Базавы набор сродкаў асабістай гігіены і бытавой хіміі ў Беларусі і Польшчы каштуе амаль аднолькава, але беларусы на свой заробак могуць дазволіць сабе нашмат менш. «Белсат» параўнаў цэны ў сетцы «Остров чистоты и вкуса» ў Беларусі – і ў сетцы «Rossmann» у Польшчы. Расказваем, што ў нас выйшла.
Мы выбралі 14 асноўных тавараў, патрэбныя ўдома, ад зубной шчоткі да капсулаў для мыцця. Яны аднолькавыя паводле апісання і фасавання ў Беларусі і Польшчы, аднак могуць быць розныя краіны-вытворцы. Цэны прыводзяцца рэгулярныя, то бок без уліку зніжак. Атрымалася, што нейкія тавары каштуюць менш у Польшчы, напрыклад, брытвы. Ёсць і такія, што таннейшыя ў Беларусі – гэта лак для валасоў або крэм для цела:
Калі цэны ў Польшчы перавесці са злотых у беларускія рублі паводле курсу Нацбанку Беларусі (0,80528 беларускіх рубля за адзін злоты 28 траўня), то атрымаецца, што поўны набор пералічаных тавараў у Польшчы каштуе 276,49 рубля, а ў Беларусі – 263,15 рубля. То бок у Польшчы наш набор даражэйшы на 13,34 рубля.
Пры гэтым палякі на свой заробак могуць дазволіць сабе купіць больш, чым беларусы. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі сярэдні намінальны налічаны заробак, то бок заробак да адлічэння падаткаў, у красавіку склаў 2613,5 рубля. Калі не ўлічваць, што сума на рукі выходзіць меншая пасля адлічэння падаткаў, то на гэтую суму выйшла б амаль 10 набораў.
Сярэдні заробак у Польшчы да адлічэння падаткаў у красавіку склаў 9045,11 злотага. Улічваючы, што ў Польшчы абраны намі набор каштуе 343,36 злотага, то на суму сярэдняга заробка да адлічэння падаткаў атрымалася б купіць крыху больш за 26 названых набораў.
А што з асартыментам?

Беларусы, з якімі пагутарыў «Белсат», распавялі, што агулам праблемаў з бытавой хіміяй і касметыкай у Беларусі няма.
«Я заўсёды карыстаюся пэўным наборам, купляю адно і тое ж, таму цяжка казаць пра ўсё. Але ў цэлым мне ўсяго стае», – дзеліцца адна суразмоўца.
Іншая асоба распавядае «Белсату», што заўважае ў крамах больш прадукцыі беларускага брэнду «Беліта». Ёсць хіба што праблемы з лакамі для валасоў – зніклі або цяжка знайсці некаторыя імпартныя тавары. Суразмоўца распавядае, што чамусьці стала амаль немагчыма знайсці падгузнікі фірмы «Pampers». Магчыма, гэта часовыя праблемы канкрэтнага рэгіёну, бо ў інтэрнэт-крамах прапануюцца розныя віды гэтых падгузнікаў.
,,«Усяго шмат. Толькі смешна, што назва пральнага парашка “Persil” напісана расейскімі літарамі. І ён не пеніцца. Дзе ён рассыпаецца?», – кажа суразмоўца.
У сацсетках беларусы дзеляцца аглядамі з крамаў бытавой хіміі, і звычайна водгукі станоўчыя. Людзі рэкамендуюць любімыя прадукты і адзначаюць вялікі асартымент тавараў. Ёсць і агляды з крытыкай асобных прадуктаў. Напрыклад, адна дзяўчына купіла воск для броваў, а аказалася, што ён крышталізаваўся.
Больш не толькі «Беліты», але і расейскага
Увесну 2024 года Беларусь увяла контрсанкцыі у дачыненні да Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі, у тым ліку на некаторыя гігіенічныя сродкі і бытавую хімію. Тады даступнасць некаторых еўрапейскіх тавараў для беларусаў апынулася пад пагрозай, напрыклад, зубной пасты, дэзадарантаў, складаў для ваннаў, мыла і іншых сродкаў.
Падобна, што цяпер на іх месца нават пад аднымі і тымі ж маркамі прыйшлі тавары з Расеі. Гэта можа растлумачыць напісанне пральнага парашка «Персіл» расейскімі літарамі.
На пачатку мы адзначалі, што вытворцы аднолькавых тавараў, якія прадаюцца ў Беларусі і ў Польшчы, могуць адрознівацца. Напрыклад, мы заўважылі, што мыйны сродак «FAIRY» і гігіенічныя пракладкі «Bella for Teens Ultra Sensitive», якія можна купіць у Беларусі, зробленыя ў Расеі. Тыя ж пазіцыі ў Польшчы еўрапейскай вытворчасці.
Арсен Рудэнка belsat.eu