2 сакавіка ў Лондане прайшоў саміт з удзелам лідараў еўрапейскіх дзяржаў. У саміце ўзяў удзел Уладзімір Зяленскі, які прыляцеў у Вялікую Брытанію з Вашынгтону адразу пасля няўдалых перамоваў з Доналдам Трампам. Расказваем, што папярэднічала саміту і якія заявы зрабілі еўрапейскія лідары пасля яго завяршэння.
Удзельнікі
На саміце прысутнічалі генеральны сакратар NATO Марк Рутэ, прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, а таксама лідары еўрапейскіх краін: прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Кіт Стармер, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн, прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні, прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, прэм’ер-міністры Чэхіі, Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Фінляндыі, Іспаніі, міністр замежных спраў Турэччыны Хакан Фідан, выканаўца абавязкаў прэзідэнта Румыніі.
Адметна, што лідары краінаў Балтыі не былі запрошаныя на саміт, у сувязі з чым Латвія, Літва і Эстонія выказалі сваю незадаволенасць.
Заявы напярэдадні
Перад самітам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з прэм’ер-міністркай Італіі Джорджай Мэлёні. Падчас сустрэчы бакі абмяркоўвалі сумесны план дзеянняў дзеля заканчэння вайны праз справядлівы і ўстойлівы мір.
,,«Ніхто не зацікаўлены ў працягванні і хуткім вяртанні вайны, акрамя Пуціна, таму важна захоўваць адзінства вакол Украіны і ўмацоўваць пазіцыі нашай дзяржавы ва ўзаемадзеянні з саюзнікамі – краінамі Еўропы і ЗША», – падкрэсліў Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы.
Перад самітам прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер заявіў, што Лондан, Парыж і, верагодна, яшчэ некалькі краін разам з Украінай працуюць над планам спынення вайны, які пасля абмяркуюць з ЗША. Стармер вылучыў тры ключавыя элементы трывалага міру: моцная пазіцыя Кіева, еўрапейскія гарантыі бяспекі і падтрыманне з боку ЗША.
Стармер падкрэсліў, што вельмі істотна пазбегнуць угоды, якая можа разваліцца, што асабліва турбуе Уладзіміра Зяленскага. Пры гэтым прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі рэзка адказаў на прапановы некаторых палітыкаў адмяніць афіцыйны візіт амерыканскага прэзідэнта Доналда Трампа ў Вялікую Брытанію на фоне спрэчкі, якая адбылася паміж ім і Уладзімірам Зяленскім у Авальнай зале Белага дому. Паводле брытанскага прэм'ера, гэта можа ўзмацніць рознагалоссі ў той час, калі Еўропа перажывае «момант сапраўднай крохкасці».
Перад пачаткам саміту кіраўнік NATO Марк Рутэ напісаў у сацыяльнай сетцы X, што настроены «вельмі пазітыўна». Ён таксама вылучыў тры ключавыя моманты, першы з якіх заключаўся ў тым, што «ўсім у Еўропе прыйдзецца прыкласці больш намаганняў» для падтрымкі Украіны.
«Мы ўсе хочам мірнага пагаднення, і яно павінна быць доўгатэрміновым», – напісаў Рутэ, дадаўшы, што Еўропа «сапраўды актывізавалася». Кіраўнік NATO таксама адзначыў, што «каб захаваць сілу NATO, Еўропа павялічыць выдаткі на абарону».

Што вырашылі
Адразу па заканчэнні саміту прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на верталёце адправіўся на сустрэчу з каралём Вялікай Брытаніі Чарльзам ІІІ.
Урсула фон дэр Ляен ахарактарызавала саміт еўрапейскіх лідараў у Лондане як «добрую і адкрытую дыскусію». Паводле яе, лідары абмеркавалі неабходнасць комплексных гарантый бяспекі для Кіева, уключаючы наданне Украіне моцнай пазіцыі і сродкаў для «ўмацавання і абароны», гэта тычыцца як эканамічнага выжывання, так і ваеннай устойлівасці Украіны.
Фон дэр Ляен заявіла, што «мы павінны ўзмацніць абарону… зрабіць вялікі крок наперад», пры гэтым прэзідэнтка Еўракамісіі дадала, што неабходны ясны план з боку Еўрапейскага звязу і агульнаеўрапейскі падыход.
«Цяпер нам надзвычай важна павялічыць выдаткі, важна падрыхтавацца да горшага», – сказала яна.
Таксама яна звярнулася з Лондана да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, сказаўшы: «Мы гатовыя разам з вамі абараняць дэмакратыю, абараняць прынцып вярхавенства закона, паводле якога нельга ўварвацца да суседа або сіламі змяняць мяжы. У нашых агульных інтарэсах перадухіліць будучыя войны», – дадала яна.
Па выніках саміту прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер заявіў, што Вялікая Брытанія, Францыя і «іншыя краіны» будуць супрацоўнічаць з Украінай над планам, накіраваным на спыненне вайны. Ён адзначыў, што гэты план будзе абмеркаваны з Амерыкай і будзе прасоўвацца далей. Стармер падкрэсліў, што Украіну трэба паставіць у наймацнейшую пазіцыю перад будучымі мірнымі перамовамі.
,,«Мы адправім кантынгент ва Украіну, каб абараніць выкананне мірнай дамовы», – дадаў ён. Прэм'ер таксама паведаміў, што дапамога будзе ўзмоцнена неадкладна, уключаючы самалёты ў паветры і салдат на зямлі, але падкрэсліў, што гэтыя намаганні павінны быць падтрыманы з боку ЗША.
Паводле Стармера, будзе створана «кааліцыя ахвочых», каб абараніць Украіну і гарантаваць ёй мір. У гэтую кааліцыю ўваходзіць шэраг краін, якія заявілі, што хочуць быць часткай плана па забеспячэнні міру ва Украіне. Пры гэтым брытанскі прэм’ер дапусціў, што не ўсе еўрапейскія краіны пагодзяцца далучыцца да такой кааліцыі, і адзначыў, што прымае іхную пазіцыю.
Кір Стармер таксама заявіў, што Еўразвяз не будзе прызнаваць дамоўленасці, падобныя да Менскіх пагадненняў. Ён паведаміў, што Украіна атрымае крэдыт ад Вялікай Брытаніі ў памеры 1,6 мільярда фунтаў стэрлінгаў на закупку 5 тысячаў зенітных ракет.
Прэм'ер-міністр таксама абвясціў, што хутка адбудзецца новая сустрэча з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам па пытанні мірнага плана для Украіны. «Хачу быць ясным. Цяпер нам трэба супрацоўнічаць з Амерыкай. Мы дамовіліся, што вельмі хутка сустрэнемся з амерыканскім прэзідэнтам, каб супрацоўнічаць да таго часу, пакуль не будзе агульнага плана. Гэта не час для пустых размоў. Гэта час, каб аб'яднацца для доўгатэрміновага міру», – адзначыў Стармер.
Таксама прэм’ер Вялікай Брытаніі падкрэсліў, што будучая мірная ўгода павінна ўключаць Расею, але тая не павінна дыктаваць умовы.
Свае заявы зрабілі таксама лідары іншых краін.
,,«Еўропа прачнулася і зараз у адзін голас кажа аб падтрымцы Украіны, неабходнасці цеснага трансатлантычнага супрацоўніцтва і ўмацавання ўсходняй мяжы ЕЗ», – напісаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск пасля саміту ў сваім акаўнце «Х».
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ пасля завяршэння саміту заявіў, што пагаднення для Украіны яшчэ няма, але «мы павінны падрыхтавацца да гэтага моманту і пераканацца, што еўрапейскія краіны гатовы дапамагчы з гарантыямі бяспекі». Паводле яго словаў, гэта азначае, што «еўрапейцы будуць актыўныя ва Украіне», каб гарантаваць доўгатэрміновы мір.
Нямецкі канцлер Оляф Шольц адзначыў, што адным з фокусаў для саюзнікаў будзе забеспячэнне таго, каб Украіна мела моцную армію, каб у выпадку заканчэння вайны мець магчымасць абараняць сябе ад любой будучай агрэсіі.
Раман Шавель belsat.eu