Якія прычыны сваркі Зяленскага з Трампам і Вэнсам – і якія будуць наступствы? Паспрабавалі разабрацца ў спецэфіры «Вот Так» – расейскамоўнага праекту «Белсату».
Візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Злучаныя Штаты скончыўся заўчасна, чаканага падпісання ўгоды па карысных выкапнях не адбылося. Падчас прэс-канферэнцыі Зяленскі спрабаваў давесці кіраўніцтву ЗША, што Уладзіміру Пуціну (з якім, як выявілася, прэзмдэнт ЗША стэлефаноўваўся перад сустрэчай з Зяленскім) нельга верыць і што Украіне патрэбныя гарантыі бяспекі, а не проста замірэнне, якое Расея парушыць у любы момант. Гэта скончылася публічнай сваркай з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Джэй Дзі Вэнсам (стэнаграма па-англійску тут). Еўрапейскія лідары падтрымалі Зяленскага, але ў Штатах меркаванні падзяліліся паводле партыйнай лініі: Рэспубліканская партыя – за Трампа, Дэмакратычная партыя – за Зяленскага.
Пасля сваркі Трамп сказаў, што «гэта будзе добрае тэлешоў». «Вот Так», расейскамоўны праект «Белсату», ранкам 1 сакавіка запусціў спецыяльны эфір з нагоды сваркі Трампа з Зяленскім і распытаў экспертаў, якія наступствы гэта будзе мець.
Дырэктар аналітычнага цэнтру «Украінскі інстытут палітыкі» Руслан Бортнік адзначыў у каментары «Вот Так», што яшчэ да візіту Зяленскага ў ЗША казаў: візіт кепска падрыхтаваны, бо між бакамі застаюцца агромістыя супярэчлівасці, якія трэба было змякчыць да візіту. Штаты спадзяваліся атрымаць кампенсацыю за ранейшую дапамогу Украіне, а Украіна чакала новага фінансавання.
На гэта наклаліся асабістыя стасункі Трампа і Зяленскага, падарваныя яшчэ ў 2019 годзе праз патрабаванні Трампа расследаваць дзейнасць ва Украіне Гантэра Байдэна – сына на той момант былога віцэ-прэзідэнта ЗША. У апошнія дні выбарчай кампаніі 2024 года Зяленскі ў суправаджэнні дэмакратаў наведаў завод па вытворчасці снарадаў для Украіны ў родным горадзе тагачаснага прэзідэнта і кандыдата на перавыбранне Джо Байдэна, што абурыла рэспубліканцаў. І да сустрэчы быў абмен абвінавачваннямі між Трампам (які называў Зяленскага «дыктатарам») і Зяленскім (які сказаў, што Трамп «жыве ў свеце расейскай дэзінфармацыі»).
,,«Усё гэта стварыла літаральна ядравую атмасферу. А выбух мы назіралі ўжо ў Авальным кабінеце», – тлумачыць Бортнік.
Калі між людзьмі ёсць прыязнасць, яны гатовыя дараваць, а калі ёсць напружанасць, яны адразу згадваюць усе крыўды, канстатуе Бортнік. Ён не лічыць, што сварка не мела на мэце «палітычнае знішчэнне» Зяленскага ці дэманстрацыю падтрымкі Штатамі Расеі і Пуціна. Хутчэй, лічыць ён, гэта спроба «зламаць» Зяленскага і прымусіць прыняць усё, што ад яго чакае амерыканская адміністрацыя. І гэта не толькі ўгода па карысных выкапнях, але найперш прыняцце амерыканска-расейскага падыходу да мірнага ўрэгулявання і «пераарыентацыя» Зяленскага з французска-брытанскага саюзу на Трампа.
З Трампам раней публічна спрачаліся кіраўнікі Францыі і Брытаніі Эманюэль Макрон і Кір Стармэр, але намагаліся гэта рабіць максімальна мякка, нагадвае Бортнік. Трамп паводзіць сябе як гаспадар, «каўбой на сваім ранча», а Зяленскі мог не зразумець «правілы гульні», лічыць эксперт: пярэчыць Трампу і Вэнсу можна, але ў іншым тоне ці за кулісамі. Але гэта ўсё яшчэ не крыж на амерыканска-ўкраінскіх стасунках: адносіны між палітыкамі могуць быць і горшымі, а інтарэсы Украіны і Штатаў застаюцца стабільнымі. Супраца, упэўнены ён, застанецца – хіба Украіна пашле іншага чалавека на перамовы.

Навуковы супрацоўнік Гувэраўскага інстытуту ў Стэрдфардзе Сяргей Сановіч кажа ў эфіры «Вот Так»: падтрымка Украіны шырокая і ў амерыканскім грамадстве, і ў парламенце – Кангрэсе ЗША. Сярод Дэмакратычнай партыі дык пад 100 % падтрымліваюць Украіну. І нават рэспубліканец Ліндзі Грэям, які пасля сваркі заклікаў Зяленскага пайсці ў адстаўку, раней заклаў у праект бюджэту падтрымку Украіны да 2030 года.
Трамп, на думку Сановіча, верыць, што «як толькі ён зойдзе ў пакой, усе адразу дамовяцца». Трамп можа думаць: калі б Пуцін не быў гатовы на замірэнне, сказаў бы. Але сітуацыя больш складаная і ў перамовах, і ў наступствах. Трамп мусіць добра памятаць, што сталася з рэйтынгам Байдэна пасля катастрафічнага выхаду войскаў ЗША з Афганістану. Вэнса гэта цікавіць яшчэ больш: для Трампа гэта апошні тэрмін (калі ён не рэалізуе ідэю зняць абмежаванне на два тэрміны), а Вэнсу яшчэ выбірацца. І Украіна, канешне, залежная ад вайсковай дапамогі ЗША і можа пачаць прайграваць без гэтай дапамогі. Але калі такое адбудзецца, пытанні ўзнікнуць ужо ў ЗША:
,,«Гэта створыць такі агромісты грамадскі ціск, што нават для Трампа яго будзе цяжка вытрымаць. Таму гэта складаная праблема, гэта гульня з агнём», – засцерагае Сановіч ад адмовы падтрымліваць Украіну.
Для Штатаў сам факт сваркі можа стварыць праблемы з саюзнікамі, якіх Сановіч лічыць «галоўным актывам ЗША». Краіны Еўропы і Азіі могуць пачаць сур’ёзна задумвацца, наколькі надзейныя Штаты як саюзнік. Падтрымка Украіны – гэта не толькі пра Украіну, а і пра NATO, кажа эксперт. Трамп пасеяў дастаткова сумневаў у сваёй адданасці саюзнікам, таму цяпер або Украіна атрымае гарантыі бяспекі ЗША, або ўсе перастануць верыць ужо дадзеным гарантыям бяспекі ЗША.
Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны з апазіцыйнай фракцыі «Еўрапейская салідарнасць» Аляксей Ганчарэнка крытыкаваў Зяленскага. Ён пісаў, што Украіна – гэта хворае дзіця, ЗША – адзіны лекар, які здольны дапамагчы, таму бацька меў бы сціснуць зубы, нават калі лекар яму не падабаецца, каб уратаваць дзіця. У эфіры «Вот Так» Ганчарэнка сказаў, што ўжо неістотна, хто вінаваты ў тым, што перамовы скончыліся катастрафічна: Трамп застаецца прэзідэнтам ЗША, у Штатаў па-ранейшаму наймацнейшая армія ў гісторыі чалавецтва, а ва Украіны ўсё кепска і стане горш.
,,«Зяленскі, калі ён там размаўляў, мусіў памятаць пра гэта. Праглынуць і гонар, і ўсё астатняе, – перакананы Ганчарэнка. – Сядзець і казаць спакойна, што нам вельмі важная супраца з ЗША, мы хочам працаваць разам, а калі ў нас ёсць спрэчка, давайце яе працягнем за зачыненымі дзвярыма».
Паводле Ганчарэнкі, любы палітык у свеце ведае, што найгоршае, што можна зрабіць з Трампам, гэта яго публічна крытыкаваць. Маўляў, калі мэтай паездкі Зяленскага ў ЗША было высвятленне адносінаў, дык усё ўдалося, а калі мэтай быў працяг супрацы з ЗША, якая пры новым прэзідэнце «падвісла», і атрыманне дадатковай падтрымкі, то вынік быў адмоўны. І менавіта на гэтай прэс-канферэнцыі, адзначае Ганчарэнка, кіраўніцтва Штатаў не казала, як раней, што «Украіна вінаватая ў вайне», таму спрэчка была зусім непатрэбная. Ад таго, што адбылося, шчаслівы толькі Пуцін, хіба яшчэ Аляксандр Лукашэнка, лічыць Ганчарэнка.
Ці ёсць магчымасць пазбегнуць спынення Штатамі падтрымкі Украіны, пакажа час, але Украіна абавязаная паспрабаваць гэта зрабіць калі не самастойна, то з дапамогай і пасярэдніцтвам еўрапейскіх лідараў, рэзюмуе Ганчарэнка. Застаецца толькі прасіць саюзнікаў перадаць амерыканскаму боку свае «чырвоныя лініі», папрасіць не спыняць ваенную дапамогу і чакаць вынікаў амерыканска-расейскіх перамоваў.
Ганчарэнка адзначыў, што еўрапейскія лідары напісалі нямала твітаў у падтрымку Зяленскага. Асабілва яму спадабаўся твіт экс-міністра замежных справаў Літвы Габрыелюса Ландсбергіса: «Яму патрэбныя боепрыпасы, не абдымкі». Ганчарэнка жартуе: «Мяняю ўсе гэтыя твіты на той мільён снарадаў, якія мы так і не атрымалі ад Еўрапейскага звязу, на самалёты, на танкі, на ўсё астатняе, што нам трэба. Твітамі мы не зможам ваяваць з расейцамі.

Старэйшая навуковая супрацоўніца Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Маргарыта Завадская ў эфіры «Вот Так» прызнае, што можна толькі спекуляваць, ці быў такі «падарунак Крамлю» запланаваны, але яна лічыць, што дэманстратыўная непавага да Зяленскага перад вачыма ўсяго свету наштурхае на «рознага кшталту падазрэнні». На ейны погляд, усё выглядала як victim blaming, перанос віны на ахвяру.
Трамп у канцы сустрэчы з Зяленскім сказаў, што «гэта будзе добрае тэлешоў». Завадская адзначае, што Трамп арыентуецца на амерыканскага выбарніка і шоў для іх, але наўрад ці ўсе выбарнікі, нават рэспубліканцы, падзяляюць ягоныя падыходы і стыль палітыкі. Зяленскі, магчыма, парушыў нейкія негалосныя пратаколы: са словаў тых, хто кантактаваў з Трампам, той вельмі беражліва адносіцца да сваёй маскуліннасці. Але і Трампу была толькі нагода, каб «рэалізаваць перфоманс Карабаса-Барабаса».
,,«Я думаю, многія са мной пагодзяцца, гэта было ўсё ж не для Крамлю, гэта было ўсё ж для ўнутранай публікі. Паўтару, ва ўяўленні самога Доналда Трампа», – лічыць Завадская.
Запланавана гэта было ці не, але сварка можа стаць у ЗША нагодай для палярызацыі вакол фігуры Зяленскага, дапускае Завадская. Але стаўленне да Зяленскага яшчэ да сваркі было з боку Трампа і Вэнса правакацыйным – «ніхто б такога трываць не стаў». Паводзіны Зяленскага па выніку яна лічыць адэкватнымі, бо ціск на Зяленскага пачаўся з боку ЗША яшчэ даўно. Але сітуацыю яна не бачыць сапсаванай непаўротна: у бліжэйшыя дні ці нават часы можна будзе назіраць, як мяняецца сітуацыя, а Трамп ужо мяняў свае выказванні пра Зяленскага.
Былы дарадца прадстаўніцтва Расеі пры Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Жэневе Барыс Бондараў лічыць, што сварка паказала: з боку Трампа няма ніякай павагі да Украіны. Калі Трамп і Зяленскі толькі паціснулі рукі, Трамп пакпіў з таго, як Зяленскі апрануты: не ў афіцыйны строй, а ў звычайнае адзенне. На прэс-канферэнцыі карэспандэнт ультраправага выдання «Real America's Voice» пытаў Зяленскага, чаму той прыехаў не ў афіцыйным строі – маўляў, «у многіх амерыканцаў ёсць праблема з тым, што вы не паважаеце годнасць Офісу». Бондараў жа нагадвае: калі ў час Другой сусветнай вайны Ўінстан Чэрчыл прыязджаў у Белы дом, ніхто не абураўся тым, што брытанскі прэм’ер носіць ваенны строй.
,,«Гэта проста падкоп супраць таго Зяленскага, каб выкаціць на яго крыўду за тое, што з Пуціным не выходзіць ніякай угоды, што ўгода гэтая ўся адкладваецца», – упэўнены Бондараў.
Калі б Зяленскі прамаўчаў у адказ на рэплікі Трампа і Вэнса, ці магла б сітуацыя скласціся інакш? Бондараў перакананы, што амерыканскі бок хацеў менавіта такога выніку: прамаўчаў бы на адно, выкацілі б яшчэ нешта абсурднае, сталі б «выкручваць рукі». На думку суразмоўцы, сэнс у тым, што Трамп не можа справіцца з Пуціным, таму будзе «таптацца» па Зяленскім, які слабейшы і ў залежным стане. Да Пуціна, адзначае Бондараў, на той сустрэчы не выказвалі прэтэнзіяў. Да паводзінаў Зяленскага могуць быць розныя пытанні, але ён паводзіў сябе годна і не стаў «прагінацца».
Еўрапейцы могуць саспець да таго, каб «існаваць у выглядзе самастойнага суб’екту ў сусветнай палітыцы, а не быць скопішчам людзей, якія хаваюцца за дарослага – за ЗША», верыць Бондараў. Калі даспеюць, змогуць дапамагчы Украіне. Але калі падтрымка абмяжуецца толькі твітамі, будзе сумна.
Алесь Наваборскі belsat.eu