Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін адправіўся з першым у гісторыі афіцыйным візітам у Пакістан. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.
У рамках візіту Віктар Хрэнін правядзе шэраг сустрэчаў і перамоваў з прадстаўнікамі вайсковага і палітычнага кіраўніцтва краіны.
,,«Плануецца, што правядзенне візіту дасць магчымасць не толькі надаць імпульс рэалізацыі двухбаковых праектаў у вайсковай сферы, але і будзе спрыяць развіццю супрацы ў гандлёва-эканамічнай сферы з улікам асаблівай ролі арміі ў грамадстве і эканоміцы Пакістану», – заявілі ў Мінабароны Беларусі.
Візіт у Пакістан адбываецца неўзабаве пасля чарговага вайсковага абвастрэння ў стасунках гэтай краіны з суседняй Індыяй. Перад тым, у красавіку, Менск і Ісламабад падпісалі пагадненне аб вайсковай супрацы паміж абароннымі ведамствамі. Яно датычыць рыхтавання вайскоўцаў, міратворчых місіяў, вайсковай медыцыны, навучання мовам ды іншага.
Таксама Аляксандр Лукашэнка справакаваў вялікую незадаволенасць у беларускага грамадства пасля таго, як паабяцаў прывезці ў Беларусь 150 тысячаў пакістанскіх працоўных мігрантаў на замену тым беларусам, якія з'ехалі праз ягоную палітыку.
Прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў у каментары «Белсату» выказваў думку, што Лукашэнка гэткім чынам «плануе рабіць нейкія зброевыя прадпрыемствы, напрыклад, у вытворчасці беспілотнікаў, што-небудзь такое, дзе непажаданае вока беларуса».
Якуб Хруст belsat.eu