навіны

ЗША адыходзяць ад нерэалістычных пазіцыяў у дачыненні Беларусі – Кавалеўскі

Віцэ-памочнік дзяржаўнага сакратара ў справах Усходняй Еўропы Крыс Сміт падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 13 лютага
Віцэ-памочнік дзяржаўнага сакратара ў справах Усходняй Еўропы Крыс Сміт падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай 13 лютага. Фота: t.me/tsikhanouskaya
podpis źródła zdjęcia

ЗША змянілі сваю стратэгію ў дачыненні Беларусі на больш рэалістычную, аднак гэта яшчэ не азначае, што санкцыі будуць неўзабаве знятыя, а ў абмен у Беларусі адразу зменіцца сітуацыя. Такія думкі выказаў «Белсату» кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы, каментуючы зліў пра вялікую ўгоду паміж ЗША і ўладамі Беларусі.

Паводле выдання «The New York Times», ЗША і Беларусь рыхтуюць вялікую ўгоду для вызвалення палітвязняў у абмен на скасаванне санкцыяў у дачыненні ўгнаенняў і банкаў. Абмяркоўвалі гэта нібыта віцэ-памочнік дзяржаўнага сакратара ў справах Усходняй Еўропы Крыс Сміт з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком КДБ Іванам Церцелем.


«Гэта само сведчыць пра тое, што пачынаецца адыход ад папярэдняй стратэгіі ЗША, дзе толькі ціск, ціск і ціск. Цяпер адбываецца пераход да таго, што трэба таксама карыстацца інструментамі актыўнай дыпламатыі і адказных камунікацыяў і выкарыстоўваць санкцыі як інструмент.

,,

Таму што санкцыі ўводзіліся дзеля залагоджвання праблемаў. Яны не ўводзіліся дзеля таго, каб яны проста былі. І ў гэтым сэнсе я бачу вельмі важны зрух у разуменні Злучанымі Штатамі рэальнай сітуацыі ў Беларусі, адыход ад тых максімалісцкіх пазіцыяў, нерэалістычных, што прасоўваліся да гэтага часу», – кажа Валер Кавалеўскі.


Пры гэтым вельмі рана казаць, што ўгода ўжо выконваецца, хоць візіт Крыса Сміта суправаджаўся вызваленнем траіх палітвязняў з турмаў Беларусі, адзначае суразмоўца.


«Гэта вельмі складаная задача. Яна ўключае не толькі Злучаныя Штаты. Яна вымагае ўдзелу таксама Еўрапейскага Звязу, найперш Літвы. Бо, калі казаць пра зняцце санкцыяў на калійныя ўгнаенні, то немагчыма дамагчыся аднаўлення схемы, якая была да 2020 года, без удзелу Літвы. Яна на сённяшні дзень блакуе транзіт беларускага калію праз сваю тэрыторыю», – працягвае Кавалеўскі.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп слухае выступ Ілона Маска ў Авальным кабінеце Белага дома ў Вашынгтоне, ЗША. 11 лютага 2025 года. Фота: Alex Brandon / East News

Што добрага ў палітыцы Доналда Трампа і чаму? Адказвае Яраслаў Раманчук

Аналітыка

Да таго ж, стаць багата задачаў, якія не залагодзіць адным махам. Сярод гэтых задачаў – вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсіяў, зняцце санкцыяў, нармалізацыя адносінаў.


«Канечне, падыход павінен быць комплексным. Але стратэгія, што існавала да сённяшняга дня, палягала на тым, каб з’есці гэтага слана адным махам. Больш рэалістычны і практычны падыход, калі мы ўладкоўваем пытанне адно за адным. У гэтым сэнсе пытанне вызвалення палітзняволеных ёсць найбольш гнуткай сферай. Бо проста спыніць рэпрэсіі, якія ёсць часткаю рэцэпту выжывання рэжыму, сёння немагчыма.


Ці залагоджванне праблемы пагрозы для незалежнасці Беларусі – гэта вельмі аб’ёмная і складаная задача, якую фактычна немагчыма ўладкаваць на фоне вайны Расеі і Украіны. Таму мы ў сваім партнёрстве з Вольгай Гарбуновай, Таццянай Хоміч пастанавілі акцэнтаваць увагу менавіта на вызваленні палітзняволеных, што ёсць практычнай, зразумелай, вымяральнай і рэалістычнай задачай», – падводзіць рысу Валер Кавалеўскі.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10