгтону даходзяць да таго, што ЗША жадаюць атрымаць 50 % ад даходаў Украіны ад здабычы рэсурсаў і палову кошту ўсіх новых ліцэнзіяў, выдадзеных трэцім бакам. Таксама прадугледжвалася, што амерыканскі бок будзе мець пераважнае права набыцця ўкраінскіх карысных выкапняў, прыдатных для экспарту.

Паводле інфармацыі «The Washington Post», праект дамовы перадалі Уладзіміру Зяленскаму 12 лютага – за чатыры гадзіны да ягонай сустрэчы з міністрам фінансаў ЗША Скотам Бэсэнтам. Амерыканскі бок патрабаваў, каб украінскі лідар неадкладна падпісаў дакумент, але Зяленскі адмовіўся. Абмеркаванне працягнулася на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі, але прэзідэнт Украіны зноў не пагадзіўся на падпісанне.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10