навіны

Трамп працягнуў атакаваць Зяленскага і атрымаў камплімент ад Пуціна

img
Уладзімір Пуцін і Доналд Трамп на сустрэчы на саміце G20 у Японіі. 28 чэрвеня 2019 года. Фота: Kremlin Press Office / Handout/Anadolu Agency/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША назваў Уладзіміра Зяленскага «дыктатарам без выбараў» і прыгразіў, што той «можа страціць краіну». А Уладзімір Пуцін заявіў, што «з задавальненнем» сустрэнецца з Доналдам Трампам, і пахваліў яго за «інтэлігентныя паводзіны».

Доналд Трамп ізноў абрынуўся з крытыкаю на адрас украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага. У сваёй сацсетцы «Truth Social» прэзідэнт ЗША напісаў, што «сціплы паспяховы комік угаварыў Злучаныя Штаты выдаткаваць $ 350 млрд на вайну, якую немагчыма выйграць, якую не трэба было пачынаць і якую немагчыма скончыць без ЗША і Трампа»:


«Злучаныя Штаты выдаткавалі на $ 200 млрд болей за Еўропу, і грошы Еўропы гарантаваныя, а Злучаныя Штаты нічога не атрымаюць назад. Чаму б соннаму Джо Байдэну не запатрабаваць ураўнілаўкі, бо гэтая вайна істотна больш важная для Еўропы, чымся для нас – мы маем вялікі прыгожы акіян, што нас падзяляе».


Трамп паўтарыў сцвярджэнне пра нізкі ўзровень падтрымання Зяленскага ва Украіне:

,,

«Ён адмаўляецца праводзіць выбары, займае вельмі нізкія пазіцыі ва ўкраінскіх апытаннях і адзінае, што яму добра ўдаецца, гэта гуляць Байдэнам як на скрыпцы. Дыктатар без выбараў, Зяленскі мусіць дзеяць хутка, іначай у яго не застанецца краіны».


Як заявіў амерыканскі прэзідэнт, Вашынгтон «паспяхова вядзе перамовы з Расеяй наконт спынення вайны»:


«Паводле агульнага прызнання, гэта можа зрабіць толькі Трамп і адміністрацыя Трампа. Байдэн ніколі не спрабаваў, Еўропа не здолела дамагчыся міру, а Зяленскі, імаверна, хоча захаваць плынь грошай. Я люблю Украіну, аднак Зяленскі зрабіў жудасную працу, ягоная краіна разбураная, а мільёны людзей загінулі дарма. І гэта трывае».

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп дае прэс-канферэнцыю ў сваёй рэзідэнцыі ў Мар-а-Лага, Флорыда, ЗША. 18 лютага 2025 года. Фота: Daniel Torok / The White House / Flickr

Трамп атакаваў Зяленскага. Што адказваюць ва Украіне і свеце

навіны

Напярэдадні Доналд Трамп падчас прэс-канферэнцыі звінаваціў Украіну ў пачатку вайны, заявіў пра нізкі рэйтынг Зяленскага, фактычна запатрабаваў правесці выбары ва Украіне і таксама скардзіўся на занадта вялікія, паводле яго, выдаткі ЗША на вайну.


Пры гэтым Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі падлічыў, што цяпер 57 % украінцаў давяраюць Зяленскаму, 37 % – не. І гэта лепей за паказнікі снежня, тады прэзідэнту давяралі 52 %, а не давяралі – 39 %.


Што датычыць амерыканскай дапамогі, то Трамп завышае сумы. Паводле Дзяржаўнага дэпартаменту, ЗША далі Украіне $ 69,2 млрд вайсковай дапамогі з пачатку расейскага ўварвання ў 2014 годзе, з гэтага $ 65,9 млрд – з пачатку поўнамаштабнай вайны. Разам з фінансавай і гуманітарнаю дапамогаю Украіна атрымала ад ЗША агулам каля $ 106 млрд.


Прэзідэнцкія выбары меліся адбыцца ва Украіне ў леташнім сакавіку, аднак іх адклалі з увагі на ваенны стан. І Зяленскі адказаў Трампу, што «проста цяпер аніяк не ўдасца яго памяняць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: life.ru

Перамовы паміж Расеяй і ЗША ў Саудаўскай Аравіі: ці прывядуць яны да міру ва Украіне?

Аналітыка

Тым часам Уладзімір Пуцін заявіў журналістам у Санкт-Пецярбурзе, што «з задавальненнем сустрэнецца з Доналдам»:


«Мы вельмі даўно не бачыліся. Мы не маем блізкіх стасункаў, аднак за чатыры гады, калі ён быў прэзідэнтам, мы сустракаліся, і роўна вельмі абмяркоўвалі нашыя міждзяржаўныя стасункі. Я з задавальненнем сустрэнуся з ім і сёння, думаю, што ён таксама. Гэта было бачна з нашай тэлефоннай размовы».


Пуцін пры гэтым адзначыў, што перамовы з Трампам маюць падрыхтаваць «нашыя каманды», і пахваліў прэзідэнта ЗША за «інтэлігентныя паводзіны» ў дачыненні еўрапейскіх палітыкаў:


«Усе еўрапейскія лідары, усе без выняткаў, фактычна наўпрост умешваліся ў выбарчы працэс у ЗША. Справа дайшла да наўпроставых абразаў на адрас аднаго з кандыдатаў. Шчыра кажучы, здзіўляюся стрыманасці зноў абранага прэзідэнта ЗША Трампа ў дачыненні сваіх саюзнікаў, якія паводзіліся хамскім чынам. Ён яшчэ даволі інтэлігентна паводзіцца ў іх дачыненні».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10