Злучаныя Штаты перастануць надаваць Украіне ваенную дапамогу. Пра гэта заявіла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лэвіт.
Паводле заявы прадстаўніцы Белага дому, Украіна больш не атрымае ваеннай дапамогі ад Злучаных Штатаў, бо ў прыярытэце мірныя перамовы.
«Мы больш не збіраемся проста выпісваць чыстыя чэкі на вайну ў вельмі далёкай краіне без сапраўднага, трывалага міру», – заявіла Кэралайн Лэвіт у эфіры «Fox News».
Пра намеры амерыканскай адміністрацыі спыніць амаль усю дапамогу Украіне, ад паставак зброі і боепрыпасаў да перадавання выведных звестак і рыхтавання ўкраінскіх вайскоўцаў, заявіла выданне «The New York Times» са спасылкай на неназванага чыноўніка з Белага дому.
Са словаў чыноўніка, усё падтрыманне Украіны з боку ЗША, у тым ліку фінансаваныя пры адміністрацыі Байдэна пастаўкі боепрыпасаў і тэхнікі, можа неўзабаве спыніцца.
Пад пагрозаю закрыцця аказаўся цэнтр на амерыканскай вайсковай базе ў Нямеччыне (відаць, гаворка пра «Рамштайн»), што каардынуе міжнародную ваенную дапамогу.
Згодна з інфармацыяй Пэнтагону, з бюджэту, вылучанага Кангрэсам на пастаўкі з запасаў ЗША, засталося каля 3,85 мільярда долараў. Гэтыя сродкі планавалася выкарыстоўваць цягам наступных шасці месяцаў.
Пра магчымасць спынення ўсіх цяперашніх паставак ваеннай дапамогі паведамлялі ў «Washington Post». Са словаў суразмоўцы выдання, пастанова можа закрануць пастаўкі на мільярды долараў, датычныя ракетаў, боепрыпасаў, транспарту, радараў і іншага.
Раман Шавель belsat.eu